Вёска Навасяды. У кожнага свой след на зямлі

Год малой родины Культура

Калі пачынае зацягваць гарадскі бяздушны вір, імкнуся ў вёску. Тут усё іншае: і людзі, і побыт, і прырода, і зносіны… Асяроддзе да наіўнасці простае і натуральнае, а таму прыцягальнае і па-дзіцячы шчырае. А можа так мне проста здаецца, а насамрэч усё па-іншаму: усюды людзі аднолькавыя. Тут можна і паспрачацца, і даказаць свой бок стаўлення, аднак ніхто мяне не разупэўніць у тым, што ў вёскі ёсць душа. Нават калі ў ёй не застаецца ніводнага жыхара, яна не памірае. Душа блукае па ўросшай травой вуліцы, заглядвае ў пустыя вачніцы акон, гайдае ржавае вядро на калодзежным жураўлі, завывае ветрам у здзічэлых садах. Яна з апошніх сіл захоўвае памяць пра сваіх жыхароў, якія спяць адвечным сном на мясцовых пагостах. Пагостах, якія заўсёды будуць саступаць гарадскім у сціпласці і непатрабавальнасці, так як і людзі, што жылі і жывуць у сельскай мясцовасці.

Вёска як вёска

Вёска Навасяды нічым не вылучаецца сярод соцень іншых вёсак Ашмянскага раёна. Тут неабходна ўдакладніць, пра якія Навасяды пойдзе гаворка. Ашмяншчына вельмі багата на вёскі з такой назвай: ёсць Навасяды ў Жупранскім, Кальчунскім, Каменналогскім сельсаветах. Мы ж павядзём рэй пра Навасяды гальшанскія. Яны з разраду тых, што не маюць права разлічваць на званне «аграгарадка», на дармовую агароджу, на асфальт ці іншыя выгоды цывілізацыі, бо размясціліся воддаль ад шашы абласнога значэння: дзесьці каля трох кіламетраў трэба адолець вяскоўцам, каб трапіць у Каменку, праз якую праходзіць дарога з Ашмян на Гродна. Трэба прызнаць, што месцічы і не памятаюць, каб тут былі якія ўстановы. На танцы хадзілі ў Рамейкішкі, адзін час у Норштах быў клуб, на фап дабіраліся ў Каменку. У гэтай вёсцы калісьці быў цэнтр сельсавета. Тут жа была і васьмігадовая школа. Успамінаюць старажылы пра пачатковую школу ў Навасядах. Настаўнічала тады Ніна Іванаўна Чудакова, якая жыла ў Рагінчанятах.

Гелена Астрамовіч

Побач з вёскай стаяла ферма, дзе гадавалі цялят, даілі кароў, разводзілі свіней. Гэта было бадай ці не адзінае месца, дзе працавалі мясцовыя жыхары, калі не ўлічваць, што непадалёку знаходзяцца Рамейкішкі з крухмальным заводам (калісьці завод называўся № 30 «Рамейкішкі»). Калгас «Стаханавец» тут быў створаны ў 1949 годзе. Наяўнасць гаспадаркі сведчыць аб тым, што населены пункт быў дастаткова вялікі. Калгаснікі дабіваліся значных поспехаў у працы, за што не раз адзначаліся на самым высокім узроўні. Старэйшая жыхарка вёскі — 89-гадовая Гелена Іосіфаўна Астрамовіч працавала на мясцовай ферме даяркай, а затым даглядчыцай. Жанчына ўзнагароджана двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна». Сёння Гелена Іосіфаўна мала што памятае са свайго працоўнага жыцця, аднак цягу да работы не страціла. Штораніцы імкнецца на вуліцу, каб «пракантраляваць», як там спраўляецца па гаспадарцы дачка Ядзвіга, якая прыехала даглядаць маці з горада разам з мужам Іванам. На вёсцы немагчыма жыць без «хазяйства», таму Іван і Ядзвіга Кадзевічы трымаюць карову, каня, курэй, на сотках вырошчваюць бульбу, ёсць і агарод. Работы столькі, што дня не хапае, каб з усім управіцца.

Севярына Астрамовіч

— А я дык ужо адрабіла сваё, — прызнаецца яшчэ адна наша субяседніца Севярына Іосіфаўна Астрамовіч. — Адно шчасце — дачка прыедзе з Ашмяны, скрасіць адзіноту. Сын наведаецца з Мастоў, абкосіць двор, з агародам дапаможа. Я ўвесь час на ферме цялятніцай працавала, а цяпер ужо здароўе падводзіць. Нічога не трымаю, нават і курэй, бо летам і ўвосень ад каршуноў не адбіцца, а зімою шашкі ў куратнік прабіраюцца. Вось бяда зараз здарылася. Бурай дрэва зламала, упала яно на лазню, прабіла страху. У сельсавет званіла, аднак там кажуць, што раз маё дрэва, то і клопат з ім таксама мой. Вось і не ведаю, што са сваёй бядой рабіць. Былі б на вёсцы мужчыны, дапамаглі б.

Зінаіда Астрамовіч

Экскурсаводам па Навасядах выказала жаданне пабыць Зінаіда Іосіфаўна Астрамовіч (Кузьміцкая). Ураджэнка гэтых мясцін часта наведваецца на сваю радзіму з Ашмян. Яна добра ведае тутэйшых жыхароў, многія з якіх з’яўляюцца ёй раднёй. У памяці жанчыны адклаліся таксама і ўспаміны маці Алены Аляксееўны, якая часта расказвала пра вясковае жыццё-быццё і мясцовы люд. Нам жа цікава было даведацца, колькі ў вёсцы Астрамовічаў? Куды ні кінься, усё на Астрамовічаў натыкаешся.

Сёстры Соф’я і Ніна Кузьміцкія

— Прозвішча Астрамовіч у нас пераважае, — зазначае Зінаіда Іосіфаўна. — Вось і муж мой Іван быў таксама Астрамовіч. Сёння ў вёсцы жыве каля 15 чалавек. Ёсць і Астрамовічы, і Пад’ельскія, і Супрановічы, і Фурс, і Жукоўскія. У Севярыны Іосіфаўны і дзявочае прозвішча было Астрамовіч, і па мужу. Ксёндз, калі яны бралі шлюб, доўга не мог зразумець, чаму маладыя адно і тое ж прозвішча паўтараюць. Славіцца наша мясціна Астрамовічамі, якія сталі вядомымі далёка за межамі нашага мястэчка. Адзін з іх — мастак і разьбяр па дрэве Іван Францавіч Астрамовіч.

«Чудак-чалавек»

Пра Яську Астрамовіча і яго маці Якубчыху, «гаротную бабку», у вёсцы памятаюць добра. Тут нават яшчэ стаіць хата Франака Астрамовіча, у якую самадзейны мастак перасяліўся з дазволу гаспадара з паўразбуранай хаціны на курыных ножках, што стаяла ў цэнтры вёскі. Была яна настолькі дзіравай і трухлявай, што зімою нават у печы капуста ў сагане замярзала. У дэталях перадаюць вяскоўцы аповед пра здымачную групу з Мінска, якая стварала пра Астрамовіча дакументальны фільм. Для вёскі гэта была цэлая падзея. Жылі тэлевізіёншчыкі са студыі «Беларусьфільм» у бацькоў Зіны Кузьміцкай. Хадзілі ў лес, дзе стаялі выразаныя на ствале дуба «Казачнік» і «Смуткуючая маці», размаўлялі з месцічамі. Фільм пад назвай «У першых радках майго пісьма» жыхары Навасяд так і не ўбачылі, бо тады і тэлевізараў у вёсцы не было, хіба што толькі радыё.

Івана называлі ўсе мясцовым «чудаком», бо ён нават узімку хадзіў купацца на рэчку, што цячэ за вёскай. Хлопец часта блукаў па лесе, шукаў там «мёртвыя» (загінуўшыя ад маланкі) дубы, а пасля выразаў на іх ствалах фігуры казачных герояў. Ён меў багаты ўнутраны свет, шмат чытаў, ведаў гісторыю свайго краю, захапляўся Чайкоўскім і Бахам. Зінаіда Іосіфаўна ўзгадала, як Іван маляваў яе партрэт. Была яна тады яшчэ малой дзяўчынкай. Вядома, не магла ўседзець на лаве, часта забягала наперад, каб падглядзець, што там атрымліваецца ў мастака. Іван увесь час адварочваўся ад цікаўнага дзіцяці — так і не паказаў, што маляваў. Партрэта таго Зіне ён так і не аддаў.

Па звестках, знойдзеных у Ашмянскім краязнаўчым музеі, Іван працаваў спачатку ў мясцовым калгасе, а вечарам за восем кіламетраў хадзіў у сярэднюю школу працоўнай моладзі ў Гальшаны. Захапляўся маляваннем, нават удзельнічаў у абласной выстаўцы, але прызнання як жывапісец не атрымаў. І тады ён вырашыў паспрабаваць свае сілы ў разьбярстве. З гэтым відам мастацтва Астрамовіч выйшаў спачатку на раённую, а пасля на абласную і рэспубліканскую арбіты народнага майстэрства.

Іван Астрамовіч з Раісай Цітко

Паспяхова спрабаваў свае сілы Іван і ў лепцы. Ён выканаў некалькі гіпсавых скульптур. Сярод іх — партрэты галоўнага героя аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» дзеда Талаша, першага Героя Сацыялістычнай Працы ў Ашмянскім раёне Раісы Цітко, свінаркі саўгаса «Перамога». Даволі ўдалым атрымаўся барэльеф воіна-вызваліцеля да абеліска, што стаіць каля маста ў Нарбутах і ўслаўляе подзвіг групы аўтаматчыкаў пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Гарбунова.

Некаторы час Іван працаваў настаўнікам (хутчэй за ўсё працоўнага навучання) у Вайшнарышскай школе. У сямідзясятыя гады разам з маці пераязджае ў Ашмяны. Працуе мастаком-афарміцелем у кінатэатры імя Гастэлы, жыве ў аднапакаёвай кватэры над гастраномам па вуліцы Савецкай. Ён часта наведваўся ў Навасяды. Гэта зямля давала яму сілы і натхненне. Менавіта ў гэтыя гады ён стварыў свае лепшыя творы: «Аўтапартрэт», «Гусляр», «Волат», кампазіцыю «За мірны атам», «Дэкрэт аб зямлі»…

Ён адчуваў сябе вельмі адзінокім, бо вытанчаную душу творцы не заўсёды разумелі людзі, якія яго акружалі. «Ён нават плакаў, хацеў вярнуцца назад у вёску, — успамінае Соф’я Іосіфаўна Краўчанка. — Харошы быў хлопец. Мы яго вельмі шкадавалі.» Пасля смерці маці адзінота з неверагоднай сілай захлынула Івана Астрамовіча. Жыццё яго скончылася трагічна ў 1979 годзе. Было самадзейнаму мастаку ўсяго толькі 40 год. У вёсцы яшчэ доўгі час дзеці ператрасалі ў незачыненай хаце паперы мастака: накіды малюнкаў, занатоўкі, выразкі з газет і часопісаў. Некаторыя работы Івана Астрамовіча захоўваюцца зараз у краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча ў Ашмянах.

Паэтычны дар святара

Мясцовыя жыхары не згадалі імя яшчэ аднаго даволі вядомага свайго земляка — Аляксандра Сцяпанавіча Астрамовіча. Нарадзіўся Андрэй Зязюля (псеўданім паэта) ў 1878 годзе. Беларускі паэт і каталіцкі святар скончыў Ашмянскае павятовае вучылішча, а затым вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Пецярбурзе. Служыў ксяндзом у Трабах Іўеўскага раёна, Ракаве, Новым Свержані, Смілавічах, Сянно. Ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Беларусі, спрабаваў весці службу на беларускай мове, за што праследаваўся касцельнымі ўладамі і на два гады быў пазбаўлены парафіі.  Андрэй Зязюля быў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску ў 1917 годзе. Ён выдаў зборнік вершаў «З роднага загону», паэмы «Слова праўды аб мове і долі беларуса» і «Аленчына вяселле». Андрэй Зязюля з’яўляецца аўтарам беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…»

Цыганачка Галя

Недалёка ад вёскі, калі накіроўвацца ў бок Рамейкішак, у метрах стапяцідзесяці ад могілак стаіць помнік расстраляным у лістападзе 1942 года цыганам. Адны сцвярджаюць, што фашысты расстралялі тут 38 цыган, другія — 42 з 44, пахаваных у брацкай магіле.

На жаль, людзі, якія жывуць у вёсцы, ужо не памятаюць тых падзей. Толькі ўрыўкі, якія засталіся са слоў родных. Маці Зінаіды Іосіфаўны расказвала, што людзей тых гналі са станцыі Ашмяны. Калі немцы пасля выканання свайго карніцкага задання з’ехалі, то мясцовыя жыхары хадзілі глядзець тое месца. Там варушылася зямля.

У інтэрнэце выпадкова мне трапіліся ўспаміны 92-гадовай пенсіянеркі з Ашмян Ядзвігі Завадскай, якая была сведкай той жудаснай трагедыі. Яе ўспаміны занатавала Святлана Мурына, журналіст «Гродзенскай праўды»: «Людзі, пачуўшы крыкі, стрэлы, брэх сабак, паспяшаліся схавацца ў сваіх хатах і хлявах і адтуль назіралі, што адбываецца. Я бачыла, як немцы гналі калону людзей. Адна цыганка паспрабавала ўцячы, аднак яе тут жа расстралялі. Калі канвой спыніўся, палонным далі ў рукі лапаты і загадалі капаць доўгі роў. Затым людзей паставілі ў рад і расстралялі. Сярод мясцовых жыхароў хадзілі размовы аб тым, што адной цыганцы ўдалося перадаць вяскоўцам маленькае дзіцятка. Дзяўчынка тая вырасла і цяпер штогод прыязджае на брацкую магілу расстраляных цыган».

Галіна Іванаўна Аляксандрава, тая дзяўчынка, жыве ў Калодзішчах пад Мінскам. Калі расстралялі яе вялікую сям’ю і родных, ёй было тры гады. Яна не ведае, якім чынам яе, дзвюх сястрычак і брата маці перадала цёці Лене з Норштаў. Пад страхам смерці беларуская жанчына хавала чацвёра цыганскіх дзяцей. Прыкладна праз год іх знайшла родная цётка і забрала да сябе.

Галіна Іванаўна бязмерна ўдзячна жанчыне і яе родным за выратаванне. Прозвішча сваёй выратавальніцы яна не ведае, але ўсё яшчэ спадзяецца на тое, што яе родныя адгукнуцца і раскажуць падрабязнасці тых ваенных падзей.

На месцы пахавання ў 1967 годзе была зроблена агароджа і ўсталяваны помнік: на высокім пастаменце — крыж (вышыня помніка — 3 метры). Зінаіда Іосіфаўна Астрамовіч не памятае дакладна, калі Галіна Іванаўна прывозіла рабочых з Мінска, і як яны ставілі на тым месцы яшчэ адзін помнік — асабіста ад сябе, падпраўлялі агароджу. На гранітнай пліце надпіс: «Горячо любимым мамочке, Кристине Вансевич, и отцу Ивану. Всем здесь погибшим страшной смертью. Память глубоко скорбящих дочери Галины и зятя Валика». Тады рабочыя жылі ў хаце яе бацькоў. Апошнім часам з Галінай яна не сустракалася, але мясцовыя жыхары кажуць, што жанчына па-ранейшаму прыязджае ў Навасяды.

Жыццё працягваецца

Навасяды ў жніўні патанаюць у шчодрых дарах агародаў і садоў. Асабліва ўрадзілі тут сёлета слівы: іх столькі, што не вытрымлівае, ламаецца голле. Плады падаюць на дол і так і застаюцца ляжаць. Няма каму іх спажываць. Няма каму варыць варэнне.

У вялікай па працягласці вёсцы ціха і спакойна. У размеранае нетаропкае жыццё выпадкова «патрапіць» трактар ці клёкатам падымуць гарачую жнівеньскую цішыню буслы, якія аблюбавалі высокае дрэва якраз побач з месцам, дзе стаяла хата Івана Астрамовіча. Яны тут ужо лічы свае. Вяртаюцца каторы год на роднае селішча.

Дзяніс Пад’ельскі

Не пачуеш у Навасядах дзіцячых галасоў. Самаму маладому вяскоўцу — Дзянісу Пад’ельскаму перакінулася за дваццаць. Яго ўжо і сельскім жыхаром назваць складана, бо працуе хлопец у горадзе, мае там кватэру. Прамяняў ён працу ў мясцовай гаспадарцы на ДБУ-28, аднак вёсцы не здрадзіў. Дзяніс не лічыць сябе гараджанінам, бо і размаўляе «папросту», і не саромеецца прызнацца, адкуль паходзіць. Яму тут зусім не сумна, сярод вясковых абшараў. Работы хапае, з дзяцінства прывучылі яго бацькі да працы. Разам з братамі Іванам і Яраславам дапамагае сенаваць, агароды палоць, дровы на зіму нарыхтоўваць і па гаспадарцы спраўляцца. Калісьці, успамінае хлопец, «кулейка» ў вёсцы складалася з 14 кароў. А цяпер толькі тры жывёліны, — дзве з іх у Пад’ельскіх. Вакол лес. Адзін з лясных абшараў называецца «Лялюшкі». Чаму такая назва, ніхто не ведае. Гэтак жа і чаму рэчка каля вёскі назваецца проста рэчкай. Школу пачатковую заканчваў Дзяніс у Каменцы. У класе было толькі чатыры вучні: тры хлопцы і адна дзяўчына. Вольга Валянцінаўна Рагінская дамашняе заданне штодня правярала, часам цэлы ўрок нешта цікавае расказвала: пра гісторыю зямлі гальшанскай, пра славутых людзей гэтага краю.

Аляксандр Супрановіч

У кожнай, нават самай маленькай вёсачцы, такія людзі былі і, безумоўна, будуць. Выбітныя і знакамітыя, адметныя творчым талентам ці інтэлектам, нястомныя працаўнікі, героі вайны і мірных дзён. Такія, напрыклад, як ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Нікіфаравіч Фурс, на хаце якога палымнее маленькая зорачка. Ветэран з Навасяд ужо даўно памёр, аднак памяць аб ім да гэтага часу жыве. Памятаюць у вёсцы Алену Аляксееўну і Іосіфа Іосіфавіча Астрамовіч, Валянціну Іванаўну Супрановіч, якая знаходзіцца зараз у родных у суседняй вёсцы.

Ядзвіга Кадзевіч

Мы няспешна ідзём вясковай вуліцай, прыпыняемся ля кожнай пустой хаты, а Зінаіда Іосіфаўна расказвае пра гаспадароў. І ні разу мы не пачулі, што жылі ў Навасядах гультаі ці п’яніцы, злодзеі ці злыя, нядобрыя людзі. Кожны жыхар вёскі ў памяці гэтай жанчыны застанецца светлым і шчырым чалавекам. І нават не таму, што так яно ёсць насамрэч. А таму, што і яна тут нарадзілася, у месцы, якое назаўжды застанецца самым блізкім і дарагім сэрцу: разам з людзьмі, са старымі палісадамі, кветкі ў якіх усё яшчэ прадаўжаюць цвісці, з пакошанымі набок каталіцкім і праваслаўным крыжамі напрыканцы вёскі, якія кланяюцца сваім гаспадарам, калі тыя накіроўваюцца па гэтай дарозе ў апошні свой шлях.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



5 комментариев по теме “Вёска Навасяды. У кожнага свой след на зямлі

  1. Шыкоўны матэрыял. Чакаем такіх яшчэ болей.

  2. Сардэчнае дзякуй за такі душэўны матэрыял. Прачытала з вялікім задавальненнем і нават усхліпнула. Мая мама таксама родам з Навасяд і, таксама дзявочае прозвішча Астрамовіч. Калісьці зусім маленькай дзяўчынкай я прыязджала праведаць дзеда і бабулю. Але з-за шаноўнага ўзросту іх забралі да сябе дочкі.Хаты мамінага дзяцінства ўжо няма даўно, няма ўжо і мамы … а вось памяць ёсць …

  3. Усе мы родам з вёскі. Шкада, што яны паміраюць.

  4. Добры матэрыял пра вёску. Пішыце так і пра іншыя нашы вёскі, у нас шмат цікавых людзей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *