“Я сват прысланы, каб быў стол засланы”. Як раней у Ашмянскім раёне сваталіся і жаніліся

Культура

 

Вельмі важнай падзеяй у жыцці была жаніцьба. Па традыцыі хлопец пасылаў сватоў да дзяўчыны спачатку на запытанне. Калі бацькі і дзяўчына давалі згоду, то ў наступны раз сват прыязджаў ужо з жаніхом. Маладыя людзі бліжэй знаёміліся, болей сустракаліся. Пасля жаніх прыязджаў з бацькамі, гулялі заручыны. Бацькі жаніха запрашалі нявесту з бацькамі на перагледзіны (аглядалі, дзе маладыя будуць жыць, як будуць весці гаспадарку). Мама расказвала, што аднойчы прыехала свацця, зайшла да нас у хату, паставіла на стол бутэльку віна і кажа: “Я сват прысланы, каб быў стол засланы”. Але сястры на той час не было нават і дваццаці гадоў, дый хлопец той ёй не падабаўся, таму свацця атрымала адмову. Яшчэ не раз да сястры прысылалі сватоў на запытанне, але ўсім было адмоўлена, бо сэрца яе было занята хлопцам са сваёй вёскі.

1958 год

У тыя гады не было вясельных салонаў. Шлюбныя сукенкі шылі на заказ, толькі трэба было мець адпаведную тканіну. Сястра гаварыла, што так і не змагла знайсці лепшага матэрыялу, прышлося шыць сукенку са штапелю. Уражваюць вэлюмы таго часу. Над галавой яны былі высока сабраны складачкамі-зборкамі, аздабляліся пацеркамі, белымі кветачкамі і лісточкамі, таму выглядалі, як карона. Прыкметай цнатлівасці нявесты быў маленькі міртавы вяночак, прымацаваны да вэлюма. А сам вэлюм быў доўгі, ніжні край ляжаў на падлозе. А як маладыя ішлі да алтара, то яго неслі “асістэнткі”. Сукенкі былі закрытыя, з доўгімі рукавамі – падкрэслівалі сціпласць нявесты. Модна было белую сукенку і вэлюм упрыгожваць зелянінай, найчасцей прышывалі лісточкі з вазонаў папараці альбо шпарагуса. Букеты нявесты былі з сезонных кветак. Пазней ужо некаторыя маглі дазволіць сабе купіць калы, лілеі, гладыёлусы.

1970 год

(Працяг будзе.)

Ядзвіга ЧАПЛІНСКАЯ..

Фота з архіва аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *