У Ашмянах прайшло свята кулінарных шэдэўраў. «Смачны» фоторэпартаж

События

Вачэй нельга было адвесці ад прыгажосці, якой  напоўнілася  сталовая СВК імя Кляцкова ў мінулую пятніцу.  На сталах квітнелі экзатычныя лілеі, дэманстравалі ружовыя бакі цукровыя клубніцы, ганарліва  паглядаў у залу апетытны шчупак, у прыгожых кошычках  ляжалі цуда-арэшкі і грыбы-баравікі, разбягаліся ва ўсе бакі   сямейкі вожыкаў.   І ўсё гэта  прадэманстравалі ў сваіх стравах   удзельніцы  раённага  агляду-конкурсу  на лепшую сталовую і повара сярод сталовых гаспадарак раёна.

Конкурс, які арганізуецца  райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу,  стаў у нашым раёне  традыцыйным. Праводзіцца  ён у два этапы, падчас якіх вызначаецца    лепшая сталовая і лепшы повар у гаспадарках раёна.  За званне лепшага повара змагалася пяць  прэтэндэнтак: Алена Місюкевіч (СВК “Граўжышкі”), Алена Сцефановіч (СВК “Гальшанскі”, Ганна Дорняк (СВК “Ашмянскі Світанак”), Людміла Былінская (СВК “Прыгранічны”) і Яніна Болзан з СВК імя Кляцкова.  Яны павінны былі не толькі расказаць аб сваёй прафесіі, але і прадэманстраваць кулінарнае майстэрства, а таксама адказаць на пытанні па арганізацыі харчавання, санітарна-гігіенічных нормах  захавання прадуктаў  і выкарыстання тэхналагічнага абсталявання.

Прафесія повара лічыцца ў нас звыклай і непрыкметнай. Хтосьці заўважыць, што тут і вучыцца не трэба, бо гатаваць ежу ўмее сёння амаль кожная жанчына. Штодня жанчыны гадзінамі  стаяць ля пліты, каб пачаставаць сваіх родных  рознымі  прысмакамі. Для адных гэта радасць, для іншых – абавязак.  А вось для спецыялістаў у кулінарнай справе  гэта прафесія. Не так часта чуюць яны падзяку за сваю  нялёгкую працу, якую рабіць трэба з душой, з добрым думкамі  і настроем. Тады і рэзультат будзе станоўчы.    Адмысловым поварам усё ж такі трэба нарадзіцца. Можна закончыць некалькі навучальных устаноў, набыць вопыт, а поварам так і не стаць. А можна проста любіць сваю работу, нягледзячы на цяжкасці і жыццёвыя перыпетыі, спяшацца  штодня на працу і адчуваць сябе часткай грунтоўнага  неад’емнага працэсу, як адчуваюць сябе павары сельскагаспадарчых кааператываў, бо ў хлебаробскай  справе ёсць і іх уклад таксама: калі дрэнна падсілкуецца   механізатар, то  хлеб на стале будзе не такім важкім.

Гэта добра разумеюць і ўдзельніцы конкурсу кулінарнага майстэрства. Усе яны прыйшлі ў гэту прафесію розным шляхам. Людміла Былінская і Алена Сцефановіч  самавучкі.   Між тым Людміла Іосіфаўна працуе поварам ужо 45 год і яе майстэрству ў гэтай справе   можна пазайздросціць. Калісьці варыць ежу яе вучыла мама, затым настаўнікам была Марыя Громава. Сёння Людміла Былінская шчыра дзеліцца сакрэтамі сваёй работы з маладымі калегамі. У Алены Іванаўны хаця і не такі вялікі вопыт, але аб яе майстэрстве ўсё расказалі прыгатаваныя ёй вытанчаныя дэлікатэсы, якія яна прывезла на конкурс. Алена Місюкевіч па прафесіі кандытар, таму  яе конкурсны стол упрыгожыў апетытны бела-ружовы   торт уласнай выпечкі, які аказаўся прывабным і смачным   не толькі знешне, але і ўнутры. Больш 10 год працуе ў СВК “Ашмянскі Світанак” поварам Ганна Дорняк. Яна вучылася ў Баранавіцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, а цяпер вось корміць механізатараў у сваёй гаспадарцы. А Яніна Болзан закончыла Смаргонскую школу повараў і больш дзесяці год працуе ў сталоўцы на комплексе.

Іспыты, якія былі ўключаны ў праграму, паказалі, што ўсе яны, нягледзячы на адукацыю, сапраўдныя майстры сваёй справы. Конкурс “Практычныя навыкі” уключаў у сябе прыгатаванне салата пад назвай “Вясенні”. Акрамя таго, што стравы былі вельмі прыгожа аформленыя, яны былі і вельмі  смачныя. Варта адзначыць, што журы, у склад якога ўваходзілі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай, загадчыца кафэ “Капрыз” Ірына Тарнацкая, інжынер-тэхнолаг ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Таццяна Шурпо і спецыяліст  раённага цэнтра гігіены   і эпідэміялогіі Вольга Нарута, паставіла канкурсанткам вельмі высокія балы. Нялёгкая задача была ў іх пры падвядзенні вынікаў конкурсу “Хатняе заданне”, дзе ацэньваліся не толькі афармленне стала, але і смак прапанаваных  кандытарскіх  вырабаў і гарачага блюда. Безумоўна, канкурсанткі расшырылі межы конкурсу і паказалі, на што здольны іх залатыя рукі. Сталы “ламаліся” ад мясных і рыбных страў, рагалікаў і піражкоў з разнастайным начыннем, экзатычных салатаў. Ну, а ад выпечкі разбягаліся вочы. Хацелася ўсё паспытаць, не зважаючы на лішнія калорыі для фігуры.

Цудоўны настрой  на свяце-конкурсе  стваралі работнікі Гродзіеўскага Дома культуры Станіслава Тамашэвіч, Алена Янцэвіч, Наталля Свідрыцкая і актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Ніна Тамашэвіч, якія не толькі вялі конкурсную праграму, але і разбаўлялі яе  цудоўнымі песнямі і  трапнымі жартамі, што здымала хваляванне ў канкурсантак і весяліла гледачоў.

— Такія мерапрыемствы даюць людзям шанс праявіць сябе, раскрыць свае прафесійныя магчымасці. Таленты павінны быць заўважаны і адзначаны, — лічыць Раіса Турлай, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК. – Добрае слова, уручэнне ўзнагарод у прысутнасці сваіх калег, прадстаўнікоў гаспадарак і гледачоў для жанчын вельмі важна. Акрамя таго, удзельніцы конкурсу змаглі абмяняцца вопытам, што дапаможа ім у далейшай рабоце і палепшыць якасць прыгатавання страў.

Раіса Мікалаеўна павіншавала ўдзельніц конкурсу і абвясціла  доўгачаканыя вынікі.

Трэцяе месца занялі Ганна Дорняк і Алена Місюкевіч. Другое раздзялілі між сабой  Яніна Болзан і Алена Сцефановіч. Перамога дасталася повару з СВК “Прыгранічны” Людміле Былінскай. Усе удзельніцы конкурсу ўзнагароджаны Дыпломамі райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі , ім уручаны таксама букеты руж.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

3 комментария по теме “У Ашмянах прайшло свята кулінарных шэдэўраў. «Смачны» фоторэпартаж

  1. Эх, эти фотки и правда с голодухи смотреть нельзя…

  2. Да…..Красота…Помню ваши тортики земляки,на свадьбах Беларусских!Вкусняшка!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *