Усімі колерамі вясёлкі зайграла сёння цэнтральная плошча ў Ашмянах – тут сабраліся шчаслівыя і крыху разгубленыя выпускнікі школ раёна, іх бацькі, настаўнікі. Першы ў сваім жыцці выпускны баль адзначылі 170 юнакоў і дзяўчат.
Колішніх няўрымслівых першакласнікаў не пазнаць, за адзінаццаць гадоў яны паспелі праявіць сябе ў вучобе і спорце, музыцы і грамадскай дзейнасці. Іх поспехі знайшлі адлюстраванне не толькі ў атэстатах сталасці, якія сёння ўручылі выпускнікам, але і ў шматлікіх граматах, узнагародах, падзяках. Сёлета з залатым медалём скончыў школу дваццаць адзін выпускнік. Вышэйшую ўзнагароду — медаль і прэмію — юнакам і дзяўчатам уручылі старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек і начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская.
Лепшыя выпускнікі, а таксама вучні школ раёна атрымалі традыцыйную прэмію «Надзеі Ашмяншчыны». Сярод узнагароджаных — адзінаццацікласнікі Анастасія Саванец, Дзіяна Пялецкая, Уладзіслаў Андрыеўскі, Мікіта Зык, Максіміліян Барысевіч, Вікторыя Янушкевіч, Віялета Дзеніс.
Прэмію Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду ўручылі выпускніцы гімназіі Юліі Качарзе.
Выдатныя поспехі ў вучобе і алімпіядным руху Максіміліяна Барысевіча, Мікіты Зыка (СШ №2), дзевяцікласніцы Алены Камінскай (гімназія) адзначаны прэміямі. Максіміліян Барысевіч, акрамя таго, атрымаў пасведчанне Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Шэраг узнагарод уручыла актывістам першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ Вольга Шыдлоўская. Дыплом і падарунак за актыўны ўдзел у рабоце школы маладога журналіста пры рэдакцыі газеты «Ашмянскі веснік» атрымала выпускніца СШ №1 Віялета Журко.
Павіншаваць юнакоў і дзяўчат з прыгожым святам прыйшлі таксама святары — настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова, протаіерэй Пётр Пятлёха і ксёндз Ян Пузына, пробашч касцёла Святога Міхаіла Арханёла.
Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас выпускнікоў ад бацькоў і настаўнікаў. Свае віншаванні і падзяку адрасавалі дырэктар Дакурнішскага вучэбна-педагагічнага комплексу Людміла Кардзіс, тата выпускніка СШ №2 Сяргей Зык.
Свята развітання са школай расквецілі ўсмешкамі, песнямі і, канешне ж, школьным вальсам самі віноўнікі ўрачыстасці — прыгожыя, радасныя, таленавітыя, разумныя, мэтанакіраваныя выпускнікі. Музычныя падарункі адрасавалі таксама выхаванцы ясляў-сада №7, удзельнік фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску Арцём Скароль.
Старонка школьнага жыцця перагорнута. Наперадзе ў выпускнікоў новыя вышыні і здзяйсненні — яны адпраўляюцца ў самастойнае жыццё. Як сімвал-пачатак новага палёту бацькі выпускнікоў выпусцілі ў неба белых галубоў.
Людміла КОЗЕЛ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.
Шикарно! А выпускники СШ № 2 вообще молодцы — так красиво станцевали!
Всем успехов в ЦТ и поступлении в СУЗы и ВУЗы!
Оформление сцены, постановка танца СШ2 просто шик, удачи, так держать!