За гонар школы

Культура Образование

“Сузор’е талентаў” – менавіта пад такім дэвізам  прайшло чацвёртае раённае  настаўніцкае  свята “За гонар школы”. Яно ўжо стала добрай традыцыяй і  збірае год ад году разам педагогаў, вучняў і бацькоў нашай Ашмяншчыны, каб ў адзіным парыве расказаць пра сваю самую лепшую школу.

У гэты дзень ва ўтульнай зале сярэдняй школы № 1 панавала цёплая і добразычлівая атмасфера. Са сцэны гучалі дасціпныя жарты, песні, вершы. Кожная школа паказала сваё сузор’е талентаў.

Свята ў чарговы раз прадэманстравала, наколькі  ашмянскія педагогі ўлюбёныя ў сваю прафесію, наколькі яны любяць свае школы, сваіх дзяцей і гатовыя да інавацый і перамен.

Сакрэт поспеху нашых устаноў адукацыі —  непарыўны саюз бацькоў, дзяцей і педагогаў. Мудрасць і вопыт старэйшага пакалення,энтузіязм і энергія маладосці дапамагаюць калектыву кожнай навучальнай установы працаваць якасна і творча.

ПРАГРАМЫ  НА ЛЮБЫ ГУСТ

Калектывы ўсіх устаноў адукацыі прапанавалі яркія праграмы, асновай якіх былі сучасныя ідэі і творчы падыход да калектыўнай справы, гонар за сваю школу.  Журы адзначала і пазітыўную дынаміку якасці выступленняў базавых школ, сельскіх устаноў адукацыі.

Высокім прафесіяналізмам і прадуманай рэжысёрскай работай вызначаліся конкурсныя праграмы СШ № 3, СШ № 1. Цэласнасць і лагічнасць выступленняў  прадэманстравалі  калектывы Кальчунскай СШ, школы-інтэрната, СШ № 3 і СШ № 1, Мураванаашмянкоўскага  і Навасёлкаўскага ВПК, Павяжскай і Гродзіеўскай БШ. Крэатыўныя знаходкі, смеласць творчых рашэнняў, уменне стварыць узнёслы настрой і “трымаць залу” характарызавалі  калектывы Кальчунскай СШ, Павяжскай і Гродзіеўскай БШ, школы-інтэрната.

Конкурсная праграма вялася на 9 мовах: рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай, польскай, літоўскай, украінскай. Лепшую іншамоўную падрыхтоўку прадэманстравалі выступоўцы школы-інтэрната, Павяжскай БШ, гімназіі № 1. Падчас выступлення Кальчунскай школы нават  гучала латынь.

Педагогі, настаўнікі і бацькі, як сапраўдныя акцёры, вельмі эмацыянальна распавядалі пра школьныя таленты. Журы асабліва  адзначыла акцёрскае майстэрства  выступоўцаў Кальчунскай СШ, СШ № 3, Павяжскай БШ, Крэйванцаўскага ВПК, школы-інтэрната.

Сапраўднае супрацоўніцтва  ў трыядзе “бацька-вучань-настаўнік” госці мерапрыемства ўбачылі падчас выступленняў калектываў Навасёлкаўскага і Цудзенішскага ВПК, Гродзіеўскай і Павяжскай БШ, гімназіі № 1.  Прыемна, што разам з вучнямі выступалі выпускнікі  СШ  № 1, гімназіі № 1. На сцэне побач са сваім калектывам былі і дырэктары  СШ № 3, гімназіі № 1, Кальчунскай СШ,  Навасёлкаўскага, Мураванаашмянкоўскага і Дакурнішскага ВПК, Павяжскай і Гродзіеўскай БШ.

Музыкальным і відэасуправаджэннем былі праілюстраваны старонкі  школьнага жыцця.  Сучасныя танцавальныя нумары вынеслі на суд гледачоў  Жупранская СШ, Барунскі ВПК, СШ № 1, СШ № 3, СШ № 2, гімназія № 1. Найбольш крэатыўна была пастаўлена спартыўная кампазіцыя Жупранскай СШ. Яскрава праявіліся спявацкія таленты выхаванцаў СШ № 3, СШ № 1,  гімназіі № 1, Гальшанскай гімназіі, Граўжышкоўскага, Навасёлкаўскага і Мураванаашмянкоўскага ВПК. Лепшыя фінальныя песні прагучалі ў выкананні калектываў СШ № 3, СШ № 1, Навасёлкаўскага, Мураванаашмянкоўскага і Барунскага ВПК.  Лірычная шчырасць была  характэрна для праграмы школы-інтэрната.

Вядучыя свята Кацярына Астрамовіч, Вячаслаў Янкоўскі, Наталля Кардзіс і Аляксандр Навумчык удала спалучалі добрыя жарты і сур’ёзны падыход да даручанай ім адказнай справы. Напрыклад,   наступнае свята “За гонар школы” яны прапанавалі правесці ў зімовым лесе. Для гэтага, лічаць вядучыя, усё ёсць: давозам займецца калектыў СШ № 1, Дзед Мароз з саксафонам і Снягурачка з ноўтбукам прыйдуць з СШ № 3, а майстрыхі з цэнтра пазашкольнай  работы падрыхтуюць усім удзельнікам прыгожыя валёнкі.

Адзначаны і  высокі ўзровень вядзення конкурсных праграм вядучымі  СШ № 1, № 3, гімназіі № 1, школы – інтэрната, Крэйванцаўскага, Мураванаашмянкоўскага і  Цудзенішскага ВПК.

З НАДЗЕЯЙ НА «НАДЗЕЮ АШМЯНШЧЫНЫ»

Падчас правядзення свята “За гонар школы” традыцыйна адзначаюцца школьнікі,  якія дасягнулі асаблівых поспехаў. Гэта невыпадкова, бо перамогі вучняў, іх неабыякавасць да вучобы, работа на вынік – гэта будучае нашага раёна і краіны.

Са словамі прывітання да  ўдзельнікаў свята і віншавання намінантаў  прэміі “Надзея Ашмяншчыны” звярнуўся  старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый  Адамчык.

— Вельмі важна, што нялёгкая праца вучняў  будзе сёння  адзначана. Удвая прыемна, што побач з нашымі ашмянскімі зорачкамі — іх бацькі і педагогі, што дэманструе агульнае імкненне  сям’і і  школы да выхавання і адукацыі будучага пакалення.

Юрый Уладзіміравіч  запрасіў на сцэну вучняў  разам з бацькамі і класнымі кіраўнікамі. Спачатку былі ўручаны прэміі за высокія паказчыкі ў раённым алімпіядным руху, прадметных конкурсах. Іх атрымалі   вучаніца 6 класа  СШ №1 Марыя Шунько, вучаніца 8 класа Навасёлкаўскага ВПК Ангеліна Хілінская, вучаніца 10 класа СШ  №3 Алена Буткевіч. “За поспехі ў навукова-даследчай дзейнасці” ўзнагароды атрымалі вучаніца 9 класа СШ №3 Анастасія Дукель, вучань 8 класа Навасёлкаўскага ВПК Дзмітрый Бернат,  вучаніца 10 класа СШ №2 Таццяна Дабраловіч, “За спартыўныя дасягненні” – вучань СШ №3 Міхаіл Кішкель,  вучань Дакурнішскага  ВПК  Сяргей Болзан, “За актыўны ўдзел ў краязнаўчай рабоце” – вучаніца 11 класа СШ №2 Віялета Мордас, “За актыўны ўдзел у грамадскай, валанцёрскай дзейнасці” — вучаніца 9 класа СШ №2 Вікторыя Дваранская,  “За высокія паказчыкі ў вучобе” — вучаніца 9 класа гімназіі № 1 Ангеліна  Грыб.

САМЫЯ “ЯКАСНЫЯ ШКОЛЫ”

Ні адна школа ў гэты святочны дзень не засталася без  слоў падзякі. Яно і зразумела:  ні адна важная  школьная справа не застаецца без увагі кіраўніка аддзела адукацыі. Так што кожны калектыў, кожны настаўнік атрымаў сваю долю апладысментаў.

Асобна былі выдзелены калектывы тых устаноў адукацыі, якія маюць перамогі рэспубліканскага значэння, бо дзякуючы ім наш раён ведаюць у рэспубліцы,  – гэта гімназія № 1 і Мураванаашмянкоўскі ВПК – пераможцы рэспубліканскага этапу “Энергамарафон- 2010”, СШ № 2 – уладальнік дыплома 1 ступені рэспубліканскага конкурсу “Летапіс населенага пункту”, СШ № 3 – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Квітней, мой край!” і “Пароль – акцябронак”.

У гэты дзень начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская ўручыла нагрудны значок Міністэрства адукацыі РБ “Выдатнік адукацыі” настаўніцы геаграфіі СШ №1 Ларысе Станкевіч і Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі настаўніцы пачатковых класаў СШ №1 Марыі Ясевіч.

Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу “Школа ўзорнай якасці і парадку — 2011”.   У намінацыі “Якасць у адукацыі” перамогу атрымала гімназія № 1, “Якасць асабістага і прафесійнага росту” – СШ № 1, “Якасць  выхавання і адносін да здароўя” – СШ № 2, “Якасць умоў” – СШ № 3. А “Школай ўзорнай якасці і парадку — 2011” у другі раз стала сярэдняя школа № 1.

ЗОРНЫ РОССЫП ТАЛЕНТАЎ

Вызначыць пераможцу свята “За гонар школы” было вельмі складана – усе выступленні, усе калектывы заслугоўвалі самай высокай адзнакі. Уладальнікам Гран-пры  стаў калектыў  Кальчунскай сярэдняй школы. Першае  месца падзялілі калектывы школы-інтэрната, Павяжскай і Гродзіеўскай базавых школ. У намінацыі “Вучыцца. Тварыць. Перамагаць”  дыпломамі аддзела адукацыі ўзнагароджана СШ №1, у намінацыі “Уперад за інавацыямі” —  СШ №2, “Здесь просто быць собой, здесь просто быть звездой” – СШ №3, “Мы разам: педагог, настаўнік і дзіця” – гімназія №1,  “З любоўю да малой Радзімы” — Гальшанская гімназія”, “Спадчына і сучаснасць” — Жупранская сярэдняя школа, “Скарбніца талентаў” — Мураваашмянкоўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа,  “Жыццё – адказнейшы экзамен” — Дакурнішскі ВПК,  “Усё пачынаецца з сям’і” — Навасёлкаўскі ВПК, “Сонца – навек, шчасце — навек” – Барунскі ВПК,  “За любоў да школы” — Цудзенішскі ВПК,  “З мінулага ў будучыню з аптымізмам” – Граўжышкоўскі ВПК, “Лепшая змена – гэта мы” — Крэйванцаўскі ВПК.

Журы конкурсу вырашыла, што на наступны год абавязкова ў яго склад будуць уключаны прадстаўнікі кожнай установы адукацыі.  У інтэрактыўным рэжыме будзе вызначацца і  ўстанова, якая заслугоўвае “Прыз сімпатый гледачоў”.

Ларыса КАХАНОЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: падчас свята.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *