Ашмянскай раённай бібліятэцы споўнілася 80 год

Культура

Сярод вялікай колькасці ўстаноў культуры найбольшай прыцягальнасцю для мяне (пасля тэатра) валодаюць бібліятэкі. Яны жывуць са мной з таго незабыўнага і чароўнага часу, калі я навучылася чытаць. Дзіўна, але памяць раз-пораз выхоплівае эпізоды з дзяцінства, звязаныя з кнігай: мая першая чытанка з “дарослай” бібліятэкі, якую я смакавала некалькі разоў; вялікае ярка-сіняе выданне, купленае мамай, вершы і лічылкі з якога і зараз сядзяць у галаве; мой любімы “Рабінзон Круза”, прачытаны за два дні падчас прастуды ў трэцім класе. Ілюстрацыі, вокладка, шрыфт і нават пах тых старонак памятаю да гэтага часу. А пасля былі агромністыя спісы літаратуры на лета, якія я праглынала за месяц, мастацкая літаратура з беліцкай крамы “Кнігі” (на жаль, сёння нават у многіх райцэнтрах такія магазіны адсутнічаюць), бібліятэкі навучальных устаноў, якія я скончыла…

Колькі іх было ў маім жыцці і яшчэ будзе! Мудрых дарадцаў і аднадумцаў, сяброў, якія дапамогуць знайсці адказ на любое пытанне ў свеце і з якімі ніколі не будзе сумна.

Святлана Галінская і Ірына Баркоўская раяць кнігу карэспандэнту раёнкі

Маё сяброўства з кнігай працягнулася на Ашмяншчыне. З задавальненнем наведваю бібліятэкі ў горадзе. Не праміну зайсці ў сельскую скарбніцу ведаў, калі бываю па працоўных справах на вёсцы. З вялікім жалем успрымаю навіны аб скасаванні той ці іншай бібліятэчнай установы. Шчыра радуюся, калі бібліятэкі Ашмяншчыны дабіваюцца поспехаў на ўзроўні вобласці і рэспублікі, актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных праектах, не зважаючы на слабую матэрыяльную базу і нізкія заробкі, развіваюцца і вераць у тое, што імкненне чалавека да кнігі ніколі не згасне.

Так, яны аптымісты, нашы бібліятэкары! Шчырыя і адданыя людзі, да якіх мы прыходзім часам не толькі па кнігу. Яны ўмеюць выслухаць, дапамагчы, зладзіць мерапрыемства і выставу, запрасіць у госці вядомага творцу, саматужна выдаць кнігу, пасадзіць сад, разам са сваімі чытачамі зрабіць дзіцячую пляцоўку або адправіцца з дзецьмі на веласіпедзе ў вандроўку…

Гады ідуць, а адносіны да працы ў бібліятэкара не змяняюцца. Прыходзяць новыя пакаленні, і кола часу працягвае свой рух. Не паспелі азірнуцца, а Ашмянскай раённай бібліятэцы споўнілася ўжо 80 год.

Дырэктар раённай бібліятэкі Марына Белавус

Яна пачала адлік сваёй гісторыі разам з Ашмянскім раёнам. За гады свайго існавання бібліятэчная ўстанова памяняла чатыры месцы жыхарства. Спачатку расчыніла свае дзверы ў будынку па вуліцы Савецкай, 86 (зараз тут месціцца крама “1000 дробязяў”). Пасля займала памяшканні, дзе доўгі час размяшчаўся шахматна-шашачны клуб. Трэцім месцам прапіскі ўстановы стаў цагляны будынак у гарадскім парку, з якога бібліятэка выселілася ў гэтым годзе, каб усталявацца ізноў па вуліцы Савецкай, пад адным дахам з раённай дзіцячай бібліятэкай, у адным з карпусоў аграрна-эканамічнага каледжа.

Аднак бібліятэка  — гэта не толькі і не столькі будынак, колькі людзі, якія тут працуюць. За 80 год многія з іх пакінулі свой след у бібліятэчнай справе раёна. Шмат год узначальвала раённую бібліятэку Вольга Дабраўляніна. Яна была першым у раёне спецыялістам з бібліятэчнай адукацыяй: прыйшла пасля заканчэння Магілёўскага культпрасветвучылішча.

Вялікая работа па ўдасканаленні бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва была праведзена пры Ганне Калядзе. Менавіта пры ёй адбылася ў 1976 годзе цэнтралізацыя: усе бібліятэкі аб’ядналіся ў раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Раённая бібліятэка стала цэнтральнай, а бібліятэкі ў горадзе і ў сельскай мясцовасці — яе філіяламі. Усяго ў Ашмянскую РЦБС увайшло тады 42 бібліятэкі: раённая цэнтральная, раённая дзіцячая і 40 бібліятэк-філіялаў. Сярод філіялаў лепшымі былі Гальшанская, Жупранская, Будзёнаўская, Му­раванаашмянкоўская, Каль­чунская, Навасёлкаўская сельскія бібліятэкі.

Алена Гушча, Наталля Садоўская
і Галіна Палубінская

Больш за дваццаць год дырэктарам Ашмянскай РЦБС працавала Антаніна Каско. Адначасова яна з’яўлялася і дырэктарам раённай бібліятэкі. Пад яе кіраўніцтвам была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база, зроблены капітальны рамонт цэнтраль­най бібліятэкі, праведзена рэканструкцыя дзіцячай, абноўлены бібліятэкі ў Кальчунах і Гальшанах. Антаніна Рыгораўна шмат увагі надавала рабоце з кадрамі, дбала пра забеспячэнне бібліятэчных устаноў спецыялістамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Менавіта яна “выгадавала” сабе пераемніцу. У 2003 годзе на змену Антаніне Рыгораўне прыйшла Марына Белавус, вопытны, дасведчаны спецыяліст. Сёння на рахунку Марыны Рамуальдаўны 36 гадоў бібліятэчнага стажу, вялікая колькасць ажыццёўленых разам з калектывам творчых праектаў, важкая скарбонка высокіх узнагарод і заслужаная павага і аўтарытэт мясцовых жыхароў да бібліятэк і іх спецыялістаў.

Пры цэнтральнай раённай бібліятэцы адным з першых у Гродзенскай вобласці быў створаны публічны цэнтр прававой інфармацыі, які забяспечвае насельніцтва даступнымі матэрыяламі заканадаўча-прававога характару. На працягу шэрагу год два разы на месяц вядзе прававы прыём у цэнтры юрыст Яўген Дэмбіцкі.

За апошнія восем год у межах міжнароднай гуманітарнай дапамогі калектывам бібліятэкі рэалізавана пяць праектаў. Шмат у раённай бібліятэкі і ўласных творчых праектаў і праграм: “Бібліятэка – пажылым”, “Ашмяншчына ў асобах і падзеях”, “Краязнаўчы каляндар”…

Кацярына Гарлуковіч і Крысціна Станкевіч

Больш за 20 гадоў дзейнічае пры раённай бібліятэцы клуб “Сустрэча”, які дорыць ашмянцам спатканні як з мясцовымі знакамітасцямі, так і творцамі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Гасцямі клуба ў свой час былі драматург Аляксей Дудараў, пісьменніца Наталля Батракова, паэткі Валянціна Паліканіна і Ала Клемянок, мастак, ура­джэнец Ашмян Сяргей Шэмет, кіраўнік інфацэнтра японскай культуры Масака Тацумі.

Каб павялічыць якасць абслугоўвання насельніцтва і “дайсці” да самых аддаленых вёсак і хутароў, у 2010 годзе па дарогах Ашмяншчыны пачала курсіраваць аўтабібліятэка, якая па графіку дастаўляе сваім чытачам кнігі і перыядычныя выданні.

Каб ісці ў нагу з часам, ва ўстанове аўтаматызаваны ўсе бібліятэчныя працэсы. Сёння наведвальнікі бібліятэкі могуць узяць інфармацыю з сайта як “дарослай” раённай бібліятэкі, так і дзіцячай, а таксама віртуальнага музея Дугі Струвэ ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы. Дзейнасць раённай бібліятэкі актыўна папулярызуецца ў сацыяльных сетках. Арганізаваныя там анлайн-праекты знаёмяць з малавядомымі фактамі з гісторыі нашага рэгіёна, рэкламуюць кніжныя навінкі і нават прапануюць пачытаць кнігу разам.

Зладжана працуюць у бібліятэцы ўсе яе аддзелы: бібліятэчнага маркетынгу, абслугоўвання і інфармацыі, сектар камплектавання, арганізацыі і апрацоўкі адзінага фонду. Калектыў бібліятэкі пастаянна займаецца ўдасканаленнем форм работы па абслугоўванні чытачоў, пераймае вопыт лепшых бібліятэк рэспублікі, дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі іншых раёнаў. Раённая бібліятэка, адзіная ў Беларусі, прымала ўдзел у выставе, арганізаванай у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на якой свае здабыткі прэзентаваў Ашмянскі раён. На базе бібліятэкі праводзяцца міжраённыя і абласныя семінары.

Работа ўстановы не раз высока ацэньвалася мясцовымі органамі ўлады. Бібліятэка і яе работнікі неаднаразова былі ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва сярод арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна. Яе калектыў быў занесены на раённую Дошку гонару. За высокія творчыя дасягненні ў 2004 годзе бібліятэка ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Бібліятэчная справа”. У 2010 годзе дырэктар раённай бібліятэкі Марына Белавус стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За ўклад у духоўнае адра­джэнне”. Дзейнасць ашмянскіх бібліятэкараў адзначана граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Бібліятэчная ўстанова станавілася пераможцам абласных конкурсаў “На лепшы электронны інфармацыйны рэсурс” і “Установа культуры года”. Гран-пры атрымалі ашмянскія бібліятэкары ў абласным конкурсе “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”.

За кожнай з гэтых узнагарод – штодзённая карпатлівая праца, якая даўно выйшла за мяжу проста “выдаць кнігу”. У гэтай сферы заўсёды працавалі адданыя сваёй справе людзі. Вопыт Ганны Новікавай, Лізаветы Лаўрэцкай, Аляксандры Клінцэвіч, Леакадзіі Авіжы, Фацініі Шымко, Ірыны Урбановіч, Любові Шляхціч, Алы Лапцевай, Паліны Кур’янчык, Яўгеніі Тарашкевіч, Кацярыны Рагінскай пераймае сучаснае пакаленне бібліятэкараў. Шмат год было звязана з бібліятэкай у Вольгі Тарашкевіч і Вольгі Пляшковай. Не адзін дзясятак год адданы любімай справе Галіна Палубінская, Вольга Швец, Крысціна Станкевіч. Ствараюць прэстыж высакароднай прафесіі бібліятэкара Людміла Шумская, Наталля Садоўская, Кацярына Гарлуковіч, Ірына Баркоўская, Галіна Аніхоўская, Алена Янкоўская, Святлана Галінская, Святлана Кавецкая, Алена Гушча.

У Ашмянскай раённай бібліятэцы не працуюць выпадковыя людзі. Такія тут не затрымліваюцца, а тыя, хто застаецца, штодня адкрываюць цэлы Сусвет для сваіх чытачоў. Дзякуючы ім культура чытання выходзіць на новы ўзровень. Чытаць зараз стала модна і прэстыжна. Бібліятэка аб’ядноўвае людзей, а гэта менавіта тое, чаго так не хапае ў век лічбавых тэхналогій.

Валерый Сайко, жыхар Ашмян:

— Паўвека – з любоўю да бібліятэкі – так можна выказаць сваю ўдзячнасць калектыву раённай бібліятэкі ў сувязі з яе чарговым юбілеем. Калі я прыехаў у Ашмяны пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы, а было гэта ў канцы ліпеня 1970 года, адразу ж наведаў бібліятэку. Патрэба бываць тут стала для мяне неабходнасцю. Памятаю, як у сувязі з 75-годдзем з дня нараджэння Сяргея Ясеніна загадчыца бібліятэкі Ганна Навумаўна Папкова папрасіла мяне прыняць удзел у літаратурнай вечарыне. Там я чытаў верш “Шаганэ ты мая, Шаганэ…” Пасля гэтага не раз наведваў мерапрыемствы, якія праводзіліся работнікамі бібліятэкі.

Прыемна было глядзець па тэлебачанні рэпартаж аб узнагароджанні нашай бібліятэкі спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта, якая прысуджаецца дзеячам культуры і мастацтва рэспублікі.

Ні адно памяшканне прыйшлося памяняць бібліятэцы да пераезду ў былы будынак сельгастэхнікума (спадзяюся, на многія дзесяцігоддзі). Чытачам вельмі прыемна наведваць гэтыя ўтульныя і прывабныя памяшканні.

Я з задавальненнем чытаю як класіку, так і сучасных аўтараў. Часта цікаўлюся беларускімі мастацка-публіцыстычнымі выданнямі “Полымя” і “Нёман”, расійскімі – “Наш современник” і “Молодая гвардия”. Шкада, што падпіска на расійскія часопісы вядзецца ў апошнія гады толькі на першы квартал года.

Хачу пажадаць, каб чулыя і ўважлівыя адносіны да нас, чытачоў, а таксама творчы настрой ніколі не пакідалі работнікаў бібліятэкі.

Новых вам паступленняў кніг і ўдзячных чытачоў!

Галіна Даўгашэй, жыхарка горада:

— Перш за ўсё хочацца падзякаваць кіраўніцтву раёна за прыгожы будынак, які быў перададзены пад патрэбы бібліятэкі. Я з асалодай і гонарам чытаю на знаёмым мне корпусе шыльду “Бібліятэка”. Спачатку многія скептычна ставіліся да пераезду, бо вельмі ўжо прызвычаіліся да сціплага, але ўтульнага старога памяшкання, але хутка зразумелі, што ўтульнасць, цеплыню і гасціннасць ствараюць людзі, якія таксама пераехалі ў новы будынак.

Заўсёды заходжу ў бібліятэку з боку чытальнай залы і адразу ж трапляю пад увагу сціплай і ўважлівай Вольгі Швец. Яна ўмее стварыць такое ўражанне, што як быццам  чакае менавіта мяне, бо тут жа раскажа пра навінкі прэсы, парэкамендуе, на што звярнуць увагу, што пачытаць. Заўсёды гатовы дапамагчы ў выбары кнігі Ірына Баркоўская і Галіна Аніхоўская. Мерапрыемствы клуба “Сустрэча” ўзбагачаюць чытачоў, знаёмяць з таленавітымі творцамі і іх дзейнасцю. А як чакаюць пажылыя наведвальнікі пасяджэнняў клуба “Мудрасць”, дзе можна не толькі абмеркаваць прачытанае, але і пачытаць вершы, паўдзельнічаць у гульнях і віктарынах! Пасля такіх сустрэч настрой яшчэ доўга застаецца святочным.

Склалася ўражанне, што рухавіком усяго новага, карыснага і цікавага з’яўляецца ў бібліятэцы Святлана Галінская, якая заўсёды нясе пазітыў і новыя ідэі, заражае гэтым не толькі калектыў, але і чытачоў.

У гэты юбілейны дзень ад усіх наведвальнікаў шчыра віншую работнікаў бібліятэкі са святам. Жадаю моцнага здароўя, ніколі не страчваць прафесіяналізму, дабрыні, спагады, узаемаразумення, за што мы вас паважаем, цэнім і імкнемся да сустрэчы.

Аліна САНЮК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *