22 студзеня не стала Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч, нашай зямлячкі, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі

Общество

 

На гэтым тыдні прыляцела на заснежаную Ашмяншчыну сумная навіна – 22 студзеня не стала Валянціны Францаўны Гіруць — Русакевіч, нашай зямлячкі, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, нястомнага кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Валожынскага райцэнтра культуры, аўтара шасці кніг паэзіі.

Апошні раз мы бачыліся ў жніўні гэтага года, на традыцыйным свяце яе роднай вёскі Міхайлоўшчыны, якога Валянціна Францаўна старалася ніколі не прапускаць.

Тут, у гэтым маляўнічым куточку Ашмяншчыны, яна нарадзілася. І першыя творчыя крокі зрабіла менавіта на гэтай зямлі. Больш за пяцьдзясят гадоў таму раённая газета «Красное знамя» надрукавала яе першы верш. У раёнцы яна праходзіла практыку, калі была студэнткай факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля заканчэння БДУ Валянціна Францаўна працавала ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты «Працоўная слава», на раённым радыё, загадчыкам аддзела інфармацыі Валожынскага райвыканкама. На Валожыншчыне, якая стала для паэткі другой радзімай, склалася яе сямейнае шчасце. Лёс наканаваў ёй галоўную сустрэчу ў жыцці — сустрэчу з Рыгорам Мікалаевічам Русакевічам, падарыў двух сыноў і пяцёра ўнукаў.

Трэцім яе дзіцем, бясспрэчна, было літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”, якім яна кіравала з 2004 года. Яна згуртавала вакол сябе творцаў Валожыншчыны, дапамагала маладым талентам і пастаянна рупілася аб тым, каб выдаць зборнікі іх вершаў. Апошні з іх пабачыў свет напярэдадні навагодніх свят у выдавецтве “Чатыры чвэрці”. У кнізе “Ад каранёў да кроны. Творцы Валожыншчыны” прадстаўлена творчасць 36-ці валожынскіх паэтаў.

Мы часта ўспамінаем нашу сустрэчу на валожынскай зямлі, якая падарыла незабыўныя ўражанні, абмен думкамі і новыя творчыя стасункі. Паэты Ашмяншчыны былі ў захапленні ад таго спаткання, ад шчырасці і сардэчнасці нашай зямлячкі і яе шматграннага таленту. На памяць аб той сустрэчы нам засталіся яе зборнікі «Я адкрываю вам душу», «Пад зоркаю лёсу», «Мовай сэрца», «Каляровыя вятры».

Праз некаторы час мы шчыра радаваліся выхаду яе чарговай кнігі — «На нітцы часу», якую яна прэзентавала ў Ашмянскай раённай бібліятэцы. Яна вельмі любіла гэтыя сустрэчы з землякамі. Яны надавалі ёй духоўнай моцы і сілы, былі стымулам да новых творчых памкненняў.

З заўчасным адыходам Валянціны Францаўны Гіруць – Русакевіч асірацела міхайлоўшчынская зямля, з якой яна заўсёды размаўляла на мове свайго няўрымслівага сэрца:

Між зямель Валожынскай і Іўеўскай

Ёсць куток, які заўжды прытуліць,

Што мне стаў вытокам і калыскаю —

Вёска Міхайлоўшчына-матуля.

Чарговая сустрэча аднавяскоўцаў “Пад покрывам Святога Ільі” ўжо пройдзе без сваёй зямлячкі. Аднак памяць аб ёй будзе жыць у неўміручых паэтычных радках, прасякнутых сардэчнасцю і цеплынёй, шчырасцю і любоўю да роднай зямлі і яе таленавітых людзей.

Удзельнікі літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты “Ашмянскі веснік”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *