Людміла Аркадзеўна Зарэцкая ніколі не думала аб прафесіі бібліятэкара. Яе юнацкія мары былі напоўнены неадольным жаданнем стаць юрыстам. Таму пасля заканчэння школы дзяўчынка з Гомельшчыны накіравалася паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Аднак у той год марам яе не суджана было збыцца: крыўдна, але не хапіла для залічэння аднаго толькі бала. І каб не губляць у пустую цэлы год, Людміла ўспомніла, як прыязджалі да іх у школу выкладчыкі Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума і запрашалі вучыцца на бібліятэкара. Гэта прафесія ніколі не выклікала ў Людмілы цікавасці, нягледзячы на тое, што старанная вучаніца пастаянна наведвала як школьную, так і сельскую бібліятэкі, таму што вельмі любіла чытаць. Аднак нейкая няведамая сіла падштурхнула яе да прыняцця, як пазней высветлілася, лёсам вызначанага рашэння – прысвяціць сваё жыццё служэнню кнізе.
Бібліятэчны тэхнікум яна скончыла з чырвоным дыпломам і паехала па размеркаванні працаваць у вёску Макрэц Брагінскага раёна. Палеская глыбінка сустрэла маладога спецыяліста ветліва. Багатая бібліятэка, пачатковая школка са сваімі традыцыямі, утульны фельчарска-акушэрскі пункт, вялікая, у адну вуліцу, вёска з раскіданымі па абодва бакі хатамі і сёння напаўняюць сэрца цёплымі ўспамінамі. Дасціпныя і разважлівыя палешукі, яе першыя чытачы, пакінулі глыбокі след у душы. Тут яна сустрэла сваё каханне, сваю другую палавінку – сціплага і шчырага хлопца Аляксандра, такога ж, як і яна, маладога спецыяліста, што прыехаў пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума працаваць у мясцовы калгас. Менавіта гэта сустрэча, а пасля і замуства аслабілі яе жаданне стаць юрыстам. Вяселле яны справілі ў 1986 годзе. Кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі маладой сям’і выдзеліла дом, аднак нядоўга была Людміла ў ім гаспадыняй. Жудасны выбух на Чарнобыльскай АЭС ураз перакрэсліў іх сямейныя планы і задумы. Трэба было з’язджаць з забруджанай тэрыторыі. Але куды? Неяк вечарам муж прынёс спіс населеных пунктаў, куды можна было пераехаць на жыхарства. У спісе гэтым значыліся і Ашмяны, аднак ні Людміла, ні Аляксандр нават і не чулі пра такі гарадок на паўночным захадзе Гродзеншчыны, побач з літоўскай граніцай. Але чамусьці выбар паў менавіта на яго. Аляксандр адпраўляецца ў Ашмяны прымаць удзел у будаўніцтве жылля для перасяленцаў, а Людміла застаецца з маленькай дачушкай Ксеніяй у забруджанай зоне.
У 1991 годзе сям’я пераязджае ў Ашмяны, у шматпавярховік у квартале Будаўнікоў. Людміла спачатку ўладкоўваецца працаваць у Палянскую бібліятэку, на час дэкрэтнага водпуску. Дарэчы, тая дзяўчынка Вераніка, за якой даглядалі ў “дэкрэце”, зараз стала калегай Людмілы і робіць першыя крокі ў прафесію пад яе кіраўніцтвам.
Ужо дваццаць год Людміла Аркадзьеўна Зарэцкая працуе ў гарадской бібліятэцы ў квартале Будаўнікоў. Размяшчалася яна спачатку ў будынку ААТ “Будаўнік”, дзе ва ўтульным невялічкім памяшканні быў і абанемент, і чытальная зала, і палова кніжнага фонду. Менавіта тут адбылося станаўленне яе як прафесіянала бібліятэчнай справы. Ёй заўсёды шанцавала на граматных і адказных калег, якія былі і памочнікамі, і дарадцамі, і скарбонкай цікавых ідэй і задум. Адданая сваёй любімай працы была Аляксандра Уладзіміраўна Бухоўская, з якой Людміла пачынала працаваць у гарадской бібліятэцы. Затым яе калегай стала Кацярына Генадзеўна Гарлуковіч, старанная і дапытлівая. Сёння загадчыца бібліятэкі дзеліць сваю штодзённую работу з маладой і крэатыўнай Веранікай Канстанцінаўнай Васілеўскай і Кацярынай Адамаўнай Рагінскай, чалавекам вопытным і неабыякавым, сапраўдным рупліўцам — прафесіяналам.
Вяртаючыся ў думках у сваю маладосць, Людміла Аркадзеўна не можа ўявіць, што зараз працавала б юрыстам. Не, безумоўна, яна выбрала правільную дарогу ў жыцці, бо з радасцю ідзе на працу і з радасцю вяртаецца дамоў. Яна заўсёды крыўдзіцца, калі недасведчаныя людзі непаважліва ставяцца да работы бібліятэкара, які, маўляў, толькі кнігі і чытае на рабоце. Сучасная бібліятэка вымагае шмат сіл, бо акрамя кнігавыдання шмат часу займае “папяровая” работа, сярод якой састаўленне картатэк, а для гэтага неабходна праглядзець і кнігі, і перыядычныя выданні. Напісанне сцэнарыяў, правядзенне мерапрыемстваў, наведванне школ і дзіцячых дашкольных устаноў – далёка не ўвесь пералік спраў, якімі займаецца бібліятэкар. І ўсё ж такі самай галоўнай з іх застаецца прапаганда кнігі, стварэнне станоўчага іміджу бібліятэчнай установы.
Гарадская бібліятэка ў гэтым сэнсе з’яўляецца адметнай. Гэта бібліятэка сямейная. Сюды прыходзяць бабулі і дзядулі, таты і мамы, брацікі і сястрычкі. Нягледзячы на тое, што папулярнасць бібліятэк падае, у гарадской з кожным годам колькасць карыстальнікаў расце. Яшчэ некалькі год назад іх было менш паўтары тысячы, цяпер – 2300 чалавек. Асноўная частка чытачоў пражывае ў квартале Будаўнікоў, аднак звяртаюцца сюды людзі не толькі з горада, але і раёна. Карыстаецца яна папулярнасцю ў завочнікаў, бо кніжны фонд налічвае шмат галіновай літаратуры. Запыты сваіх наведвальнікаў тут ніколі не пакідаюць нявыкананымі. Зараз на дапамогу прыходзіць інтэрнэт. Ёсць такая паслуга, як міжбібліятэчны абанемент, што дазваляе звязацца з іншымі бібліятэкамі вобласці і рэспублікі.
Карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў абменны фонд, які яны ж самі і ствараюць, прыносячы ўласныя кнігі ў дар бібліятэцы. Багаты ў гарадской бібліятэкі камерцыйны фонд, дзе за сімвалічную плату можна ўзяць пачытаць ці выкарыстаць пры падрыхтоўцы дакладаў альбо рэфератаў неабходную літаратуру.
Сёння бібліятэка выпісвае 60 найменняў перыядычных выданняў, разлічаных на розны ўзрост і густ. Як не дзіўна, вельмі часта бяруць чытачы беларускія літаратурна-мастацкія выданні. А вось малышам даспадобы ілюстраваныя і яркіх дзіцячыя кнігі. Дашкольнікі і дзеці пачатковых класаў, па словах Людмілы Аркадзеўны, гэта самыя жаданыя наведвальнікі. Менавіта ў дзяцінстве ім трэба прывіваць павагу да кнігі. Калі ім не закласці любоў да чытання ў маленстве, марна чакаць іх да сябе ў падлеткавым альбо сталым узросце.
З дапамогай кнігі бібліятэкар не толькі дапамагае набыць чытачу новыя веды, але і выхоўвае яго. І тут вельмі важна, лічыць Людміла Аркадзеўна, прапанаваць яму патрэбны твор ці аўтара, каб захацелася не толькі пачытаць, але і прыйсці ў бібліятэку яшчэ раз, каб атрымаць новую порцыю “лекаў для душы”. А таму бібліятэкар павінен быць не толькі прафесіяналам сваёй справы, але і тонкім псіхолагам, і педагогам, і нават доктарам. Сёння шмат людзей схіляецца да думкі, што бібліятэрапія — гэта зусім не жарт.
Сёлетні год у Беларусі абвешчаны Годам кнігі. І загадчык гарадской бібліятэкі Людміла Аркадзеўна Зарэцкая з гонарам зазначае, што гэта год і бібліятэчных работнікаў таксама. І што б сёння не казалі аб павароце ў напрамку да электроннай кнігі, класічны варыянт яе ўсё роўна будзе жыць, і бібліятэкі будуць, як і раней, рады кожнаму свайму чытачу, дапытліваму і неабыякаваму, летуценнаму і ўдумліваму.
Аліна Санюк.
Фота аўтара.
