Загаўліны адзначылі ў Кальчунах

Культура

 

Апошні вечар перад пачаткам Вялікага  посту называюць у Кальчунах “тлустым аўторкам” і  традыцыйна збіраюцца разам, каб прыняць удзел у тэатралізаваным свяце “Загаўліны”.

На Ашмяншчыне кожны  жыхар ведае, што “загаўліны” – ад слова “загаўляцца”, гэта значыць наесціся сытна тлустай мясной ежы перад постам. У аграгарадку Кальчуны і каталіцкія, і традыцыйныя беларускія народныя святы праводзяцца разам: дружна, шчодра і весела.

Свята пачалося на вуліцах аграгарадка. Тэатралізаванае шэсце з лялькай-пудзілам,  пераапранутымі артыстамі і музыкантамі, запрэжаным у сані канём запрасіла жыхароў далучыцца да агульных вячорак. На вуліцу з хат выходзілі мясцовыя жыхары і выносілі старыя рэчы, клалі ў сані, каб пасля спаліць іх   на вогнішчы. Спадніцу  лялькі-пудзіла кожны ўдзельнік свята імкнуўся парваць на шматкі.  Людзі ведаюць, што шматок спадніцы належыць закапаць у зямлю на сваім агародзе з надзеяй і блаславеннем на будучы багаты ўраджай. Пад музыку і карагод абрад спальвання старых рэчаў плаўна перайшоў у канцэртную праграмму народнага ансамбля “Крыніцы”.

З вуліцы свята перанеслася ў залу мясцовага цэнтра культуры. Гаспадар з гаспадыняй запрашалі прысутных паспрабаваць прысмакаў. Тут былі і традыцыйныя ласункі, і новыя. Пачэснае месца на стале займалі стравы з бульбы, мяса, грыбоў. Красаваліся румяныя аладкі, печыва.

На “прабачальную бяседу” прыйшлі і пажылыя людзі, і моладзь. Жанчыны прыцягнулі   драўляную калодку.  Кажуць, на загаўліны без яе ніяк.  Яе спрытна ўпрыгожылі рознакаляровымі стужкамі і ўручылі ў якасці падарунка жанчыне, дзеці якой яшчэ не пабраліся шлюбам. Прысутнаму на вячорках нежанатаму маладому чалавеку  драўляную калодку  прывязалі да нагі, а той павінен быў адкупіцца грашыма або песняй. Падарылі  драўляную калодку, як напамін аб тым, што у гэтым годзе належыць абавязкова пабрацца шлюбам, і маладой незамужняй дзяўчыне. Суправаджалася ўсё гумарам, музыкай і танцамі.

Жанчыны з вялікім стажам сямейнага жыцця ўрачыста прынялі ў сваё жаноцкае кола маладзіцу, якая ў мясаед  выйшла замуж, і яе сямейны стаж налічвае толькі  некалькі месяцаў.

Да кальчунцаў на свята завіталі суседзі — народны гурт “Польскае рэха Астраўца”. Канцэртная праграма пакінула прыемнае ўражанне. З добрым настроем, смачнымі пачастункамі, загавеўшыся, удзельнікі “тлустых вячорак” будуць сем тыдняў шчыра посціцца.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *