Міжджэць па-жупранску, або жыццёвы нарыс пра адно слова з гаворкі роднага селішча

Культура

 

Баба Зося з нашай вёскі распусціла ўсю гаспадарку – прадала каня і карову, трох авечак, з парсючка нарабіла кілбас, вантрабянак ды паляндвіц, а куры самі некуды зніклі. Не мела ўжо сіл нічога трымаць у свае 78. Жыла адна, дзеці выехалі ў горад, але найгорш перашкаджала гаспадыні калена – зусім не гнулася, распухла і часта балела.

Дзеці завезлі бабу Зосю падлячыцца ў шпіталь у Мінск. Баба – асоба надзвычай кантактная – у лякарні пачала адразу з усімі знаёміцца ды пераказваць вясковыя гісторыі.

Найбольш любіла Зося аповеды пра каханне – «хто, калі, як і з кім любіўся». Гэтак сталічныя дактары і пацыенты мелі магчымасць паслухаць гісторыю, якая адбылася шмат гадоў таму ў вёсцы пад Ашмянамі.

Жупраны

У Жупранах жыў неяк пасля вайны хлопец добрага роду — са шляхты. І пачаў ён хадзіць да адной мужычкі, але надта з твару харошай. І моцна ён закахаўся, але матка яго вельмі не хацела, каб ён бедную ў хату прывёў. Узяла сякеру, паклала перад ім на парог і будзе казаць: «Сячы матцы ў галаву альбо грудзі, але не бяры мужычкі». Той хлопец мусіў маткі паслухацца, бо раней з гэтым строга было, не цяперака, што дзеці бацькоў нагамі піргаюць. Але прайшло крыху часу, і матка тая памерла. Хлопец думаў у сваты да сваёй любай паехаць, але ў яе галаве ўжо ўсё паперастаўлялася. Пачалі калгасы ствараць, і яна ўжо думала, што лепей замуж выйсці за якога «прадсядацеля». І выйшла за брыгадзіра, трое дзяцей у іх нарадзілася. А хлопец той, які гэтак кахаўся, так і застаўся бабылём, распіўся, сцягаўся, хадзіў у лахманах парваных, карэлых. А ўжо тая мужычка ў магазін вясковы пайшла рабіць. А хлопец той прыйдзе ўчарнелы да магазіна, стане пад акно і паглядае цішком, каб хоць трошкі мілай палюбавацца. Так ён па гэтай кабеце млеў, так міжджэў, каб хоць хвіліну на яе паглядзець.

Калі баба Зося вярнулася дахаты, то расказвала ў вёсцы, што дакторкі ды пацыенты часам не разумелі, пра што старая кажа.

– Бабушка, а вы по-белорусски говорите? Что-то не верится. А что это значит «міжджэць?” – пыталіся ў менскім шпіталі.

А бабка адказвала:

– Але, пэўне, чыстае беларускае слова гэна, такое вясковае проста.

– Падурнелі людзі ўжо ў тым Мінску, – цішком, каб ніхто не пачуў, прызнавалася мне па сакрэце баба Зося. – Ужо ніяк ім не дагодзіш… Найлепш — сядзі, маўчы і не адгукайся, то яшчэ, можа, цябе неяк сцерпяць.

«Міжджэць» – роднае слоўца як для бабы Зосі, так і для мяне, сотні разоў чутае ад мясцовых людзей у маіх Жупранах. «Аж міжджэў, каб у госці да свата заехаць», – могуць так сказаць. Альбо: «Аж міжджэла дзяўчына на танцы ісці». Яно дапамагае акрэсліць вельмі вялікае жаданне: «міжджэць» – вельмі хацець.

Фіксуе гэтае слова “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”. Даследчыкі пачулі «міжджэць» у вёсцы Малі Астравецкага раёна і далі яму тлумачэнне як «карцець». Слоўнік падае прыклад ужывання гэтага слова таксама ў любоўным кантэксце: «Аж міжджыць – як хоча жаніцца, так хацеў яе браць».

Google ва ўсім інтэрнэце знайшоў гэтае слова толькі адзін раз – у інтэрнэт-слоўніку расейска-беларускіх адпаведнікаў Алега Мінкіна. Там «міжджэць» тлумачыцца як «патрабаваць нешта ныццём». І сапраўды, дзіця, да прыкладу, можа міжджэць, каб яму далі ласунак або завезлі на беларускамоўны ранішнік у Мінск.

«Міжджэць» – гэта, безумоўна, даўняе наша слова, якое мае балцкае паходжанне. “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” фіксуе гэты дзеяслоў ды прапануе параўнаць яго з літоўскім mausti (maudžiau – у 1-ай асобе), што значыць «ныць, жадаць, сумаваць, клянчыць, клапаціцца, трывожыцца». Магчыма, некалі словаў з балцкім радаводам было ў Жупранах і болей, але іншыя старыя выразы прызабыліся.

«Міжджэць», напэўна, прынеслі ў Жупраны шматлікія стагоддзі таму паўдзікія індаеўрапейскія плямёны. А цяпер іх паўтарае баба Зося, ядучы на абед бульбяныя аладкі.

– Некалі дачка меншая ўсё міжджэла, каб я ёй такіх аладак нарабіла, а цяпер адвыкла зусім, выядае ў горадзе свае гарадскія мігдалы…

І крэкча баба Зося ў астылай хаце, шэпча свае пацеры, соўгаецца па пустых пакоях у самоце, слухае, ці дзе не зазвініць муха. І нават тая ці то лянуецца, ці то хварэе, зашыўшыся недзе пад столь, але зусім не звініць.

— А ён жа так апусціўся, зарос, каўтун на галаве, нават смярдзела ад яго, – узгадвае яна даўнейшую гісторыю пра няшчаснае каханне шляхціца. – А так жа кахаў тую прадавачку, аж свяціўся, калі яе бачыў. От жа моцнае каханне якое бывае!

Баба Зося ўздыхае. А я гадаю, пра што міжджыць яе сэрца. Жанчына адварочваецца ды раптам кажа:

– Ай, дурная тая дзеўка была, што за брыгадзіра пайшла. Дурная я была, мазгоў ні каліва не мела…

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *