Дарога да школы

Общество

 

У кожнага з нас свая школа і свая да яе дарога. Якой бы ні была школа, маленькай драўлянай альбо цагляным, у некалькі паверхаў, гмахам, на душы разліваецца цяпло ад успамінаў пра школьныя гады. Першы клас і першы настаўнік, першая адзнака і першае каханне, шчымлівы выпускны і слёзы, якія раз-пораз змахвалі ўсхваляваныя дзяўчынкі і іх бацькі. І дарога, на якой знаёмы кожны каменьчык і кожная выбоіна на асфальце, кожнае дрэўца і куст. Яна была жаданай – калі ўсё атрымлівалася ў вучобе і зносінах з настаўнікамі і аднакласнікамі, і ненавіснай – калі ўзнікалі праблемы ці вельмі хацелася канікулаў, а яны, як знарок, запавольвалі сваё набліжэнне.

Чамусьці прозвішчы аднакласнікаў не забываюцца, не губляюцца ў часе, як і імя любімага настаўніка, на ўрокі да якога мы ляцелі нібы на крылах, старанна вучылі яго прадмет і хацелі быць падобным да яго ва ўсім, нават у манеры размаўляць і гэтак жа, як і ён, апранацца. Нават абяцалі пасля заканчэння школы пайсці вучыцца ў педагагічную ВНУ, каб выкладаць так, як ён, любіць сваіх вучняў і з гонарам усведамляць, што няма на свеце прафесіі больш высакароднай, чым настаўнік.

Я не ведаю, што думаюць падчас дарогі ў Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс яго вучні і выхаванцы, але шчыра спадзяюся, што ідуць яны сюды з вялікім задавальненнем і гонарам. Бо як жа не ганарыцца ўстановай, гісторыя якой бярэ пачатак больш за трыста год таму і лічыцца адной з самых “вялікаўзроставых” у Беларусі. З ёй звязаны імёны славутых грамадскіх дзеячаў, паэтаў і мастакоў, якія пакінулі важкі след на сваёй малой радзіме. За гады свайго існавання школа адправіла ў вялікі свет сотні выпускнікоў, якія сталі прафесіяналамі сваёй справы, шчырымі і спагадлівымі людзьмі, надзейнымі сябрамі і ўзорнымі сем’янінамі.

У 2008 годзе Баруны набылі статус аграгарадка, у выніку чаго ў населеным пункце былі дэталёва адрамантаваны аб’екты сацыяльнай сферы, у тым ліку і школа. Прасторныя холы і калідоры, утульныя і светлыя класы, неабходная мэбля згодна з узростам дзяцей, камп’ютарны клас, прыгожая сталовая – усё гэта сведчыць аб тым, што ўмовы навучання ў школе не горшыя, чым у горадзе. З кожным годам змяняецца і прышкольная тэрыторыя. Клумбы, газоны, малыя архітэктурныя формы ўпрыгожваюць гэты густанаселены і звонкі ад дзіцячых галасоў будынак.

Сёння Барунскі вучэбна-педагагічны комплекс наведвае 91 дзіця: 67 з іх вучыцца ў школе і 24 – выхоўваюцца ў дзіцячым садку.

— На жаль, з кожным годам колькасць дзяцей у нашай установе адукацыі змяншаецца, — са шкадаваннем адзначае дырэктар Аляксандр Анатольевіч Саванец.

Сярэдняя напаўняльнасць класаў у Барунскім ВПК – 6-7 дзяцей, а гадоў дзесяць назад было больш за дваццаць. Ці не таму імкнуцца некаторыя настаўнікі працаваць на вёсцы, пытаюся ў дырэктара?

— Раней і я лічыў, што з малой колькасцю дзяцей лягчэй і прасцей працаваць, але гэта зусім не так, — прызнаецца Аляксандр Анатольевіч. – Упэўніўся на ўласным вопыце. Лёгка будзе толькі ў тым выпадку, калі абыякава ставіцца да работы. Паток дакументаў ва ўсіх установах аднолькавы. У дадатак да ўсяго сярод невялікай колькасці дзяцей трэба адшукаць і ўдзельнікаў прадметных алімпіяд, і спартсменаў, і творчых асоб. Атрымліваецца, што адзін і той жа вучань павінен быць і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц.

Развіццё і выхаванне дзяцей у Барунскім ВПК пачынаецца з дзіцячага садка. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Іванаўна Макей, выхавальнікі становяцца тут для дзетак другімі мамамі. Часта бацькам на выхаванне не хапае часу, а парой і ведаў, таму гэта функцыя ўскладваецца на ўстанову адукацыі.

— Прыходзіцца шмат часу аддаваць рабоце, забываючыся пра сямейныя клопаты і турботы, — кажа Вольга Іванаўна. – Але нашы старанні таго вартыя. Нашы выхаванцы вырастаюць спагадлівымі і шчырымі. Яны прыходзяць на дапамогу слабейшым, умеюць спачуваць, з павагай ставяцца да людзей старэйшага ўзросту. Сёння гэта вельмі важна. І менавіта мы павінны стаць для іх тым прыкладам паводзін, які яны пачнуць пераймаць.

Педагагічны калектыў вучэбна-педагагічнага комплексу – гэта 28 дружных і творчых настаўнікаў і выхавальнікаў.  У гэтым годзе ён папоўніўся двума маладымі спецыялістамі: настаўніцай пачатковых класаў Эльжбетай Вітальеўнай Коўгер і выхавальнікам (выпускніцай гэтай школы) Анастасіяй Андрэеўнай Хілінскай.

— Толькі калі мы разам – мы каманда, — лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Казіміраўна Свірыда. – Тады і работа будзе спорыцца, і праблемы будуць вырашацца на месцы, і адчувальным стане рух наперад. Мы робім усё неабходнае, каб стаць для дзяцей дарадчыкамі і сябрамі. Вясковыя дзеці больш чулыя і адкрытыя. Мы ім, як бацькі, якія хочуць, каб дзеці былі шчаслівымі.

Педагагічны стаж Вольгі Казіміраўны складае 28 гадоў. Амаль усе з іх аддадзены Барунскай школе, куды прыйшла яна маладым спецыялістам пасля некалькіх месяцаў працы ў Каецяняцкай пачатковай школе, дзе была і дырэктарам, і настаўнікам, і поварам, і прыбіральшчыцай. Адказнасці, стараннасці і прафесіяналізму яна вучылася ў колішняга дырэктара Франца Феліксавіча Станулевіча і сваіх старэйшых калег. Гэты вопыт стаў падставай паспрабаваць сябе ў якасці не толькі настаўніцы пачатковых класаў, але і педагога-арганізатара, настаўніка-дэфектолага, а пасля ўзяць на сябе абавязкі намесніка дырэктара ВПК па выхаваўчай рабоце.

— Вясковыя дзеці вельмі сціплыя і сарамлівыя, таму перад намі стаіць задача ўвесь час падштурхоўваць іх наперад, рабіць так, каб і яны праяўлялі ініцыятыву, а не дзейнічалі па нашай указцы, — дзеліцца сваімі думкамі Вольга Казіміраўна. –Заўважыць у дзіцяці талент і здольнасці і развіць іх – наша задача. Камусьці даецца вучоба, а нехта паспявае ў спорце альбо мае творчыя здольнасці і раскрываецца на сцэне. Мы любім усіх сваіх вучняў і рады ўсім, нават нязначным іх дасягненням.

З гонарам расказала Вольга Казіміраўна пра выпускнікоў установы адукацыі. Сярод іх Сяргей Мядзвецкас, першы намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама, і ўрачы Марына Розель і Галіна Якубель, якія ў свой час атрымалі стобальныя рэзультаты ў ЦТ па біялогіі. Усе сем выпускнікоў пазамінулага года (трое з іх — залатыя медалісты) паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце працуе ў школе выпускніца Ірына Іванаўна Якубель. Пасля заканчэння факультэта беларускай філалогіі БДУ яна прыйшла спачатку настаўніцай роднай мовы, некаторы час працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а пасля – па вучэбнай.

Прышкольны двор вучэбна-педагагічнага комплексу патанае ў кветках і зеляніне. Тут маладзенькія туі знаходзяцца пад надзейнай аховай саракагадовых елак, якія былі высаджаны ў год заканчэння будаўніцтва школы – у 1980 годзе – пад кіраўніцтвам Алега Браніслававіча Дзедзюля. Тут расце і пладаносіць вялікі сад, спеюць гронкі вінаграду і радуе ўраджаем школьны агарод. Тут вучацца і развіваюцца мясцовыя дзеці, якія разам з настаўнікамі захоўваюць і прадаўжаюць традыцыі сваіх папярэднікаў, шануюць родны край, яго гісторыю і мову. Яны штодня робяць крокі наперад, у будучыню, з гонарам адзначаючы, што іх школьныя гады звязаны з Барунскай школай.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва Барунскага ВПК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *