Начальнік вытворчай лабараторыі Ашмянскага сыраробнага завода удастоена звання “Чалавек года Гродзеншчыны”

Общество

 

Начальнік вытворчай лабараторыі Ашмянскага сыраробнага завода – філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» Лілія Васільеўна Ціхановіч удастоена ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Вось ужо трыццаць шэсць гадоў звязана яе жыццё з гэтым унікальным прадпрыемствам, якое ўзгадавала цэлы шэраг сапраўдных прафесіяналаў, дало жыццё шматлікім працоўным дынастыям, сваім існаваннем даказала, што самаадданая праца здольна стварыць цуд: зрабіць з невялікага “саматужнага заводзіка” высокаэфектыўны і эканамічна паспяховы прамысловы комплекс, прадукцыя якога запатрабавана далёка за межамі краіны.

Малочныя шляхі-дарогі

Лілія Ціхановіч (тады яшчэ Юшкевіч) прыйшла на сырзавод у 1984 годзе, адразу пасля заканчэння школы. Уладкавалася звычайнай рабочай на сырасховішча. Многім гэта падасца дзіўным, асабліва сёння: як магло здарыцца, што выдатніца (Ліля скончыла Гальшанскую сярэднюю школу з залатым медалём) ды не пайшла на дзённае аддзяленне ў ВНУ.

Усё ў жыцці трэба заслужыць – гэта бацькава перакананне стала для дачкі трывалым падмуркам, на якім дзень за днём яна выбудоўвала свае жыццёвыя прынцыпы. У Магілёўскі тэхналагічны інстытут на спецыяльнасць “тэхналогія малака і малочных прадуктаў” будучы інжынер-тэхнолаг паступіла на завочнае навучанне – не хацела абцяжарваць бацькоў.

Фізічнай працы дзяўчына не цуралася. Магла і каня запрэгчы, і за каровай у хляве прыбраць. Бацькі Васіль Васільевіч і Вера Лявонцьеўна прывівалі працавітасць сваім дзецям на ўласным прыкладзе. Старэйшая Людміла, сярэдняя Ліля і іх малодшы брат Андрэй раслі памочнікамі па гаспадарцы. Пасля школы паспявалі і ўрокі зрабіць, і на Гальшанскі замак збегаць з сябрамі (тут яны часам пасвілі козаў), і жывёлу дагледзець, і грады прапалоць.

Вучоба давалася Лілі лёгка. Веды яна схоплівала на ляту. За кніжкай нават і не карпела. Радасць і задавальненне дзяўчына атрымлівала ад заняткаў спортам. У лёгкай атлетыцы рабіла пэўныя поспехі, таму настаўнік фізічнага выхавання прапанаваў пайсці ў школу алімпійскага рэзерву. Аднак строгія і прынцыповыя бацькі не такім бачылі будучыню дачкі – спартыўнай кар’еры быў дадзены адбой.

Працаваць на сырзаводзе было нялёгка. На той час грузчыкі ў цаху адсутнічалі. Машыны дзяўчаты загружалі самастойна. Драўляныя скрынкі змяшчалі па чатыры сырныя галоўкі: вага кожнай — за 8 кілаграмаў.

— За змену так натупаешся, што ні рук, ні ног не чуеш, — прызнаецца Лілія Васільеўна, — аднак аб тым, каб пажаліцца, ніхто і не думаў. Тады ўсе так працавалі.

Праз два гады Ліліі прапаноўваюць пасаду майстра натуральнамалочнага цэха. Гэта работа была вельмі адказнай. Тварог, смятана, ёгурт, кефір, сыры мяккія клінковыя, тварожная маса – усё гэта “наварвалася” на працягу начной змены, каб раніцай адправіцца на прадпрыемствы грамадскага харчавання, у дзіцячыя садкі і школы раёна.

— Практычна ўся прадукцыя была скорапсавальнай, яе трэба было рэалізаваць зараз жа, — прызнаецца наша субяседніца. – Не было калі думаць. Усё як на далоні – брак не схаваеш.

На гэтым участку Лілія Ціхановіч прапрацавала дзесяць гадоў. Столькі ж – у сыраробным цаху. Менавіта тут яна атрымлівала найбольшае маральнае задавальненне ад сваёй працы. Водар “голага” сыру п’яніў. Ён быў самым дарагім у свеце. Аднойчы жыццёвыя абставіны змусілі жанчыну звольніцца з завода і пакінуць Ашмяны. Але хапіла яе толькі на паўгода: свежы сырны водар “накрываў” бунтарку нават у сне. І яна вярнулася назад.

Лабараторыя – сэрца вытворчасці

Менавіта так, з гонарам прамаўляючы кожнае слова, адзываецца Лілія Васільеўна аб вытворчай лабараторыі, якую ўзначальвае амаль два дзясяткі гадоў.

Прыйшла яна сюды без асаблівага жадання, бо недалюблівала гэты “кантралюючы орган” завода. Работнікі лабараторыі прыходзілі ў цэх часцей за ўсё, каб прад’яўляць майстру свае прэтэнзіі. Чым яны яшчэ зай­маюцца, жанчына не ўяўляла.

— Што тут трэба рабіць? – спытала Лілія Васільеўна ў інжынера-хіміка Яніны Іванаўны Юшкевіч, калі пераступіла парог “сакрэтнага” ўчастка.

— Прыйдзеш заўтра і даведаешся, — адказала ёй жанчына.

Ужо праз месяц Ціхановіч зацвердзілі начальнікам лабараторыі. Разам з дзесяццю спецыялістамі атрымала начальніца ў кіраванне дзве пульхныя папкі і некалькі кабінетаў з даўнейшай зношанай мэбляй.

Сёння лабараторыя – гэта сучасны шматфункцыянальны механізм, які абслугоўваюць 27 чалавек, сем з іх – з вышэйшай адукацыяй.

— Калі лабараторыя працуе рытмічна, гэтага ніхто не заўважае. Аднак варта ёй спыніцца – тут жа ўсё замрэ, — прызнаецца Лілія Васільеўна. – Ля зачыненага шлагбаума выстраіцца чарга з малакавозаў. Не будзе грузавікоў-рэфрыжэратараў, паколькі спыніцца працэс адгрузкі гатовай прадукцыі. Наш завод – маленькая дзяржава: у нас усё сваё, акрамя ачышчальных збудаванняў. Свае артэзіянскія свідравіны, свая кампрэсарная, кацельня. Мы ні ад каго не залежым. Нават светлафор першымі ў горадзе паставілі – на ўласнай прахадной! І наогул, мы стараемся ва ўсім быць першымі.

Патрабаванні, якім павінна адпавядаць вытворчая лабараторыя малочнага прадпрыемства, даволі строгія. Прыйшлося вывучаць вопыт калег у Расіі, Польшчы і Ізраілі. Лілія Ціхановіч адзначыла, што выглядае лабараторыя ашмянскага сырзавода не горш, а па многіх пазіцыях – нават лепш, чым у шэрагу іншых краін. Калі паўстала пытанне аб пераканструяванні лабараторыі, давялося з калегамі накіравацца ў Вільнюс і Рыгу. Увядзенне новых тэхнічных стандартаў прывяло Лілію Васільеўну ў Вугліч, дзе яна скончыла Усерасійскі навукова-даследчы інстытут масларобства і сыраробства і атрымала кваліфікацыю эксперта-дэгустатара малочнай прадукцыі.

У склад лабараторнага комплекса ўваходзіць некалькі падраздзяленняў, работнікі якіх праводзяць кантроль малочнай прадукцыі падчас прыёмкі, а таксама забяспечваюць тэхналагічны працэс вытворчасці. Ёсць у лабараторыі пост радыёметрычнага кантролю. Хімічны аналіз, мікрабіялагічны, імунаферментны – усё гэта здольна выканаць лабараторыя завода. Акрамя кантролю за сыравінай і гатовай прадукцыяй, спецыялісты робяць пастаянныя замеры паветра ў цахах, аналіз вады, санітарна-біялагічныя змывы са спецвопраткі і рук работнікаў. З дапамогай спецыяльных апаратаў халоднага туману дэзінфіцыруюць паветра ў памяшканнях завода.

Падчас “малочных войнаў”, якія перыядычна вяла Расія з Беларуссю, Ліліі Васільеўне не раз прыходзілася “жыць” у машыне, цэлымі днямі сядзець у чаканні прыёму расійскімі службамі. Паездкі ў суседнюю дзяржаву і адстойванне інтарэсаў свайго прадпрыемства адбіваліся на здароўі, але яна не магла здрадзіць свайму калектыву. Начальнік лабараторыі ведала, што яе чакаюць толькі са станоўчым вынікам, бо ад яго залежаць фінансавы дабрабыт прадпрыемства і зарплата кожнага члена вялікай сям’і.

Жар-птушка з сырнага раю

Больш за дзесяць гадоў Лілія Ціхановіч выконвала абавязкі намесніка дырэктара завода па ідэалагічнай рабоце. У гэты час пабачыла свет унікальная кніга “Жар-птица из сырного рая» — пра гісторыю, традыцыі і сучасны стан прадпрыемства. Лілія Васільеўна за вывучэннем архіўных дакументаў сядзела начамі, сустракалася з калегамі-пенсіянерамі, па крупінках збірала іх успаміны, праглядвала стосы здымкаў. У 2011 годзе кніга аб людзях, якія стваралі завод, была выдадзена. Яна стала сапраўдным падарункам для тых, хто аддаў сваё жыццё гэтаму прадпрыемству, хто здабываў яму славу і пашану.

Аматар здаровага ладу жыцця, прапагандыст фізкультуры і спорту, Лілія Васільеўна шмат зрабіла па арганізацыі ў калектыве фізкультурна-масавай работы. Пастаянныя перамогі каманды сырзавода на раённым турыстычным злёце, у спаборніцтвах па валейболе, на раённай спартакіядзе сярод працоўных калектываў і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці таму пацвярджэнне.

Актыўна ўдзельнічала каманда Ашмянскага сыраробнага завода “Млечны шлях” у інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”. Паездкі і экскурсіі, зладжаныя сумесна з прафсаюзным камітэтам, садзейнічалі яднанню калектыва, рабілі жыццё насычаным і цікавым.

Без захаплення чалавек нецікавы

Падчас вучобы ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Лілія Васільеўна Ціхановіч пачула неяк ад выкладчыка, што ў кожнага кіраўніка павінен быць любімы від спорту і любімы занятак – гэта дазваляе трымаць аўдыторыю. І адно, і другое ў начальніка лабараторыі ёсць, нават у кубе.

Яна і валейбалістка здатная, і шахматыстка адмысловая. А яшчэ мае захапленне, якое ставіць яе ў адзін рад з самымі заядлымі мужчынамі-рыбакамі. Яна “брэдзіць” спінінгам з лодкі. Захварэла гэтым хоббі жаўчына даўно і назаўсёды. Мае дзве лодкі з маторам. Нават прайшла навучанне і атрымала спецыяльнае пасведчанне аб праве кіравання маламернымі судамі. А якія ў яе вуды і спінінгі! Кожны коштам як некалькі шыкоўных вячэрніх сукенак!

Разам з калегамі “рыбачка” не раз станавілася пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў. Але ў гэтым захапленні найбольшае задавальненне жанчына атрымлівае ад зносін з прыродай.

 

— Яна адцягвае, асабліва пасля нярвовых праверак, — прызнаецца Лілія Васільеўна. – Шкада толькі, што многія людзі гэтага не разумеюць. Не чуюць і не бачаць прыгажосці вакол сябе. Жывуць, як апошні раз,  не пакідаючы пасля сябе нічога дзецям і ўнукам.

Ёсць у жанчыны яшчэ адно хоббі – збіранне грыбоў. Яно ў Ціхановічаў, дарэчы, сямейнае, бо і муж Ліліі Васільеўны Анатоль Пятровіч — аматар ціхага палявання. Восенню рыбачцы прыходзіцца разрывацца: ці ў нядзелю адправіцца на вадаём, ці з кошыкам  — у лес. Часцей за ўсё перамагае рыбная лоўля.

Лецішча – уладанне мужа

Летам дачны ўчастак Ціхановічаў тоне ў кветках. Як нядзіўна, кветкаводствам больш займаецца Анатоль Пятровіч. Тут слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы сырзавода знаходзіць адпачынак пасля працы. Гэта яго тэрыторыя і яго ўладанне, дзе ён пастаянна нешта майструе, прыладжвае, залівае падмуроўкі, папраўляе, падфарбоўвае, садзіць, косіць…

На лецішчы ўвесь час цвітуць кветкі: з ранняй вясны і да позняй восені. Радуюць вока півоні, цюльпаны, клямацісы і гваздзікі, ружы розных гатункаў, лаванда і гладыёлусы. Ёсць у Ціхановічаў і сад, дзе акрамя пладовых дрэўцаў шмат дэкаратыўных, прывезеных з розных краін свету. Сярод іх ганаровае месца займае глог з бацькоўскага падворка (жыла сям’я мужа ў Семерніках). Для Анатоля Пятровіча – гэта памяць аб дзяцінстве і дарагіх яго сэрцу людзях.

На лецішчы любіць бываць і сын Цімафей, які жыве з сям’ёй у Мінску. Ёсць чым заняцца на прасторы ўнучцы Васілісе. Сваё імя дзяўчынка атрымала ў гонар прадзедаў: працаўніка Васіля Юшкевіча і Васіля Волгіна – Героя Савецкага Саюза, удзельніка бітвы на Курскай Дузе…

Заслуга калектыва

У прысваенні ганаровага звання “Чалавек года Гро­дзеншчыны” Лілія Васільеўна Ціхановіч бачыць найперш заслугу калектыва: тых, хто працуе сёння, і хто дбаў пра завод на пачатку яго станаўлення. Ашмянцы шмат прыклалі сіл, каб прадпрыемства стала адным з лепшых у рэспубліцы, каб гучалі на поўную моц сыры “Князь Гольша” (назву прыдумала Лілія Ціхановіч), “БелаРусь” , “Белорусское золото”…

– Мне не сорамна за прадукцыю, якую выпускаюць нашы работнікі. Яна якасная і смачная, аб чым сведчаць нашы дасягненні і водгукі спажыўцоў. Шкада толькі, што рана пайшлі з жыцця мае бацькі. Гэта і іх узнагарода таксама, — заўважыла напрыканцы Лілія Васільеўна Ціхановіч.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва сям’і Ціхановіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *