У Жупранах плануецца адкрыць музей. Папоўніць запаснікі будучага музея можа кожны

Год малой родины Общество

Пачатак добрай справе пакладзены ў Жупранах. У памяшканнях, дзе калісьці размяшчалася кіраўніцтва былога калгаса імя Ф. Багушэвіча, плануецца адкрыць музей.

Тут знойдзе месца этнаграфічны куток, які будзе знаёміць наведвальнікаў з жыццём і побытам вяскоўцаў, з народнымі традыцыямі і рамёствамі, якія, на жаль, з часам адыходзяць у нябыт. Пра няпростую сялянскую працу, якая не ведае выхадных і летніх адпачынкаў, якая закладвае аснову нашага дабрабыту, маляўніча раскажа куток сыраробства. Усё, што звязана з працэсам перапрацоўкі малака, з вытворчасцю масла, тварагу і сыра, плануецца адлюстраваць у музеі.

— Уганараваць працу селяніна, аддаць ёй даніну павагі, бадай, галоўная наша мэта, — адзначыў старшыня Жупранскага сельвыканкама Андрэй Клышэўскі, які ўзяўся за рэалізацыю смелай задумкі.

Яшчэ адну музейную экспазіцыю вырашана прысвяціць гісторыі мястэчка, вядомага з XV стагоддзя, а таксама яго руплівым жыхарам.

З падтрымкай сыраробнага завода, селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі, які ўзначальвае мясцовы жыхар, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Жупранскай выбарчай акрузе Аляксандр Шымановіч, у памяшканнях ужо зроблены рамонт. Дапамогу ў афармленні музея аказваюць работнікі ўстаноў культуры, адукацыі, а таксама супрацоўнікі раённага музея імя Ф.Багушэвіча. Зараз працягваецца збор экспанатаў.

Папоўніць запаснікі будучага музея могуць старынныя прылады працы, якія ўжо незапатрабаваны і, магчыма, пыляцца ў вас на гарышчы, гліняныя вырабы, рушнікі, а таксама цікавыя фотаздымкі мінулых гадоў (з іх зробяць копіі, а арыгіналы вам вернуць). Дайце гэтым рэчам другое жыццё, няхай яны зоймуць сваё пачэснае месца ў музеі. Прапанаваць свае экспанаты можна па тэлефоне  кіраўніка спраў Жупранскага сельвыканкама 7-63-81.

Людміла РЫБІК.