У адзінаццаты раз вёска Міхайлоўшчына збірае аднавяскоўцаў на свята “Радасць сустрэчы пад покрывам Святога Ільі”

Год малой родины Культура

Дарога дадому заўсёды шчымлівая і хвалюючая, асабліва калі ты даўно не быў ля роднага парога. Яна імклівая, як вада, і салодкая, як сон. І чым больш табе гадоў, тым яскравей тыя малюнкі з дзяцінства. Памяць нічога не сцерла: ні той сцяжынкі, па якой ты бегаў басанож, ні паху бліноў на раніцы, ні цёплых матчыных рук, якія атулялі цябе ад любых нягод. Тады здавалася, што гэтыя рукі будуць аберагаць і саграваць цябе ўсё жыццё, а маці ўсё гэтак жа будзе праважаць цябе ў дарогу, зачыняючы рыпучыя веснічкі і хрысцячы табе ўслед паветра.

Здаецца, што ўсё гэта было ўчора, і ты нават не адчуваеш, што за плячыма груз з дзясяткаў год, а побач ужо сваволяць унукі. Жыццё не стаіць на месцы, безупынку змяняючы усё навокал, не шкадуючы і нас. І толькі шчымлівы боль па роднай старонцы застаецца ранейшым. Няведамая сіла паднімае цябе з наседжанага месца і вядзе туды, дзе ты нарадзіўся, каб ізноўку перажыць тыя непаўторныя пачуцці…

У адзінаццаты раз вёска Міхайлоўшчына збірае аднавяскоўцаў на свята “Радасць сустрэчы пад покрывам Святога Ільі”. Колькасць людзей, якія прыходзяць і прыязджаюць на сустрэчу, не змяншаецца.

— Гэта свята людзей, якія спрадвеку тут, у гэтым праваслаўным куточку ашмянскай зямлі жылі і жывуць, — адзначае загадчыца клуба-бібліятэкі, мясцовая жыхарка Наталля Копач. – Сёння ў Міхайлоўшчыне пражывае каля 150 жыхароў. Вёска старэе, аднак паглядзіце колькі ў нас дзяцей сёння! Гэта нашы ўнукі і нават праўнукі, наш працяг. Будзем спадзявацца, што і іх будуць вабіць гэтыя маляўнічыя мясціны, дзе нарадзіліся і жылі продкі.

Свята вёскі традыцыйна прымяркоўваецца да дня Прарока Ільі, які ў праваслаўным календары прыпадае на 2 жніўня. Больш за сотню год стаіць у вёсцы храм, асвечаны ў гонар праваслаўнага святога, які з Божай ласкі аберагае месцічаў ад нягод. Урачыстае богаслужэнне з самай раніцы правёў у храме настаяцель царквы іерэй Уладзімір Семяняка. А ўжо пасля абеду вяскоўцы, а таксама ўраджэнцы гэтых мясцін сабраліся на культурную праграму, якую зладзілі работнікі культуры раёна. Гальшанскі аддзел культуры і артысты з райцэнтра, народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, калега-суседка Наталлі Копач з Семярнік Вольга Сінькевіч падрыхтавалі канцэртную праграму.

Зямлячка, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч прывітала сваіх землякоў чарговым вершам-прызнаннем у любові да роднай зямлі і людзей, якія тут жывуць. Артысты народнага тэатра запрасілі на спектакль “Апошняя спроба” (па п’есе Міхаіла Задорнава). Для дзяцей былі арганізаваны гульнявыя атракцыёны і продаж салодкай ваты з папкорнам. Моладзь чакала вячэрняй пары, каб патанцаваць на дыскатэцы.

— Заўтра свята прадоўжыцца, расказала Наталля Копач. – Як у школе праходзіць вечар сустрэчы школьных сяброў, так мы зладзілі вечар сустрэчы аматараў дыскатэкі. Заўтра да нас з’едуцца людзі, якія хадзілі на дыскатэку 10-15 год назад. Мы чакаем іх у госці з Літвы, Расіі, а таксама са шматлікіх гарадоў Беларусі: Гродна, Віцебска, Мінска, Валожына, Ашмян. Нам будзе што ўспомніць, аб чым пагаварыць. Гэта добрая традыцыя, якая перадалася ад бацькоў дзецям. Наша вёска будзе жыць, пакуль будзе весці сюды сцяжынка.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *