Першыя мастацкія работы, якія былі зроблены гэтай незвычайнай жанчынай з асаблівым густам і імпэтам, вабілі вока наведвальнікаў кветкавай выставы у краязнаўчым музеі Ф. Багушэвіча дзесьці на працягу месяца. Ужо прайшло шмат часу пасля выставы, але да гэтай пары, як зараз, стаіць перад вачыма паласаты красовак з квітнеючым кактусам. Па афармленню кампазіцыі адразу было бачна, што тут добра папрацавала рука сапраўднага прафесіянала. Я не памылілася.
Крысціна Іосіфаўна Субач (на здымку) разам з мужам Антонам Казіміравічам у кветкавым бізнесе ўжо шаснаццаць гадоў. Сабраныя за гады ўласнай практыкі вопыт, уменне і розныя сакрэты для іх – візітная картка невялічкага кветкавага магазінчыка, які заслужана носіць назву “Кветкі ад Крысціны”.
– Уся мая напорыстасць, добры густ ў афармленні букетаў, кампазіцый і любоў да ўсяго прыгожага дасталіся ад мамы, – расказвае гаспадыня магазіна кветак. – Яе здольнасці добра шыць, вышываць па тых часах былі аднымі з асноўных крыніц для заробку. Стыльныя і вельмі модныя на тыя часы паліто, сукенкі, пінжакі, касцюмы ўраз разыходзіліся і ішлі “ў людзі”. Заможныя гаспадары з вялікім задавальненнем насілі вопратку, да якой прыклала свае залатыя рукі матуля. Сур’езным, тактоўным і патрабавальным, вельмі працавітым быў і наш бацька. Інакш і быць не магло. Такі характар дапамагаў выхоўваць чатырох дачок. Крысціна была самай малодшай.
Ужо з дзесяці гадоў маленькая Крысціна пачала зарабляць свае першыя грошы. Хочаш мець нейкую капейчыну на тыя ж прысмакі – зарабі. Кожны меў сваё даручэнне. Разам з сёстрамі білі масла. Дзяўчо паступова пачала весці свой гандаль. Яна прызвычаілася прадаваць каліўцы капусты. Вечарам бацька збіраў усіх на невялічкую нараду. Кожная з дамачадцаў павінна была расказаць, чым займалася на працягу дня, што паспела зрабіць і якія планы на наступны дзень. За тое, што бацька навучыў працаваць, яна ўдзячна яму да гэтага часу.
Крысціна Іосіфаўна лічыць, што яе лёс склаўся вельмі добра. Канечне ж, як і ў кожнай сямейнай пары, былі свае складанасці. Асабліва добра помняцца 90-я гады, калі за прадуктамі харчавання даводзілася прастойваць гадзінамі. Якраз тады разам з мужам яны старанна працавалі на ААТ “Радыётэхніка”. У складаны крызісны год, калі трэба было вучыць дваіх дзяцей, Крысціна Іосіфаўна вымушана была шукаць сям’і на хлеб далёка за межамі Беларусі. Да гэтай пары яна ўдзячна сваім родным з Польшчы. Яны навучылі многім сакрэтам па вырошчванню зеляніны. Год цікавай практыкі ў палякаў праляцеў хутка.
Ужо тут, у Ашмянах, Крысціна Іосіфаўна пачала паступова гандляваць. Напачатку была капуста. Тыя ж самыя пакуль, што кволыя каліўцы капусты, сталі піянерамі ў адкрыцці ўласнага бізнесу. Жанчына, працуючы на невялічкім базарчыку заўважыла, што вялікім попытам карыстаюцца кветкі. Так прыйшла задумка заняцца продажам жывых кветак.
– Мы пачалі прывозіць чырвоныя гваздзікі. – успамінае Крысціна Іосіфаўна. – За кветкамі ездзілі ў беларускія цяпліцы. Добра памятаю, калі дэфіцытны і запатрабаваны тавар дастаўлялі для пакупнікоў аж з Беластока. Дома фарміравала букеты. Самым галоўным для мяне было захаваць і не памарозіць жывы далікатны тавар. Надзейна захоўвалі цяпло і бераглі кветкі ад марозу валёнкі, у якія кемлівыя гаспадары ставілі вазы з вадой.
З усмешкай ўспамінае гаспадыня, як зайздросцілі канкурэнткі. Толькі на хвілінку ёй трэба адлучыцца, як жанчыны пачыналі разглядаць і вывучаць, як зроблены розныя ўпрыгожанні для букетаў. Для іх гэта было складанай навукай, а для Крысціны дастаткова аднаго разу, каб паглядзець і запомніць.
– Не бывае лёгкіх грошай, – з упэўненасцю сцвярджае жанчына. – Вельмі памыляецца той, хто думае, што толькі-толькі адкрыты бізнес адразу ж прынясе небывалы прыбытак. Грошы не пасыплюцца літаральна праз два дні. Так не бывае. Для гэтага патрэбна шмат працаваць. І дзеля гэтага я рабіла шмат. Жанчыны, якія гандлявалі кветкамі, ішлі дадому ў пяць вечара, мне даводзілася стаяць да сямі гадзін.
Важнай падзеяй для працавітых і старанных Субачаў было набыццё свайго невялічкага кіёска, які размяшчаўся на цэнтральнай плошчы. Ажыўленае месца, дзе заўсёды было шматлюдна, зрабіла добрую справу і станоўча сказалася на гандлі. Кветкі, асабліва напярэдадні святаў, разыходзіліся “на ўра”. Пяць гадоў спатрэбілася Крысціне Іосіфаўне і Антону Казіміравічу, каб зарабіць на хай невялічкі, але ўласны магазінчык.
Ужо на працягу дзевяці год радуе сваіх пастаянных кліентаў цікавымі кветкавымі кампазіцыямі, шыкоўнымі букетамі, багатай разнастайнасцю вазонаў магазін “Кветкі ў Крысціны”. На паліцах акуратна растаўлены ў вазах ружы, лілеі, рознакаляровыя гваздзікі, хрызантэмы і ірысы, вясёлыя герберы і вытанчаныя замежныя госці – архідэі. Ля акна, на спецыяльных паліцах, вабяць жаночае вока драцэны і пальмы, шыфлера і кактусы, спацыфіліумы і разалія, цыкламены і фікусы, хрызантэмы і герберы ў гаршочках.
Уся гэта шматлікая прыгажосць у большасці сваёй завозіцца з беларускіх цяпліц. Ужо доўгі час яна плённа працуе з беларускай фірмай “Смарт-Флор”. Тэхніка афармлення шыкоўных букетаў і стварэнне кветкавых кампазіцый – гэта талент ад Бога. І ўжо калі работа спорыцца і нараджаецца новая фантазія Крысціны Іосіфаўны, тады яна не шкадуе часу і падоўгу затрымліваецца на працы.
Кожнага кліента гаспадыня сустракае усмешкай, добрай, светлай і шчырай. Можа даць каштоўныя парады, удакладніць некаторыя нюансы пры стварэнні кампазіцый ці букетаў. Нават, калі вы прыйшлі проста папярэдне аформіць заказ, з магазіна “Кветкі ад Крысціны”абавязкова выйдзеце ў выдатным настроі. Проста немагчыма ў такой прыемнай і прыгожай атмасферы не атрымаць добры зарад пазітыву.
З асаблівай пашанай яна адносіцца да кветак. Таму для іх створаны спецыяльны мікраклімат. Кожная кветка, кожны вазон для яе – гэта не проста тавар, а жывая істота. Для яе трэба не проста знайсці прыгожае акружэнне, каб з густам аформіць букет. Кветкі вельмі патрабавальныя і ў плане догляду, у і плане суседства з іншымі кветкамі.
Пад адным дахам з кветкамі ўдала размясцілі і рыбацкае аснашчэнне. Кожны заядлы рыбак знойдзе тут усё, што яму патрэбна: вуды, нажыўца для рыбы, леску, кручкі і г.д. За гэту частку магазіна адказвае муж і сын, які добра разбіраецца ў рыбалцы. Знайшлося месца і для пахавальных свечак, вянкоў і кошыкаў.
Не магла не запытацца пра самы цікавы заказ, які быў зроблены тут. Крысціна Іосіфаўна, крышку падумаўшы, адказала: “Пяцьсот ружаў заказаў муж для любімай жонкі на дзень нараджэння. Запамінальны падарунак, ці не так?…”
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.
