З афіцыйным візітам Ашмянскі раён наведала дэлегацыя з Рэспублікі Польшча

Трансграничное сотрудничество

Стасункі паміж Ашмянскім раёнам і Мінскім паветам Рэспублікі Польшча ўсталяваліся некалькі год таму. Афіцыйна яны былі пацверджаны ў 2016 годзе, калі адбылося падпісанне пратакола намераў аб супрацоўніцтве паміж кіраўніцтвам дзвюх адміністрацыйных адзінак.

Днямі з афіцыйным візітам Ашмянскі раён наведала дэлегацыя з Мінскага павета. Кіраўнік аддзела павятовага таварыства па супрацоўніцтве Польшча – Усход Чэслаў Гонгаль, кіраўнік гільдыі рамеснікаў Мінска Мазавецкага Войцех Лукаш Малчык і галоўны рэдактар штотыднёвіка Co słychać? Ян Збігнеў Пёнтковскі на працягу трох дзён знаёміліся з нашым раёнам.

IMG_1857

— Самы важны вывад, які можна зрабіць падчас такіх сустрэч, — адзначыў старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, — гэта тое, што нашы думкі скіраваны на развіццё рэгіёнаў. Наша супольная праца набывае новы імпульс. І мы можам акцэнтаваць увагу не толькі на сумесных эканамічных, культурных і адукацыйных праектах. Сёння мы імкнемся да развіцця турыстычнага патэнцыялу раёна. Не менш цікавым можа быць наладжванне стасункаў у спорце. А падпісанне дамовы паміж рэдакцыямі польскага штотыднёвіка і нашай раённай газеты будзе садзейнічаць таму, што людзі па абодва бакі будуць атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю аб тым, чым жывуць нашы краіны.

IMG_2228

IMG_2268

Дамова аб супрацоўніцтве паміж раённай газетай “Ашмянскі веснік” і штотыднёвікам Co słychać?, якая была падпісана падчас візіту, прадугледжвае ажыццяўленне сумесных праектаў, абмен навінамі, правядзенне прэс-тураў для журналістаў, сумесных конкурсаў і семінараў. Як адзначыў галоўны рэдактар польскага выдання Збігнеў Пёнтковскі, агульныя стасункі будуць скіраваны на знаёмства з культурай і традыцыямі нашых народаў, з агульнай гісторыяй, з цікавымі людзьмі, якія жылі і жывуць зараз у абодвух рэгіёнах:

— Нам ёсць аб чым расказаць адзін аднаму. Маю надзею, што гэта дапаможа не толькі нам, але і новым пакаленням умацоўваць сяброўскія і партнёрскія ўзаемаадносіны паміж краінамі ў розных сферах дзейнасці.

IMG_2018

IMG_1925

IMG_1871

Госці з Польшчы пабывалі ў СШ №3 горада, дзе адзначылі высокі ўзровень работы педагогаў з дзецьмі ў эстэтычным накірунку. У дзіцячым садку №6 удзельнікаў дэлегацыі зацікавілі напрацоўкі ўстановы па павышэнні энергаэфектыўнасці. Аб належна арганізаванай сістэме дадатковай адукацыі ў раёне выразна і ярка засведчылі работы ўдзельнікаў гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Госці пабывалі таксама ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе, пазнаёміліся з работай тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і дома сумеснага самастойнага пражывання. У другі дзень візіту ўдзельнікі дэлегацыі ўсклалі вянок да брацкай магілы ў гарадскім парку і пакланіліся памяці выбітнага вучонага Енджэя Снядэцкага на могілках у Гародніках. Праграма візіту ўключала наведванне школьнага музея ў Кальчунах, амбулаторыі і сельскага Дома культуры ў аграгарадку Гальшаны, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Ашмянскай школы-інтэрната.

Напрыканцы візіту Чэслаў Гонгаль падзякаваў кіраўніцтву Ашмянскага раёна за цёплы прыём і выказаў спадзяванне ў хуткім часе пабачыцца ізноў: на днях Мінскага павету, якія пройдуць у Польшчы ў сярэдзіне чэрвеня.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “З афіцыйным візітам Ашмянскі раён наведала дэлегацыя з Рэспублікі Польшча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *