На мінулым тыдні ў будынку Гальшанскага сельвыканкама пачала працаваць фотавыстава, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі. Здымкі, зробленыя мясцовай жыхаркай, фотааматарам Валянцінай Лабунінай, адлюстроўваюць частку гісторыі Гальшан і ваколіц, пачынаючы з 1967 года.
Менавіта ў гэты час на плошчы населенага пункта быў усталяваны помнік землякам, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым жа годзе з’явіліся помнікі ў Доргішках, Семерніках, Міхайлоўшчыне, а таксама на месцы масавага пахавання цыган у в. Навасяды. Аб трагічных падзеях вайны сведчыць магіла чырвонаармейца Івана Кавецкага на царковішчы Свята-Георгіеўскага храма ў Гальшанах і помнік каля дарогі Ашмяны-Валожын, дзе здзейснілі гераічны подзвіг лётчыкі Пётр Страленка і Аляксандр Аўдзееў.
— Па гэтых здымках можна прасачыць, як адзначаліся святочныя мерапрыемствы на тэрыторыі сельсавета, — заўважае аўтар фотавыставы. – Тут гісторыя помнікаў і магіл ахвяраў вайны, і святочныя мітынгі з удзелам ветэранаў, і ўрачыстыя раённыя акцыі “Ад помніка да помніка”. Гэта памяць пра людзей, якіх ужо няма сярод жывых, і напамін маладому пакаленню захоўваць мір на Зямлі.
У арганізацыі выставы, якая змяшчае больш за сорак здымкаў, Валянціне Сцяпанаўне дапамаглі супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі разам з Таццянай Івановай і загадчыца школьнага народнага музея Яніна Корзун. Разлічана фотахроніка найперш на мясцовых жыхароў, бо практычна кожны тут можа знайсці калі не сябе, то сваіх родных і блізкіх. Цікавай яна будзе для краязнаўцаў і для ўсіх неабыякавых да гісторыі людзей.
Аліна САНЮК.