У Ашмянах пабывалі спартсмены-футбалісты з г. Вільнюса. Ініцыятарамі сустрэчы сталі літоўскія калегі.
У Дзень работнікаў фізічнай культуры былі запланаваны дзве футбольныя сустрэчы паміж камандамі ФК Ашмяны і футбольным клубам ТЭРА г. Вільнюса.
Ашмянцы прапанавалі калегам ігру дзвюх сваіх каманд. Каманду № 1 ФК Ашмяны ўзначаліў Пётр Ждановіч, інструктар-метадыст раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, каманду № 2 – старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык.
Вітаючы літоўскіх футбалістаў, кіраўнік раёна адзначыў, што пагадненне аб супрацоўніцтве, сяброўстве ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Беларусь-Літва” дзейнічае не на словах, а на справе, рэалізуюцца многія сумесныя праекты як у эканамічнай, адукацыйнай, культурнай сферах, так і ў спорце.
Футбольныя матчы адбыліся на спартыўнай пляцоўцы гімназіі № 1 горада.
У першай гульні наша каманда пад кіраўніцтвам Пятра Ждановіча ўступіла літоўскім футбалістам з лікам 1:4. А вось другі матч выйгралі ў літоўскай каманды з лікам 3:1.
Лепшымі ігракамі прызнаны з нашага боку Аляксандр Шымановіч, з літоўскага – Вайдатас Оканаўскас.
На памяць аб футбольнай сустрэчы бакі абмяняліся сувенірамі, дыпломамі, падарункамі і агульным фотаздымкам.
Ганна ДАВІДОВІЧ.
Фота аўтара.

