Аляксей Лукашэвіч: «Ёсць родная зямля – Беларусь, і ёсць родная мова – беларуская!»

Культура

 

Ашмянец Аляксей Лукашэвіч зараз жыве і працуе ў Маскве. Да гэтага куды толькі лёс яго не закідваў — Польшча, Украіна, Літва, —  аднак, як ён расказвае, заўсёды адчуваў сябе беларусам і не губляў сувязі з радзімай. Сёння, знаходзячыся за сотні кіламетраў ад Ашмян, Аляксей арганізоўвае сустрэчы землякоў-аднадумцаў у Маскве. Напярэдадні Дня роднай мовы мы пагаварылі з мужчынам пра гэтыя сустрэчы, а таксама папрасілі паразважаць пра родную мову, пачуццё патрыятызму на адлегласці ад Радзімы і яшчэ закранулі некалькі цікавых момантаў з жыцця беларуса Масквы.

Аляксей скончыў сярэднюю школу № 1 у Ашмянах, якая зараз носіць імя Міхаіла Гружэўскага, і, паступіўшы ў вышэйшую навучальную ўстанову, на ёй адукацыйны працэс не спыніў.

— Чытаючы пра цябе ў сацсетках, зразумела, што ты вучыўся не ў адной вышэйшай навучальнай установе, і гэта было нават у розных краінах. Чаму не спыніўся на адной адукацыі, і што ты шукаў у кожнай ВНУ?

— Падчас навучання ў Полацкім дзяржаўным універсітэце я шмат чуў, што адукацыя ў заходніх краінах адрозніваецца ад нашай падыходам да вучобы, адносінамі паміж выкладчыкамі і студэнтамі. Беларусь вяла перамовы па ўступленні ў Балонскі працэс (працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі), нам распавядалі, як вучацца там студэнты, таму захацелася на сабе адчуць, што такое “замежная адукацыя”.

Да таго ж ва ўніверсітэце я быў даволі актыўным удзельнікам студэнцкага руху, і мяне, як актывіста, запрашалі на студэнцкія трэнінгі ў Вільнюс, Кіеў, Варшаву,  Браціславу і іншыя гарады.  Было цікава павучыцца, але трэнінгі былі вельмі кароткія. Захацелася знайсці штосьці больш грунтоўнае і сур’ёзнае. Калі пачаў шукаць, знайшоў дзве праграмы, якія мяне зацікавілі,  —  курс паліталогіі Варшаўскага ўніверсітэта і курс адміністрацыйнага кіравання Вышэйшай школы публічнай адміністрацыі ў Беластоку. Падаў дакументы і паступіў у дзве ўстановы, дзе і вучыўся паралельна на працягу паўтара года.

Спачатку было цяжка — шмат свабоды: ты сам выбіраеш частку дысцыплінаў, няма практычных заняткаў, і шмат часу для самастойнай вучобы, які ты спачатку не можаш правільна распланаваць. Выкладчык не чытае са сшытка ці падручніка, а дзеліцца досведам па тэме і вельмі чакае пытанняў ад студэнтаў. Не раз было такое, калі выкладчыкі казалі: “Штосьці ў аўдыторыі сумнавата”, і мы працягвалі заняткі ў кафэ ці парку.

— Ты жыў у Беларусі, Польшчы, Украіне, зараз – у Расіі  (я нічога не ўпусціла?), а ці заўсёды адчуваў сябе беларусам?

— Канешне! Я бачыў, як гуртуюцца студэнты з розных краін падчас вучобы ў Польшчы, як дапамагаюць адзін аднаму. Бачыў, з якім гонарам студэнты кажуць, адкуль яны. Аднак не ўсе: нехта з Беларусі казаў, што з Расіі, хтосьці, бывала, прадстаўляўся палякам. Для мяне было дзіўным такое чуць. Як так? Ёсць краіна, дзе ты нарадзіўся, вырас! У мяне ніколі не было праблем з самаідэнтыфікацыяй.

Дзяцінства Аляксея прыйшлося на час фарміравання Беларусі як новай, незалежнай дзяржавы. Бацькі працавалі ў сферы культуры, у Будзёнаўскім СДК.  Тады ішло культурнае адраджэнне: абрады, народныя святы – усё гэта ставілася на сцэне клуба. У гэтых выступленнях — дзесьці самастойна, а дзесьці з падачы бацькоў хлопчык прымаў удзел. Зараз ён расказвае, што гэта значна паўплывала на яго асабістыя якасці як беларуса.

— Хто заклаў у тваёй свядомасці беларускасць, любоў да традыцый, мовы?

— Перш за ўсё — бацькі. Свой адбітак наклаў і час, праведзены кожным летам у бабулі. Яна жыла ў Докшыцкім раёне, дзе амаль чысцюткая беларуская мова. Ну і, канешне, класны кіраўнік, Ірына Іванаўна Матусевіч, якая выкладала нам беларускую мову і літаратуру. Без яе фарміраванне мяне як чалавека і беларуса не было б поўным. З пятага да адзінаццатага класа Ірына Іванаўна не толькі вучыла мове, але і вучыла нас аналітычна думаць. Ні адзін твор не заставаўся без аналізу і крытыкі, над якімі мы ламалі галаву (смяецца).

— Твой любімы твор беларускага аўтара?

— У мяне некалькі любімых: трылогія Алены Васілевіч пра дзяўчыну Ганьку, “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, канешне, творы Васіля Быкава. З сучаснага вельмі захапіла “Радзіва “Прудок”. Дзённік” Андруся Горвата. Тлумачыць чаму — цяжка, лепей прачытаць і знайсці штосьці сваё!

— У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, аднак роднай ты лічаш беларускую. Чаму?

— Для мяне гэта пытанне накшталт пытання “А чаму свеціць сонца?”. Ёсць родная зямля — Беларусь, і ёсць родная мова — беларуская!  Мне здаецца, разам з гімнам Беларусі кожны беларус мусіць вывучыць і памятаць словы нашага земляка Францішка Багушэвіча з прадмовы да «Дудкі беларускай»: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».

Вярнуўшыся пасля навучання на радзіму, Аляксей ладзіў невялікі бізнес, звязаны з перагонам машын праз мяжу, на той час — папулярны занятак у Ашмянах. Аднак з цягам часу такая праца пачала прыносіць менш даходу, малады чалавек зразумеў, што трэба рухацца далей, і прыняў рашэнне аб пераездзе ў Расію.

Жывучы ў Маскве, Аляксей пачаў гуртаваць каля сябе землякоў, арганізоўваючы так званыя “сустрэчы беларусаў Масквы” – людзей, якія нарадзіліся ў Беларусі, а зараз жывуць у Маскве ці Падмаскоўі.

— Што такое “сустрэчы беларусаў Масквы”, і з чаго ўсё пачалося?

— Пераехаўшы ў Маскву, ты становішся сам-насам з мегаполісам, дзе жыве і працуе паўтары Беларусі. Стандартная сітуацыя, калі пераязджаеш адзін. Сябры, родныя — усе застаюцца ў Беларусі. Мне пашанцавала — я прыехаў да Сяргея Супрановіча, з якім мы сябравалі з дзіцячага садка. Гэта ён паклікаў да сябе. Калі думаў, ехаць ці не, ягоныя словы “Ты ж нічым не рызыкуеш, паспрабуй, а я, калі што, падстрахую!”, сталі для мяне вызначальнымі. Але з часам стала не хапаць зносін, сябра шмат працаваў,  да таго ж было цікава знайсці беларусаў, якія тут жывуць.

Шукаць беларусаў пачаў у сацсетцы ВК. Там я знайшоў суполку, якая ў хуткім часе засталася без адміністравання. На месцы яе вырашыў стварыць сваю, дзе б публікаваліся навіны, была афіша выступаў беларускіх гуртоў у Маскве, а таксама арганізоўваліся сустрэчы. Калі суполка налічвала больш за сто чалавек, вырашыў арганізаваць сустрэчу землякоў — размесціў абвестку і пачаў чакаць.

На першую сустрэчу прыйшло тры чалавекі, і яшчэ пяць напісала, што не атрымалася па часе. Зразумеў, што цікавасць да сустрэчаў ёсць. І так паціху, разам з суполкай у ВК, пашыралася колькасць удзельнікаў сустрэч землякоў. Зараз сустрэчы ладзім кожныя два тыдні ў адным з кафэ ў цэнтры Масквы. Самай запамінальнай была восеньская сустрэча, калі мы вырашылі запрасіць на шашлыкі, – сабралася больш за сотню чалавек!

— Ці часта паміж удзельнікамі можна пачуць беларускую мову?

— У нас тут двухмоўе. Дзесьці трыццаць працэнтаў прыходзіць, каб пачуць ці папрактыкаваць беларускую мову.

— У чым праяўляецца развіццё “сустрэч”?

— Ужо сёння ў нашай суполцы ў ВК амаль што дзве тысячы ўдзельнікаў, больш за дзве тысячы землякоў — у чаце Тэлеграма. Праводзяцца сустрэчы, моўныя заняткі, летам — шашлыкі. Дапамагаем адзін аднаму знайсці працу, вырашаць тэхнічныя пытанні. Ёсць узаемадзеянне з афіцыйнай установай — Нацыянальнай культурнай аўтаноміяй “Беларусы Масквы”. Рухаемся далей.

Гутарыла Інга ГІЗ.

Фота з асабістага архіва Аляксея Лукашэвіча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *