Сёлета гальшанская зямля ў чарговы — пяты раз запрасіла да сябе ў госці навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй людзей на Міжнародныя Гальшанскія чытанні. Распачатыя яшчэ ў 2006 годзе былым намеснікам старшыні райвыканкама, а зараз дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінай Лузінай пры падтрымцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, яны сталі штуршком у больш дасканалым вывучэнні нашага рэгіёна і далі магчымасць падняць глыбокі і багаты пласт нашай гісторыі.
Высокі статус форуму дазволіў Ашмяншчыне набыць рознага кшталту стасункі з шэрагам краін Еўропы і заявіць аб сабе на міжнародным узроўні. Ён стаў стымулам для актывізацыі даследчай дзейнасці сярод маладога пакалення ашмянцаў. Адметна тое, што іх работы сёння займаюць дастойнае месца сярод прац сталых навукоўцаў ў зборніках матэрыялаў, што рыхтуюцца Інстытутам гісторыі па выніках чарговых навуковых сустрэч. Разам з гэтымі выданнямі навукоўцы заўсёды дораць нашай раённай бібліятэцы кнігі, выдадзеныя Інстытутам гісторыі за апошні час. Чарговыя чытанні не сталі выключэннем. Стос навуковых публікацый і манаграфій падарыў бібліятэцы выконваючы абавязкі вучонага сакратара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Андрэй Салаўянаў. За значны ўклад у даследаванне гісторыі роднага краю ён уручыў Падзякі Інстытута гісторыі НАН Беларусі настаўнікам гісторыі СШ №2 Любові Пятровай і Алене Апанэль.
З падзякай да супрацоўнікаў Інстытута гісторыі і іншых навукоўцаў звярнуўся ў сваім выступленні старшыня райвыканкама Юрый Адамчык, які адзначыў, што грунтоўная даследчая работа, якая вядзецца навукоўцамі разам з краязнаўцамі, установамі адукацыі і іншымі зацікаўленымі людзьмі раёна ў сувязі з Гальшанскімі чытаннямі, дала свой плён. У тым, што руіны былога замка Сапегі ўключаны ў праграму “Культура Беларусі”, а гэта сведчыць аб выдаткаванні сродкаў на кансервацыю рэшткаў муроў і арганізацыю іх экспанавання, значная заслуга ўдзельнікаў і арганізатараў навуковага форуму. Усё гэта дасць магчымасць праз пэўны час прэзентаваць нашу гістарычную спадчыну ў новай якасці.
Акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Каваленя ў сваім прывітальным слове падзякаваў усім, што прымае ўдзел у арганізацыі мерапрыемства, і перш за ўсё раённай ўладдзе, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Валянціне Лузінай, установам культуры і адукацыі раёна. За вялікі ўклад у справу па адраджэнні гісторыі рэгіёна і арганізацыі мерапрыемства Падзяка аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук была ўручана начальніку аддзела культуры Галіне Балінскай.
Перад пачаткам пленарнага пасяджэння з тэатралізаваным пралогам “З гісторыі маёй старонкі” выступілі работнікі культуры раёна, у чарговы раз засведчыўшы пра багатую і слаўную спадчыну ашмянскай зямлі.
Затым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук Анастасія Скеп’ян зрабіла экскурс у яшчэ невялікую, аднак юбілейную гісторыю Міжнародных Гальшанскіх чытанняў, якія далі магчымасць падняць на больш высокі ўзровень пытанні вывучэння роду князёў Гальшанскіх, замкаў і сядзіб Ашмяншчыны, культурнай і гістарычнай прасторы мястэчак Ашмянскага павета, а таксама на прыкладзе Ашмянскага краю абмеркаваць праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі.
Цікавасць у аўдыторыі выклікала навуковае паведамленне кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Аляксея Шаланды “Гербы ашмянскай шляхты XVI – XVII стст.”, дзе расказваецца пра паходжанне і даецца апісанне гербаў родаў Вайшнаровічаў, Пашкевічаў, Вярбіцкіх, Астравухаў, Слізняў і інш. Аб уніяцкай парафіі Ашмянскага павета ў XVII – XVIII стст., яе фарміраванні, адміністрацыйнай структуры, кіраўніцтве і дзейнасці падрыхтаваў даклад Дзяніс Лісейчыкаў, загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Доктар гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Валянцін Голубеў на прыкладзе датаванага 1839 годам дакумента прасачыў гаспадарчае становішча Ашмянскага павета ў той час. Пра гісторыю цудадзейнага абраза Барунскай Маці Божай, які і зараз знаходзіцца ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Барунах, паведаміў кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Аляксандр Ярашэвіч. Кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза не раз прымаў удзел у археалагічных раскопках на Ашмяншчыне. Свой даклад ён распавёў пра археалагічныя помнікі Ашмянскага раёна, шэсць з якіх, дарэчы, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Праблемы ўліку, захавання і аховы іх у рэспубліцы на сённяшні час стаяць вельмі востра. Частка іх бясследна знікае, часцей — ад нашай няўважлівасці і абыякавасці. А іх мажліва было б нават уключаць у праграму турыстычных маршрутаў рэгіёнаў, зрабіў выснову дакладчык.
Завяршылася пленарнае пасяджэнне прэзентацыяй музычнай сюіты “Гальшаны” кампазітара, сябра Беларускага саюза кампазітараў Ганны Кароткінай, якую можна было пачуць пасля падчас канцэрта арганнай музыкі ў касцёле Святога Іаана Хрысціцеля.
Затым была арганізавана работа па секцыях. Адна з іх размяшчалася ў сельскім Доме культуры, другая – у Гальшанскай гімназіі. У рабоце секцый прынялі ўдзел юныя даследчыкі Ашмяншчыны. Вучаніца 6 класа СШ №1 Алена Акушка выступіла з паведамленнем “Сядзіба Будзёнаўка пачатку ХХ стагоддзя: шлях да адраджэння” аб незайздросным лёсе сядзібы купца Лейбы Стругача. Пра гальшанскага краязнаўца і настаўніка Эдуарда Корзуна расказала ў сваёй працы пад назвай “Пакінуў добры след” вучаніца Гальшанскай гімназіі Вікторыя Трус. Вучаніцы СШ №2 Наталля Машута, Ангеліна Зайцава і Іна Сліжова падрыхтавалі паведамленне пра гісторыю праваслаўных, каталіцкіх і яўрэйскіх могілак у Ашмянах (“З гісторыі ашмянскіх некропаляў”). Дзевяцікласніца СШ №3 Вікторыя Сымановіч выступіла з тэмай “Дарогай пакаяння. Гісторыя яўрэйскіх пахаванняў на тэрыторыі горада”.
Што тычыцца дакладаў навукоўцаў з Мінска, то найбольшую цікавасць для мясцовых жыхароў выклікала выступленне Паўла Кенькі, малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі, аб выніках апошніх археалагічных даследаванняў на гальшанскім гарадзішчы і селішчы. Выстава знойдзеных апошнім часам артэфактаў была наладжана перад пачаткам работы навуковай канферэнцыі. Таксама ўсе жадаючыя маглі наведаць месца археалагічных раскопак і задаць пытанні Паўлу Міхайлавічу. Цесна звязаны з выступленнем маладога археолага былі высновы Яўгена Уласаўца, аспіранта гістарычнага факультэта БДУ, зробленыя па выніках знойдзеных на гарадзішчы наканечнікаў, шпораў, фрагментаў конскай вупражы і элементаў рыштунку вершніка. А вось Анжэла Разлуцкая, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, па рэштках касцей, знойдзеных падчас раскопак на гарадзішчы і селішчы, вызначыла, што ў нашай мясцовасці вадзіліся ў ХІ-ХІІ стст. тарпаны, туры, зубры, нават серабрысты собаль.
Шмат новых звестак і цікавых фактаў можна было пачуць на навуковым форуме падчас пятых Гальшанскіх чытанняў, што сведчыць аб вялікай рабоце, якая праводзілася і будзе праводзіцца, каб у чарговы раз адкрыць нам новыя старонкі гісторыі нашага краю.
Завяршыліся Гальшанскія чытанні канцэртам арганнай музыкі, у якім прыняла ўдзел ужо згаданая ў тэксце Ганна Кароткіна, а таксама артыстка Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Ганна Бяляева і дыпламант міжнародных конкурсаў Іван Юркевіч.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
Фота Веранікі ВІШНЕЎСКАЙ.

