Жаночая сумка

Точка зрения

Не такая яна простая рэч – жаночая сумка. Самыя лепшыя сумкі ў сваім жыцці (іх было за пяцьдзясят з лішнім гадоў нямала) мне ўдалося набыць у Мінску. Патрэбна ўдакладніць, што набываліся яны ў магазіне “Падарункі” насупраць кафэ “Мядуха”.  Гэты магазін меў асаблівы статус. Тут, пры наяўнасці невялікіх у студэнтаў грошай, можна было знайсці прыстойную рэч.

Фото использовано в качестве иллюстрации

…Кожная жанчына мае схільнасць да калекцыяніравання якіх-небудзь рэчаў у сваім гардэробе. Гэта рэч заўсёды яе выдзяляе сярод іншых. Густ на сумкі ў мяне з’явіўся яшчэ ў дзяцінстве, хутчэй з таго моманту, калі дзяўчынка пачынае ўсведамляць, якая гэта ўсё ж такі важная дэталь гардэроба.

…Мая першая дзявоцкая сумачка была незвычайнай. Такой не было ніўводнай з дзяўчынак майго ўзросту. Гэта была ярка-чырвоная сумачка, па форме падобная на крыху абрэзаную цагліну, і зачынялася яна зверху накрыўкай.  Завяршаўся працэс  яе адкрыцця і закрыцця паваротам цікавага замочка. Атрымала я яе ў падарунак ад маёй любімай цёткі Люсі з Луганску. Летам яна з мужам і сынам прыязджала да нас у вёску, каб пабачыцца са сваёй сястрой – маёй маці. Тая сумачка, мяркую, адыграла важную ролю ў маім жыцці, таму што пасля, ужо дарослай, мне ніколі не хацелася насіць сумачкі горшыя, чым была чырвоная з Украіны.

Так адбылося, што ў трэці раз у сваім жыцці я трапіла да цёткі ў Луганск ужо ў 1988 годзе праездам з гадавалым сынам. Дабраліся мы да знаёмага мне горада і да родных аўтобусам, да Мінска збіраліся ляцець самалётам. Пераначаваўшы ў родзічаў, накіраваліся да аэрапорта.  Выходзячы з аўтобуса ў мітусні, прыхапіўшы ручную паклажу, змешчаную ў сумкі, набытыя ў «Падарунках», і ўзяўшы на рукі сына, пра сваю дамскую сумачку зусім забылася. Ужо толькі каля дзвярэй аэрапорта, прыпыніўшыся, каб перавесці дух, спахапілася. Не толькі спахапілася, але і спужалася – там засталіся дакументы, грошы, білет. Самым неверагодным быў  факт, які стаў пацвярджэннем сапраўднага клопату пра чужую жанчыну-маці. Мая сумачка стаяла на тым самым сядзенні, дзе я яе пакінула. Гэта было месца для пасажыраў з дзецьмі. Ніводзін чалавек з поўнага аўтобуса да яе нават не дакрануўся.

…Яшчэ адна гісторыя, звязаная з сумачкамі, аказалася не такой прыемнай. Адну ў мяне ўкралі з рабочага кабінета. Праўда, забраўшы грошы з кашальком, дакументы, парасон, выкінулі яе непадалёку ад аўтавакзалу. Была тая сумачка ўжо не з магазіна “Падарункі”, але, без усякага сумнення, прыцягнула ўвагу чалавека, што цішком назіраў за маімі перасоўваннямі з кабінета ў кабінет да калег.

Жаночая сумка – гэта тая рэч, што як ніводная іншая адлюстроўвае род дзейнасці,  характар, звычкі, схільнасці, інтарэсы яе ўладальніцы.

Валянціна ДРАЗДОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *