100 гадоў таму быў заключаны Рыжскі мір

Культура

Як нас дзялілі…

100 гадоў таму, 18 сакавіка 1921 года, быў заключаны Рыжскі мір, па якім заходняя частка Беларусі адышла да Польшчы, а ўсходняя – да Расіі.

Пасля падпісання Леніным дэкрэта, згодна з якім адмяняліся ўсе дамовы Расійскай імперыі аб падзелах Рэчы Паспалітай, Польшча нарэшце адносна мірна атрымала незалежнасць. Але неўзабаве аказалася, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі абодвух бакоў несумяшчальныя. Палякі імкнуліся аднавіць Рэч Паспалітую, а бальшавікі імкнуліся вярнуць кантроль над былымі тэрыторыямі Расійскай імперыі і саветызаваць іх.

Палякі на пазіцыях падчас бітвы на Нёмане (кастрычнік 1920)

Вынікам гэтых спрэчак стала савецка-польская вайна 1919-1921 гадоў, якая зноў прайшлася па нашай краіне. Поспех на працягу двух гадоў спадарожнічаў то палякам, якія даходзілі да Бярэзіны і Заходняй Дзвіны, то бальшавікам, якія практычна абклалі Варшаву. Але калі стала зразумела, што ні адна з краін не можа дамагчыся рашучага пералому ў вайне, праціўнікі сабраліся на мірныя перамовы ў Мінску, а праз пэўны час – у Рызе, дзе ў кастрычніку 1920 года было складзена перамір’е, баявыя дзеянні спыняліся, а а Беларусь на карце пачалі “рэзаць на кавалкі”.

Мяжа 1793-1921

Савецкая дэлегацыя настойвала на мяжы па «лініі Керзона», якую прапанаваў англійскі міністр замежных спраў лорд Керзон (пасля Другой сусветнай вайны мяжа паміж СССР і Польшчай прайшла прыкладна па гэтай лініі). Палякі ж першапачаткова прэтэндавалі на Віленскую, Гродзенскую і частку Мінскай губерні і па лініі «нямецкіх акопаў»: Даўгаўпілс — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск.

Мяжа паміж краінамі па выніках дагавора

У саміх жа жыхароў Беларусі, да якой краіны яны жадаюць адносіцца, запытацца неяк забыліся. Нават перамовы ў Рызе прайшлі без удзелу беларусаў: не было ні камуністаў з БССР, ні дэлегацыі ад Беларускай Народнай Рэспублікі. Супраць іх прысутнасці выступілі як палякі, так і бальшавікі, якім быў нявыгадны ўдзел этнічных беларусаў у перамовах.

Рыжскі мірны дагавор быў падпісаны 18 сакавіка 1921-га года. Па ім Польшча і РСФСР прызналі незалежнасць Украіны і Беларусі. Але значная частка тэрыторыі гэтых рэспублік адышла да Польшчы. Былыя краіны-супраціўнікі адмаўляліся ад усялякіх прэтэнзій на землі, якія страцілі. Яны абавязваліся не весці варожай дзейнасці ў дачыненні адзін да аднаго, устрымлівацца ад усялякага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, а таксама гарантавалі нацыянальным меншасцям усе правы, якія забяспечваюць свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў. Аднак на самай справе, што заходнія, што ўсходнія беларусы, як звычайна, нічога не выйгралі.

Салдаты Войска Польскага ля першых памежных слупоў. (Вясна 1921 года)

І Польшча, і Савецкая Расія сістэматычна парушалі мірны дагавор. СССР падтрымліваў партызанскі рух у Заходняй Беларусі, спанcаваў прасавецкія арганізацыі, а Польшча не забяспечвала беларусам свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў. Канешне, некаторыя плюсы былі, так, напрыклад: жыхары Усходняй Беларусі змаглі скарыстацца пладамі беларусізацыі – вучыцца па-беларуску, чытаць кнігі на роднай мове, аднак затым наступіў час калектывізацыі, масавых рэпрэсій, русіфікацыі, а таксама адсутнасці свабоды ў перамяшчэнні. Жыхары Заходняй Беларусі сутыкнуліся з паланізацыяй у культуры і адукацыі, яны не былі прадстаўлены ў органах улады, але пры гэтым захавалі асабістую свабоду і маглі з’ехаць з краіны.

Польскі плакат

Вось так, амаль 20 гадоў Беларусь была падзелена і развівалася ў розных умовах, а потым толькі зноў аб’яднаўшыся ў адну рэспубліку, зноў апынулася пад уладай акупантаў.

Савецкі плакат

Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах інтэрнет-крыніц.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *