Свята народных рамёстваў прайшло ў Палянах

Год малой родины Культура

Свята народных рамёстваў “Майстэрства рук і сэрца” праводзіцца ў Палянах штогод і прыпадае звычайна на летнія цёплыя месяцы. Тады і вёска літаральна на вачах “вырастае”: прыязджаюць дачнікі ў бацькоўскія гнёзды, імкнуцца на свежае паветра і бясконцыя абшары гарадскія ўнукі. Колькасць жыхароў перакідваецца ўлетку за сто чалавек. Весялей становіцца людзям сталага веку. Ды і малышы знаходзяць сабе тут новых сяброў, з якімі можна і ў старажытны парк схадзіць, і гульню арганізаваць, і на край вёскі збегаць. А можна і ў вясковы клуб зазірнуць. Тут, на другім паверсе, сапраўдны цуд творыцца. Вырастаюць казачныя персанажы з саломкі, мініяцюрныя дрэўцы з бісеру, жывыя карціны-аплікацыі са спадручных прыродных матэрыялаў. На ўсю гэтую прыгажосць можна не толькі падзівіцца, але і самім навучыцца яе ствараць. Пад кіраўніцтвам Валянціны Свірскай, Валянціны Пакульневіч і Мар’яна Козара ў руках вучняў (а прыходзяць займацца ў Дом рамёстваў не толькі дзеці, але і дарослыя) ажываюць шаўкавістая саломка і цёплае дрэва, жвава ходзіць па канве іголка для вышывання.

Вясковы культурны цэнтр аб’ядноўвае вакол сябе людзей праз цягу да творчасці і родных каранёў.

— Асабліва любяць вяскоўцы свята рамёстваў, — прызнаецца загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Валянціна Свірская. — Яно аб’ядноўвае вакол сябе не толькі месцічаў, якія з задавальненнем прыходзяць паслухаць самадзейных музыкаў, але і згуртоўвае таленавітых людзей, што берагуць і спрабуюць перадаць пакаленням талент і традыцыі сваіх продкаў. У гэты дзень прыходзяць не толькі людзі з Палян, але і з суседніх вёсак.

Да свята звычайна ладзіцца вялікая выстава работ майстроў Палянскага аддзела і гасцей з другіх клубных устаноў раёна. На гэты раз сваё майстэрства прадэманстравала тут Святлана Сярпейка з Кальчун. Да вырабаў з гліны, саломкі, бісеру, рэчаў, аздобленых вышыўкай, далучылася яе вытанчаная выцінанка. Усе жадаючыя маглі ўзяць у рукі звычайныя нажніцы і паспрабаваць пад пільным позіркам майстра выразаць карункі з паперы. Майстар-клас па рабоце з дрэвам паказаў і Мар’ян Козар.

Вядучыя свята Валянціна Свірская і Канстанцін Яраш сабралі багата інфармацыі пра традыцыі і рамёствы беларусаў. Яна была цікавай і больш блізкай, безумоўна, людзям ва ўзросце. Для дзяцей і моладзі больш прывабныя сучасныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Каб яны не засумавалі, арганізатары свята запрасілі да сябе калег з Гродзяў. Валянціна Мікліс, Наталля Печкур і Станіслава Тамашэвіч правялі для дзяцей гульнёвую праграму. Усім без выключэння прыйшоўся даспадобы канцэрт з удзелам народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу, у рэпертуары якога і эстрадныя кампазіцыі, і народныя беларускія песні.

Не забыліся клубныя работнікі павіншаваць з юбілеем сваіх аднавяскоўцаў. З 70-годдзем прымаў віншаванні Яўген Варонін, дзень нараджэння якога прыходзіцца якраз на гэтыя летнія дні.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *