У краязнаўчым музеі прайшла раённая канферэнцыя «Ашмяны. Погляд праз стагоддзі»

Главное События

Яна праводзіцца ўжо ў другі раз: першая была прысвечана ўгодкам нашага славутага земляка Ф. Багушэвіча.

2011 год – юбілейны для нашага горада. Не так даўно мы адсвяткавалі яго 670-годдзе. На жаль,  нават і сёння застаюцца  маладаследаваныя старонкі гісторыі роднага краю. Не  можа не радаваць той факт, што людзей,  апантаных вывучэннем мінулага,  становіцца ўсё больш.  Прыемна, што  цікавасць праяўляе і  моладзь. Доказ гэтаму – грунтоўныя даследаванні, прадстаўленыя на канферэнцыі.

Адкрыла мерапрыемства дырэктар краязнаўчага музея Жанна Іванова. Па традыцыі першае выступленне прадстаўляецца навукоўцам музея – пра гісторыю гарадской забудовы расказала Ірына Бусловіч. Яна пачала з версій паходжання назвы нашага горада і падзялілася цікавымі знаходкамі навуковых супрацоўнікаў музея пра невядомыя факты гісторыі. Дарэчы,  пра гісторыю назвы і ўзнікнення горада дакладвала і вучаніца  6 класа СШ № 2   Т. Вайгяніца.

Сярод пачэсных гасцей  мерапрыемства былі дырэктар ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, фотааматар  Тамара Філіповіч і паэт, краязнаўца, выхавацель інтэрната аграрна-тэхнічнага каледжа Яўген  Куст. Яны шмат год супрацоўнічаюць з краязнаўчым музеем.  Дарэчы,  работа Яўгена Гаўрылавіча, якая прымае ўздел у абласным конкурсе  “Мае землякі, мой гонар” прысвечана  добраму кіраўніку, таленавітаму чалавеку і цудоўнай жанчыне Тамары Філіповіч.

—  Шмат сёння гавораць пра скарб Напалеона, які  быццам бы пакінуты на нашай зямлі, але, на мой погляд, самы вялікі скарб – гэта гісторыя і тыя людзі, якія сёння імкнуцца  яе вывучаць. Сапраўдны скарб знаходзіцца тут, у сценах музея, сёння і заўсёды,  —  сказаў Я. Куст.

Тамара Уладзіміраўна не толькі таленавіты фатограф, але і ўлюбёны ў беларускую і ў прыватнасці ў ашмянскую  зямлю чалавек.  Сваю любоў да нашага краю і яго людзей яна перадае не толькі праз фотаздымкі, але і ў кнігах. Як раз да юбілею горада, які для яе,  ўраджэнкі Украіны, па-сапраўднаму стаў родным, яна выдала   кнігу “Час і людзі”, дзе сабрала  звесткі пра ашмянскія прадпрыемствы вачамі сучаснікаў.  Тамара Уладзіміраўна  падаравала сваю кнігу краязнаўчаму музею, так што выданне  цяпер заўсёды будзе захоўвацца для наступных пакаленняў.

З характэрным яму глыбокім пачуццём любові да Ашмяншчыны  выступіў наш паэт, краязнаўца Петр Шакола. Ён расказаў пра тое, што значаць Ашмяны ў яго жыцці. Вельмі пранікнёна гучалі  ўспаміны пра вулачкі, па якіх ён бегаў малы, пра добрых суседзяў, пра тых, хто паўплываў на яго ўсведамленне сябе як асобы, пра горад з мінулага.

Кожны  радок вершаў П. Шаколы дыхае любоўю да роднай зямлі.  Яго талент  нарадзіў пранікнёныя  вершаваныя радкі,  якія дарэчы і сталі сімвалам  самаадданасці роднаму краю і высечаны на камяні, устаноўленым у гонар юбілею горада.

Петр Валерьянавіч займаецца і выдавецкай дзейнасцю, ужо ўбачылі свет 4 самавыдадзеных  зборнікаў вершаў. Удзельнікам канферэнцыі ён прапанаваў некалькі пытанняў, а ў якасці ўзнагароды – свае кнігі. Прыемна, што перамога і кнігі  дасталіся менавіта юным ўдзельнікам: вершаваныя радкі Пятра Валерьянавіча дапамогуць ім спасцігнуць вытокі патрыятызму.

Вельмі цікавым і карысным было выступленне Алены Апанель “Ашмяны ў рэтраспектыве часу”.  Спачатку Алена Іванаўна пры дапамозе інтэрнета  і архіваў музея шукала цікавыя фотоздымкі нашага горада мінулых часоў. Потым з  фотаапаратам у руках яна  прайшла тымі  маршрутамі, якія былі на фотастаронках мінулага роднага горада.

— Самае галоўнае, што ўдалося мне высветліць, — заўважыла Алена Апанэль, — што наш горад  практычна не мяняецца. Зразумела, вырастаюць новыя будынкі, але я з лёгкасцю знайшла тыя месцы, якія былі занатованы 100 гадоў таму.  Як цікава і адказна стаяць на тым месцы, дзе стаяў фатограф ў 1916 ці 1944, ці 1967 годзе.

Але вельмі хочацца, каб наша местачковая забудова засталася і для наступных пакаленняў, каб гістарычны цэнтр нашага горада не страціў свайго твару.

Мая работа настолькі падалася цікавай вучням сярэдняй школы № 2, што яны працягнуць пачатую работу і збіраюцца зрабіць фотаздымкі сучасных Гальшан і параўнаць іх са здымкамі з мінулага.

Да слова, выстава фотамалюнкаў Алены Апанэль зараз экспануецца ў нашым музеі і параўнаць мінулае і сучаснае нашага горада могуць усе жадаючыя.

На прасторах інтэрнэта Алена Іванаўна знайшла вельмі цікавы відэаматэрыл, які датуецца 20-мі  гадамі ХХ стагоддзя. Відэакадры зняты на 16-міліметровую плёнку і з’яўляюцца адзіным пакуль відэасведчаннем  пра жыццё нашага горада ў той час.

Васіль Юрша – чалавек па-сапраўднаму зацікаўлены ў гісторыі і краязнаўстве. Менавіта ён па крупінах збіраў гісторыю ашмянскіх родаў. Васіль  Адамавіч падзяліўся звесткамі пра населеныя пункты. Яго даклад абудзіў у школьніках  цікавасць да пошуку  таямніц, якіх многа захоўвае наша зямля.

Трэба заўважыць, што  вельмі змястоўнымі і грунтоўнымі былі выступленні школьнікаў. Падчас іх дакладаў адчувалася не проста зацікаўленасць, а глыбіня распрацоўкі тэмы, навуковы падыход да збору і сістэматызацыі матэрыялу. Усведамляючы  як грунтоўна распрацоўваюць юныя навукоўцы тэмы, звязаныя з гісторыяй роднай зямлі, можна быць упэўненым, што ў беларуская гістарычнай навукі ёсць будучыня.

Самая юная дакладчыца Дар’я Шукеловіч вучыцца  ў 4 класе гімназіі № 1. І хаця трыбуна  пакуль яшчэ ёй не па росце, але яна з упэўненасцю расказала пра ролю мастацтва ў жыцці чалавека на прыкладзе творчасці нашага земляка.

Вучні сярэдняй школы № 3  на чале з настаўніцай Ядвігай Прасалоўскай ужо некалькі год вывучаюць гісторыю яўрэйскага насельніцтва Ашмян. Іх работа высока ацэнена на ўзроўні рэспублікі.  Цяпер юныя даследчыкі займаюцца вывучэннем рэлігійнага і грамадскага жыцця на яўрэйскай вуліцы Старых Ашмян. Пра сабраны матэрыял і знаходкі расказала прысутным В. Сымановіч. Заўважым, што наступныя Гальшанскія чытанні пройдуць у маі наступнага года  і будуць прысвечаны  вывучэнню рэлігійных канфесій на Ашмяншчыне, так што тэма даследавання вучняў СШ № 3 вельмі актуальная.

Школьнікаў  цікавяць асобы знакамітых землякоў, тых, хто праславіў родны край сваімі творамі. Так, пра нядоўгае, але яркае жыццё Ю. Карчэўскага распавядала  адзінаццацікласніца СШ № 2 В. Мордас, пра дынастыю Ходзькаў  — вучаніца Кальчунскай сярэдняй школы В. Бароўская, пра жыццё і творчасць паэта Анатоля Вішнескага – А. Сяргей.

Вельмі ўпэўненным і змястоўным было выступленне вучаніцы 6-га класа СШ № 2 М. Шведавай пра Барунскую базыльянскую школу і яе выпускнікоў.

Юныя даследчыкі гарталі старонкі гісторыі – пра мінулае і сучаснасць будынку аптэкі паведаміла І. Корзан з гімназіі № 1, пра падзеі 1812 года на тэрыторыі нашага раёна  — вучань 11 класа СШ № 2 А. Ганчарык, пра трагічныя старонкі  паўстання 1830-1831 гадоў – вучань СШ № 2 С. Ждановіч,  пра старажытную сядзібу ў Бянюнах – вучаніца 11 класа СШ № 1 А. Багуслаўская, гісторыю старэйшых ашмянскіх прадпрыемстваў даследавала адзінаццацікласніца СШ № 2 К. Гарлуковіч, а гісторыю нашага горада ў ХХ стагоддзі  —  Н. Вайткевіч.

Ларыса КАХАНОЎСКАЯ.

На здымках: падчас правядзення канферэнцыі.

Фото Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *