«Было ўсё …». Успаміны воіна-афганца з Ашмянскага раёна

Общество

 

Для кагосьці Афганістан – гэта адна з кропак на карце свету, а для нашага земляка Генадзя Андрыеўскага – далёкая, чужая краіна, дзе ён правёў больш за два гады армейскай службы. Дваццаць восем месяцаў пад пякучым афганскім сонцам і столькі ж душных начэй пад чорным афганскім небам… З таго часу прайшло больш за тры дзясяткі гадоў, але ў мужчыны не атрымалася сцерці з памяці час, які прайшоў удалечыні ад родных людзей і бацькоўскага дома. Ён часта бачыць у снах твары баявых таварышаў, гарачыя жоўтыя пяскі, яркае сонца і схілы высокіх гор, зноў чуе галасы душманаў і гучныя выбухі снарадаў…

Свой шлях

Аб той вайне Генадзь Часлававіч гаварыць не любіць. Як і тысячы юнакоў, ён не звяртаў увагі на тое, што над галавой свісталі кулі душманаў і паліла гарачае сонца, а проста выконваў воінскі абавязак і заставаўся верным прысязе. Як і яго баявыя таварышы, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад роднага дому, марыў назаўсёды развітацца з краінай гор. Але тады ён не ведаў, што Афган будзе побач з ім заўсёды. Час не лечыць, а раны, пакінутыя на сэрцы, усё яшчэ баляць. Проста гэта памяць, памяць той вайны…

У жыхара вёскі Гароднікі Генадзя Андрыеўскага шлях у Афганістан пачаўся разам з прызывам у армію. Васямнаццацігадовы хлопец не мог нават уявіць, якія іспыты рыхтуе яму лёс і як ён зменіцца за гэтыя два гады. Яшчэ падчас прызыўных мерапрыемстваў у Ашмянскім ваенкамаце юнак убачыў запіс у ваенным білеце  “каманда 20а” і зразумеў, куды яго паклікала Радзіма. Тое, з чым прыйдзецца сутыкнуцца падчас службы, Генадзь Андрыеўскі ўбачыў у 1986 годзе ў вучэбным цэнтры ў Туркменіі, адкуль шлях ляжаў у самае сэрца гарачай кропкі. Пяць месяцаў навабранцы заўзята асвойвалі вайсковую прафесію на горнай мясцовасці.

Службу юнак праходзіў з 1986 па 1989 год у правінцыі Кундуз, якая расцягнулася на паўночным усходзе Афганістана. У зоне адказнасці 783-га разведвальнага батальёна быў небяспечны і напружаны кірунак, дзе праходзілі караваны маджахедаў, якія перапраўлялі з Пакістана ў паўднёвыя правінцыі Афганістана зброю і боепрыпасы. Такія караваны моцна ахоўваліся, але загады на вайне не абмяркоўваюцца – батальёну даводзілася захопліваць гэтыя караваны, зачышчаць кішлакі і зялёную зону. З «вяртушак» яны дэсантаваліся ў горы і займалі баявыя пазіцыі, ад надзейнасці якіх і залежала жыццё простых салдат.

Смерць і горы

Удалечыні ад Радзімы час як быццам запавольвае свой бег і кожны дзень становіцца падобным на цэлае жыццё. Жыццё працягласцю ў адно баявое заданне. Жыццё, у якім кожны дзень адчуваеш боль і ў думках развітваешся з вернымі таварышамі. Смерць пільнавала Генадзя Андрыеўскага на кожным выступе афганскіх гор, ён не раз трапляў пад абстрэл і не раз бачыў, як смерць забірала яго таварышаў… Свісталі кулі над галавой, побач узрываліся міны і гранаты, а пастаўленае заданне трэба было выканаць любой цаной, нягледзячы на страты і, здавалася б, бязвыхаднае становішча. Яму не сорамна прызнацца, што страх не пакідаў яго ні на хвіліну…

— Было жахлівае пачуццё, калі побач хто-небудзь гінуў, — дзеліцца наш зямляк. — Здаецца, ну ўсё — наступная куля дакладна мая. Няма чаго ўтойваць — усе так думалі. Наш батальён часта трапляў у моцную мясарубку, з якой выбіраліся, на жаль, не ўсе.

Але як бы цяжка ні было, ніхто з салдат не паказваў баязлівасць і адчай, і гэта вельмі падтрымлівала і ўзмацняла баявы дух.

Падчас нашай размовы некалькі разоў гучала фраза «Было ўсё …», пасля якой наступала цішыня… Амаль пасля кожнага сказа мужчына ўдыхаў больш паветра ў лёгкія, каб стрымаць слёзы.

— Цяжка было прызвычаіцца да пастаяннай небяспекі і зменлівага высакагорнага клімату – дзённай спякоты, калі слупок тэрмометра зашкальваў, уедлівага пылу і рэзкай начной прахалоды, — расказвае Генадзь Андрыеўскі. — Цяжка было прывыкнуць і да саміх гор. Першыя пад’ёмы з трыццацікілаграмовым заплечнікам, аўтаматам і боепрыпасамі — гэта было нешта жудаснае. На пачатку службы стараслужачыя забіралі ад нас рэчмяшкі і дапамагалі падымацца. Прысеўшы на доўгачаканым перавале, адчуваеш як доўга-доўга дрыжаць ад нагрузкі ногі. Праўда, ніхто не скардзіўся, кожным з нас кіраваў абавязак і ваенная дысцыпліна.

Але якімі б страшнымі ні былі падзеі той вайны, салдаты заўсёды стараліся знаходзіць нешта вясёлае ў вайсковай службе. Вечарамі спявалі песні пад гітару, збіраліся каля вогнішча і доўга размаўлялі або проста маўчалі і думалі аб чымсьці сваім. Гэта, па словах Генадзя Андрыеўскага, ратавала ў цяжкую хвіліну і адцягвала ад самотных думак.

Лісты дадому

Напярэдадні адпраўкі Генадзя ў войска сястра Валянціна працавала на станцыі Багданаў. Яна расказала, што  бачыла, як юнакі вярталіся дамоў з Афганістана. Маці тады адмахнулася і нагадала, што на двары 86-ы год і савецкія войскі адтуль ужо выводзяць, таму сын дакладна туды не трапіць. Але лёс распарадзіўся інакш…

Думкі пра дом, маці Ганну Іванаўну і бацьку Часлава Іосіфавіча, брата Станіслава і сястру Валянціну адначасова сагравалі, дапамагалі перажыць цяжкасці і ў той жа час узрушвалі. “Усё добра, жывы, здаровы, служба ідзе нармальна, не хвалюйцеся…” — амаль усё, што маглі прачытаць у лістах родныя.

Сын шкадаваў бацькоў і стараўся хаваць ад іх страшную праўду пра вайну ў Афганістане. Бацькі чыталі ў лістах аб тым, як арганізаваны салдацкі быт, аб таварышах і аб тым, як прыязджалі падымаць баявы дух воінаў-афганцаў Аляксандр Розенбаўм і Леў Лешчанка. Пісаў, як за тысячы кіламетраў ад дому сустрэў свайго знаёмага Юзіка Юралевіча, з якім разам вучыўся. У вучэбным цэнтры праходзіў ваенную падрыхтоўку з Эдуардам Кедам, а ў кабульскім шпіталі перад дэмабілізацыяй убачыўся з сябрам дзяцінства.

Але бацькоўскія сэрцы ўсё ж “чыталі” між радкоў і радаваліся, калі з-за тысяч кіламетраў вярталіся аркушы паперы з адказам…

Афганскае сяброўства

На чужыне, далёка ад дому вайскоўцы адчувалі сябе сям’ёй. Хапала рознага, але ведалі, што таварыш заўсёды прыкрые і не пакіне. Афганскае сяброўства вытрымала шмат выпрабаванняў. Генадзь Андрыеўскі і цяпер падтрымлівае сувязь з таварышамі 783-га разведвальнага батальёна.

Добрай традыцыяй сталі сустрэчы батальёна ў Кіеве на свята 9 Мая. Там на ваенных могілках пахаваны іх баявыя таварышы. На ўкраінскай зямлі знайшоў вечны прытулак і камандзір роты Алег Антоненка. Кожнае лета сям’ю Андрыеўскіх у госці чакае Сцяпан Башкоў з Адэсы. Са Сцяпанам яны разам з першага дня службы, прайшлі і вытрымалі ўсе нягоды афганскай вайны. Саслужыўцы часта ўспамінаюць армейскае юнацтва, прыгадваюць тых, каго забралі нябёсы…

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Генадзь Часлававіч сустракаецца з землякамі ў Ашмянах, каб ушанаваць памяць тых, хто застаўся на чужой зямлі.

Дарога на Радзіму

Вярнуцца на Ашмяншчыну Генадзь Часлававіч павінен быў у 1988 годзе, але камандаванне вырашыла не набіраць на службу моладзь, і салдатам, якія так чакалі білетаў дадому, прыйшлося затрымацца да вываду войскаў. 783-і разведвальны батальён апошнім выходзіў з Афганістана  15 лютага 1989 года.

— Гэта была вялікая і вельмі хвалюючая падзея, — дзеліцца Генадзь Андрыеўскі. — Была радасць ад таго, што мы ехалі дадому, і ў той жа час туга па тым жыцці, якое скончылася… З сябрамі мы развітваліся са слязьмі на вачах.

Больш за месяц перад дэмабілізацыяй у Генадзя Андрыеўскага не было магчымасці дасылаць лісты дадому, таму бацькі вельмі хваляваліся і нават хадзілі ў ваенкамат, каб даведацца, чаму сын не вяртаецца ў родную вёску. Было вельмі страшна, калі ў Афганістане загінуў  Эдуард Кеда, з якім Генадзь спасцігаў вайсковую справу ў вучэбцы. На яго пахаванне ездзілі і Андрыеўскія, але не прызналіся, што хваляваліся  пра тое, што наступным можа быць і іх сын.

У 1989 годзе Генадзя Андрыеўскага чакала доўгая дарога дамоў. Праз тыдзень пасля таго, як Генадзь Часлававіч адведаў сябра ў Ташкенце, яго самалёт прызямліўся ў Мінску. Бацькоўскі дом у Гародніках сустрэў цішынёй і спакоем. Юнак зазірнуў у пакой, дзе спала маці, нахіліўся і ціха прашаптаў: “Мама”, а яна ўскочыла з ложка і адразу страціла прытомнасць…

За мужнасць і воінскую адвагу, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане, Генадзь Андрыеўскі ўзнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі” і “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.

Мірнае жыццё адразу закружыла юнака ў віры падзей. Былы салдат праз два месяцы пасля вяртання з Афганістана ўладкаваўся на прадпрыемства меліярацыйных сістэм, затым у 1996 годзе перайшоў у аграпрамтэхніку, дзе працуе і цяпер. У Гародніках сустрэў будучую жонку Людмілу, дом якой месціўся праз дарогу ад бацькоўскага. Сёлета яны адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Напэўна, святочны стол яны накрыюць у вёсцы, якая іх аб’яднала і куды яны так часта любяць прыязджаць.

Іх сын Сяргей ужо даўно дарослы, але з дзяцінства часта распытвае бацьку аб Афганістане, знаходзіць кнігі і песні аб той вайне і яе героях, ездзіць разам на сустрэчы воінаў-афганцаў. Напярэдадні Дня памяці яны з сынам ізноў перагартаюць альбом з фотаздымкамі. Вось на старых, пажоўклых ад часу картках, салдат Андрыеўскі ў далёкім Афганістане. На здымках побач з ім — маладыя, статныя салдаты, твары якіх упрыгожваюць шчырыя ўсмешкі. Некаторыя з іх так і не вярнуліся дамоў, але памяць аб іх жыве ва ўспамінах, аповедах, а іх імёны рэхам разносяцца ў высокіх гарах Кандагара.

Кацярына РУДЗІК.

Фота з асабістага архіва Генадзя Андрыеўскага.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *