Дзякуючы гэтаму святу мы не страцілі непадробную сувязь з мінулымі стагоддзямі. Менавіта Купалле дае нам магчымасць зразумець каштоўнасць яшчэ не згубленых і вартых захавання рыс народнай самабытнасці, якія найперш пазнаюцца праз абрады і векавечныя традыцыі, ствараючы асобую аўру для імправізаванага аднаўлення этнічнай культуры нашых дзядоў і прадзедаў. Знітаваныя адзіным жаданнем – даць жыццё вечным традыцыям – барунскія жыхары і людзі з суседніх вёсак завіталі на цікавае мерапрыемства.
Тэатралізаванае свята “Купальскія забавы”адбылося ля возера, што належыць фермерскай гаспадарцы “Іванава”. Яго ўладальнікі Іван і Галіна Кунюты гасцінна запрасілі аднавяскоўцаў да сябе ў госці, каб усім разам прыняць удзел у цікавым старажытным абрадзе.
Беларускай народнай песняй “Купалінка” распачалося свята. Вядучая Алена Альшук шчыра запрасіла ўсіх да ўдзелу ў святочным мерапрыемстве. Неўзабаве на сцэне з’яўляюцца Купалінка (Алеся Астаневіч) з Купалам (Аляксандр Тамашэвіч).
Усім вядома, што чароўная купальская ноч багатая на розныя цуды. Усе, хто хоча стаць шчаслівым на ўсё жыццё і знайсці свайго суджанага, гадаюць на сваё будучае. Купалінка кліча з сабою ўсіх незамужніх дзяўчат, каб разам звіць вяночкі і пусціць іх на ваду. Хлопцы тым часам таксама не трацілі час ўпустую: разам з Купалам палілі ведзьму, каб на полі не лятала, не знішчала ўраджаі, каб людскіх кароў не здойвала.
Ніводнае Купалле не абыходзіцца без святочнага вогнішча, якое таксама мела чароўную ачышчальную сілу. Барунскія забавы таксама не сталі выключэннем. У агні згарэла чучала ведзьмы, а дым стаў абярэгам ад нячыстай напасці.
У вясёлым і шумным карагодзе закружыліся маладыя хлопцы і дзяўчаты вакол вялікага вогнішча, вясёлым смехам і жартамі заклікаючы ўсіх жадаючых далучыцца да бурнага вяселля.
Толькі Купалінка з дзяўчатамі і з Купалам рушылі да возера, каб паспытаць шчасця-долі, як насустрач ім з вадзянога царства выйшаў Вадзянік (Алена Альшук). Абурацца ён стаў, калі пачуў, што без яго дазволу пускаць вяночкі будуць. Каб не пакрыўдзіць сябе, была пастаўлена ўмова: аддаць яму папараць-кветку. Дасціпная і шчырая Купалінка, абараняючы лёс усіх закаханых, якія не сталі супругамі, патлумачыла нечысці значэнне папараць-кветкі. Яе чары дзейнічаюць і робяць шчаслівымі толькі закаханых. Але апошнюю волю Вадзяніка барунская моладзь выканала і ўсе разам дружна скакалі праз вогнішча.
З даўніх часоў існаваў такі звычай: абавязкова ў купальскую ноч дзяўчаты варажылі. У народзе казалі, чый вянок да берагу прымкне хутчэй, тая дзяўчына першай і замуж пойдзе.
Пусціўшы вяночкі, дзяўчаты рушылі да сцэны. Тут іх чакала яшчэ адно выпрабаванне.
Па народнаму павер’ю толькі ў купальскую ноч сярод пушчаў і бароў, гушчароў і лясоў расцвітае папараць-кветка. Яшчэ нашы продкі верылі ў тое, што яна надзяляе чалавека здольнасцю разумець “размовы” птушак, шэпт раслін. Гэтаму шчасліўчыку адкрыюцца патаемныя скарбы, схаваныя ў нетрах беларускай зямлі і стане ён навек шчаслівым.
Як толькі Купалінка з Купалам сабраліся разам з закаханымі парамі (Жана Альшук, Таццяна Луткоўская, Іван Барысевіч, Яўген Невядомскі), іх перапыніла неўгамонная нечысць. Ведзьма (Алена Альшук), Лясун (Уладзімір Шукеловіч) і Кікімара (Вадзім Новік) імкнуліся стварыць розныя перашкоды для закаханых. Чаго толькі не вытваралі гэтыя лясныя духі: і сцежкі блыталі, і пад кожны куст нячысцікаў саджалі. Ды толькі дарэмна.
На жаль, папараць-кветку хлопцы з дзяўчатамі не знайшлі. Але з лесу не прыйшлі з пустымі рукамі. Адны здабылі збанок з чарадзейнай вадой, а другія акрапілі ёю ўсіх удзельнікаў свята. Бо лічыцца, на каго яна пападзе, той будзе вясёлым, добрым, чыстым душою і думкамі. Напрыканцы свята моладзь атрымала ад закаханых пар купальскія зёлкі.
Звычайна на свята прыязджаюць госці. На гэты раз удзячных гледачоў весялілі дзяўчаты жаночага вакальнага гурта “Заранка” Гальшанскага сельскага Дома культуры.
Наведаліся на Купалле ў Баруны і ўдзельнікі народнага ансамбля цыганскай песні “Джана Рома”, якія сваім запалам яшчэ больш узрушылі удзельнікаў і гледачоў традыцыйнага беларускага свята.
Падчас правядзення Купалля ўсе прысутныя маглі паспрабаваць смачнай юшкі ля кастра, якой частаваў Іван Кунюта. Прыемным сюрпрызам вырашыў павіншаваць са святам сваіх аднавяскоўцаў адзін з ўдзельнікаў купальскіх забаў: неба над біюцішскім возерам расквеціў феерверк з рознакаляровых зорак у гонар кахання і купальскага свята. Дапазна моладзь весялілася пад дыскатэчныя мелодыі (у ролі дзі-джэя была Галіна Грынкевіч), якія яшчэ доўгі час рэхам адгукаліся і разляталіся па наваколлю.
Супрацоўнікі Барунскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку выказваюць шчырую падзяку за арганізацыю і падрыхтоўку Купалля Івану і Галіне Кунютам, кіраўніцтву эксперыментальнай базы “Баруны”, а таксама вадзіцелям Андрэю Грынфельду і Уладзіміру Кавалеўскаму за падвоз жыхароў да месца правядзення мерапрыемства.
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.
На здымках: падчас правядзення Купалля ў Барунах.



