Слаўны юбілей – 95-ы год нараджэння адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны

Общество

 

Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі. У гэты святочны дзень юбіляр сустракаў гасцей у добрым настроі і з удзячнасцю, што на Ашмяншчыне яго памятаюць і паважаюць. Шчырыя віншаванні і падарункі мужчына прымаў ад райсавета ветэранаў, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама.

Дваццаць пятым лютаўскім днём утульны дом, дзе жыве ветэран, поўніўся шматлікімі гасцямі. Цёплыя віншаванні і словы падзякі Станіслаў Юльянавіч прымаў ад сваіх родных і блізкіх, ад людзей, якія паважаюць і цэняць яго як чалавека справядлівага і мудрага. Аднымі з першых Станіслава Бралкоўскага павіншавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Галіна Яшына і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай. Затым  ў госці да юбіляра завіталі дырэктар ТЦСАН Ашмянскага раёна Лілія Невяркевіч, яе намеснік Алена Венгерава, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Аксана Бітэль і валанцёр Ганна Грышан.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Станіслаў Юльянавіч трымаецца ў выдатным настроі і па жыцці крочыць з усмешкай. Сціплы і ў той жа час тактоўны мужчына, не дазволіў сабе нават прысесці, а, абапіраючыюся на кіёк, слухаў шчырыя пажаданні. Тым больш, што павіншаваць ветэрана і выказаць яму словы падзякі за жыццё пад мірным небам прыйшлі адны жанчыны. Вось што значыць баявая загартоўка, а яшчэ – падтрымка, любоў і клопат блізкіх людзей.

Станіслаў Бралкоўскі з падзякай прымаў падарункі, жартаваў і расказваў пра сваё жыццё, абмінаючы падзеі ваеннага ліхалецця. Але як бы ні стараўся забыцца ветэран, памяць ўсё роўна вяртала да падзей тых страшных часоў, калі ён юнаком абараняў Айчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Малады васямнаццацігадовы юнак тады не ведаў страху ў цяжкіх баях, а цяпер, расказваючы аб далёкіх падзеях, разумее, што цудам застаўся жывым. Станіслава Бралкоўскага прызвалі ў польскае войска напрыканцы вайны, аднак  полк,  у якім служыў Бралкоўскі, прымаў удзел у баях на рацэ Одэр, на мяжы Польшчы і Германіі. Зараз яго святочны пінжак упрыгожваюць медаль  «За адвагу», а таксама ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медаль Жукава.

Сёння мужчыне не адмовіш у цвярозасці розуму і добрай памяці. Станіслаў Бралкоўскі выдатна памятае мінулыя гады  да дробязей і дзеліцца ўспамінамі, якія назаўжды запалі ў душу. А вочы мужчыны ў гэтыя моманты засцілае смутак і слёзы, ён быццам зноў перажывае цяжкія часы ваеннага ліхалецця.

Прайшоўшы цяжкімі дарогамі вайны, Станіслаў Юльянавіч пражыў доўгае жыццё. Вось толькі яго рукі і стрыманы позірк сведчаць аб тым, якое няпростае яно было ў гэтага вясковага мужчыны. Жыццёвы шлях прайшоў у сумленнай працы на карысць роднай краіны — мужчына пяцьдзясят два гады аддаў працы ў гаспадарцы. За гэты час, будуючы па цаглінцы свой лёс, Станіслаў Бралкоўскі як мог абараняўся ад цяжкіх успамінаў пра вайну і пасляваенную разруху, а проста дарыў любоў сваім дзецям, унукам і праўнукам…

У гэту цудоўную 95-ю зіму Станіслава Бралкоўскага прагучыць яшчэ шмат цёплых слоў у адрас юбіляра, дзясяткі пажаданняў здароўя і даўгалецця.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *