У Ашмянах выбралі «Выхавацеля года»

Главное Образование События

Якім павінен быць выхавацель дзіцячага садка? На гэта пытанне на працягу  раённага конкурсу “Выхавацель года” спрабавалі адказаць  не толькі восем канкурсантак, але і іх выхаванцы. Розныя гучалі адказы, жартоўныя і вельмі сур’ёзныя, аднак  ніхто не падверг сумневу, што ў выхавацеля павінна быць любячае сэрца, пазітыўныя думкі, крэатыўнае мысленне. А яшчэ, як адказалі дзеці,  яму б не перашкодзіла дастойная зарплата.

Выступленні ўдзельніц конкурсу пацвердзілі, што нашы выхавацелі ўсімі гэтымі якасцямі валодаюць. Яны эрудзіраваныя і артыстычныя,  цярплівыя  і шчырыя, абаяльныя і маладыя, нягледзячы на ўзрост.

Так атрымалася, што побач з педагогамі, якія робяць першыя крокі ў сваёй дзейнасці, выступалі спецыялісты, што аддалі выхаваўчай рабоце амаль тры дзесяткі год, аднак усіх  іх аб’ядноўвала любоў да дзяцей і сваёй прафесіі, якая сцірала ўзроставыя межы. Два гады назад прыйшла працаваць у Гальшанскі дзіцячы садок Тамара  Вайгяніца. Педагагічнае майстэрства яна спасцігае  ад сваіх калег і выхаванцаў. А вось Тэрэза Афонская, выхавацель Навасёлкаўскага НПК, шчыра дзеліцца сваім вопытам з маладымі педагогамі, бо яе працоўны стаж складае больш за 25 год. Багаты багаж як практычных, так і тэарэтычных ведаў накоплены ў Тамары Ляшчэвіч з дзіцячага садка №3, Таццяны Прылуцкай з дзіцячага садка №1, Валянціны Шукеловіч, якая прадстаўляла дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці горада, Таццяны Шаверда выхавацеля дзіцячага садка №6, Ліліі Зарубы з Кальчунскага дашкольнага цэнтр развіцця  дзіцяці і Валянціны  Маліноўскай з дзіцячага садка №4. Шкада, што ў фінальнай частцы  не змагла прыняць удзел Вераніка Пашкевіч, якая абараняла гонар Кракоўскага дзіцячага садка.  Дастойна выступіўшы ў першым этапе – паказе адкрытых заняткаў, яна па шэрагу прычын  не змагла выступіць у фінале.

Перад пачаткам святочнай праграмы  выхавацеляў павіншавалі начальнік аддзела адукацыі  Наталля Кучынская і галоўны спецыяліст аддзела  Жанна Загорская, якія пажадалі канкурсанткам упэўнена крочыць да педагагічнага Алімпу. На гэтым шляху нельга абысціся без дапамогі  і прафесійнай падтрымкі педагогаў-калег, на якіх павінны раўняцца маладыя спецыялісты. Яны, дарэчы, таксама падняліся на сцэну, і далі клятву верна служыць абранай прафесіі і сваім выхаванцам, а таксама прадаўжаць багатыя   педагагічныя традыцыі Ашмяншчыны.

Седзячы ва  ўтульнай  глядзельнай зале сярэдняй школы №2,  захаплялася кожным выступленнем канкурсантак. Яны, сапраўдныя прафесіяналы педагагічнай працы, знаходзяць час  не толькі на работу, але і свае сем’і, а таксама хобі. Яна майстры на ўсе рукі: вяжуць, вышываюць, вырошчваюць кветкі, спяваюць і танцуюць, здзіўляюць кулінарнымі шэдэўрамі і  ўражваюць фларыстыкай. У іх вялікае сэрца ўмяшчаецца любоў не толькі да сваіх родных, але і  чужых дзяцей, якіх ім давяраюць мамы і таты.

Аб тым, што дзеці адказваюць сваім выхавацелям узаемнасцю, сведчылі выступленні  дашкольнікаў. Яны хваляваліся за сваіх “другіх” мам, жадалі ім перамогі і моцна трымалі за руку. У адным з вершаў, які прагучаў са сцэны,   дзеці адзначылі, што  ім выхавацель ніколі не здрадзіць, што і з’яўляецца самай высокай ацэнкай  дзіцячага даверу і любові.

Прыемна было бачыць, як разам з выхавацелямі  выступаюць бацькі маленькіх гадаванцаў садкоў раёна, а яшчэ зусім нядаўна яны самі наведвалі гэтыя дашкольныя ўстановы. Час ідзе, а  ў садках па-ранейшаму пануюць дабрыня і любоў, шчырыя і цёплыя адносіны да  малышоў.

Адзін з конкурсаў уключаў абарону адукацыйных праектаў. Розныя па тэматыцы, яны былі скіраваны на развіццё  творчых  здольнасцей,  фарміраванне даследчых навыкаў і навыкаў бяспечных паводзін, прывіццё любові і павагі да роднага краю і яго традыцый. Пра свае педагагічныя ідэі многія выхавацелі расказалі разам  з дзецьмі.

На выдатна справіліся канкурсанткі і з апошнім іспытам – інтэлектуальным конкурсам, які заключаўся ў веданні фразеалагічных зваротаў.

У час падвядзення вынікаў конкурсу, гледачоў і ўдзельнікаў мерапрыемства парадавалі сваёй творчасцю вучні сярэдняй школы №1, якія падрыхтавалі канцэртную праграму.

Ганаровымі граматамі і падарункамі былі  ўзнагароджаны ўсе канкурсанткі. Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская, на свяце педагагічнага майстэрства не было пераможаных.  Усе ўдзельніцы конкурсу – пераможцы. У іх ёсць крылы і жаданне ўзляцець. Таму Наталля Генадзьеўна з задавальненнем павіншавала  Тамару Вайгяніца, пераможцу ў намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”; Тэрэзу Афонскую, якая была лепшай у намінацыі  “Лепшыя традыцыі ў адукацыі”; Лілію Зарубу, пераможцу  ў намінацыі  “Майстар сваёй справы”; Таццяну Шаверда ( намінацыя “Інтэлект і глыбіня”), Валянціну Шукеловіч ( намінацыя “Прафесіяналізм і майстэрства”), Валянціну Маліноўскую (намінацыя “Прафесіяналізм і творчасць”).  Першае месца на конкурсе заняла Тамара Ляшчэвіч. Гран-пры атрымала Таццяна  Прылуцкая. Яна была лепшай па выніках усіх конкурсаў. Высокую ацэнку ў журы атрымалі і яе заняткі, праведзеныя ў старшай групе.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *