Персанальная выстава Сяргея Шэмета адкрылася ў краязнаўчым музеі

Культура События

Персанальная выстава знакамітага і вядомага не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі беларускага мастака Сяргея Шэмета, якая носіць сімвалічную назву “Вяртанне да вытокаў”, днямі ў краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча сабрала шматлікіх прыхільнікаў яго пэндзля. На сустрэчу з таленавітым мастаком прыйшлі не толькі вучні СШ №3 са сваім педагогам Леанардай Казіміравай, але і такія творчыя людзі, як Уладзімір Бізюк, Пётр Шакола, а таксама супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы.

Сяргей Шэмет — ураджэнец горада Ашмяны, выпускнік СШ №3. Мастак, член Беларускага Саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, міжнародных, групавых і персанальных выстаў. Выпускнік Міжнароднага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сяргей Лявонавіч працаваў у акадэмічных мастацкіх майстэрнях пад кіраўніцтвам М. А. Савіцкага пры Міністэрстве культуры Беларусі.

У 2010 годзе абараніў доктарскую працу ў Акадэміі мастацтваў імя Я. Матэйкі (Польшча). Працы знаходзяцца ў музеі сучаснага мастацтва Беларусі, Архід’яцэзіяльнага музея імя Яна Паўла ІІ у Кракаве (Польшча), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Германіі, Англіі, Ізраіля і ЗША.

У адзін з пагожых вераснёўскіх дзён прызнаны мастак Сяргей Шэмет у акружэнні дарагіх сэрцу людзей – жонкі Веранікі і бацькі Лявона Дзям’янавіча – з задавальненнем падзяліўся з наведвальнікамі яго персанальнай выставы сваімі планамі, ідэямі, накідамі, а таксама расказаў пра сваё жыццё і працоўныя будні ў Кракаве. Яго работы прымушаюць гледача не проста атрымаць асалоду, а задумацца над сюжэтам, над фантасмагарычнымі вобразамі.

З уступным словам да прыхільнікаў мастацтва звярнулася дырэктар музея Жанна Іванова. Як прафесіяналу і знаўцу гэтага боку мастацтва ёй было прыемна, што выставачная музейная зала прымае работы свайго земляка. Жана Іванаўна нагадала ўсім прысутным, што першыя свае работы Сяргей Шэмет выстаўляў у старым будынку музея ў 2002 годзе. Дарэчы, таксама ў верасні. Нягледзячы на тое, што зала не была такой светлай і утульнай, яна па-іншаму пачала выглядаць, як толькі там размясцілі экспазіцыю. Цеплыня і незвычайная энергетыка зыходзілі ад кожнай з яго прадстаўленых работ.

Шмат цікавага ўсе даведаліся з аповеду самога Сяргея Шэмета. Ён выказаў падзяку ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у тым, каб яго работы пабывалі ў гэтай зале. Кожнае такое вяртанне да родных вытокаў напітвае яго душу добрымі эмоцыямі, надае сілу і дапамагае унутры сябе знайсці адказы на многія жыццёвыя пытанні. Галоўнае, чым кіраваўся мастак, ствараючы біблейскія сюжэты, незвычайныя чароўныя вобразы, альбо пішучы знакамітую “Плащеницу», — гэта атрыманне станоўчых эмоцый. Гэта галоўная тэндэнцыя яго экспазіцыі.

На экспазіцыі прадстаўлена вялікая колькасць абстрактных работ. Майстра адзначае, што гэтага накірунку не трэба баяцца. Наадварот, такія карціны кожны мае права ўспрымаць па-свойму і не трэба ленавацца ўбачыць нешта сваё ў кожнай з іх. Нездарма на многіх выставах работы папросту называюцца “Кампазіцыя № 1” альбо “Кампазіцыя № 2”. Колер, каларыт, тон, каляровыя адценні некаторых плямаў ствараюць розныя вобразы. Галоўная задача мастака – граматна выкарыстаць іх і перадаць у сваёй рабоце пэўны настрой, стан душы.

На экспазіцыі прадстаўлены пейзажы, выкананыя на палатне алеем. Ёсць работы, выкананыя на паперы змешанай тэхнікай. Пераважная большасць выканана ў цёплых тонах.

У творчай і натхнёнай натуры таксама здараюцца такія моманты, што “пэндзаль не слухаецца душы”. Тады ён пакідаў карціну на некаторы час. Але потым зноў вяртаўся, каб давесці пачатую справу.

Сяргей Шэмет добра памятае свае першыя работы. Ён маляваў таксама для ашмянскага касцёла. Яго “Марыя з Хрыстом”, “Георгій”, а таксама “Святая Фаусціна” да гэтай пары ўпрыгожваюць алтар. Памятаецца і дыпломная праца “Цудадзейны лоў”, якую ён напісаў у сучасным стылі.

Яго легендарная і папулярная ў мастацкіх кругах “Сіняя птушка” ўжо налічвае некалькі варыянтаў. Сваю птушку шчасця злавіла нарвежская эстэтка, для якой была намалявана копія.

Цёплыя успаміны ў гэтага светлага чалавека з вельмі моцнай станоўчай энергетыкай засталіся пасля плённай сумеснай вучобы, а таксама пасля практыкі ў класіка беларускага жывапісу М. А. Савіцкага.

Зараз пераважную большасць часу Сяргей Лявонавіч займаецца выкладаннем жывапісу ў Кракаве. Там, як адзначае сам творца, зусім інакшы падыход да мастака, іншыя традыцыі. У палякаў прынцып выхавання, які бярэцца за аснову, — гэта не “знішчыць” творцу ў сваім вучні. Наш беларускі жывапіс базіруецца  ў асноўным на акадэмічным жывапісу  і малюнку. Мастак лічыць, што ўсё ў мастацтве мае права на існаванне.

Сяргей Шэмет не цураецца пісаць карціны пад заказ. Таму яго работы разыходзяцца па ўласных калекцыях і вандруюць па далёкаму і блізкаму замежжу.

На выставу ў Ашмяны ён прывёз такія работы, як “Асенні нацюрморт”, “Летняя раніца. Жупраны”, “Яблыневы сад”, “Зацменне сонца,” “Уваскрашэнне”, “Вераікон”, “Вечаровы промень. Гальшаны”, “Будслаў”, “Вавілонская башня”, “Рыбнае месца”, “Аазіс”, “Гальшанскі замак”, “Зімні лес”, “Над ракой”. У кожнай з іх адчуваецца харызма і вытанчанасць густу.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

На здымках: падчас выставы.



2 комментария по теме “Персанальная выстава Сяргея Шэмета адкрылася ў краязнаўчым музеі

  1. Шемет выставил две картины? Неужели нельзя добавить больше фото экспозиции? Боретесь же за повышение посещяемости сайта…

  2. Другая з двух карцінаў вельмі падабаецца. Гэта і ёсць «Летняя раніца. Жупраны»?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *