У Ашмянах прайшоў рэспубліканскі суботнік. Фотарэпартаж

Главное События

Традыцыя рабочай суботы існуе ўжо амаль сто гадоў. Лічыцца, што першы суботнік прайшоў 12 красавіка 1919 года. Аднак слова “суботнік”, якое ўзнікла яшчэ ў савецкі час, у нашы дні набыло новую афарбоўку. Беларусы сёння ўсё часцей параўноўваюць суботнік са звычаем талакі – вырашэннем праблем разам, усёй грамадой.

Сёлета рэспубліканскі суботнік адбыўся 16 красавіка. Грамадзяне працавалі і на сваіх працоўных месцах, і добраўпарадкавалі і прыводзілі ў належны стан тэрыторыі населеных пунктаў, мемарыяльныя комплексы, мясціны баявой і воінскай славы, пахаванні воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтым годзе ў адпаведнасці з рашэннем Урада сродкі, заробленыя на суботніку, будуць накіраваны не толькі на фінансаванне сацыяльна-значымых аб’ектаў, але і на падтрымку пацярпелых 11 красавіка ў Мінску і аднаўленне станцыі метро “Кастрычніцкая”.

На нарадзе, прысвечанай арганізацыі суботніка ў раёне, былі акрэслены разнапланавы накірункі правядзення гэтага мерапрыемства. Напрыклад, для вяскоўцаў і ў дзень суботніка клопат нумар адзін – палявыя работы. Для астатніх – навядзенне парадку на тэрыторыях мехдвароў, ферм, вясковых могілках.

Сваім асабістым прыкладам работнікі райвыканкама на чале са старшынёй Ю.У. Адамчыкам прызвалі гараджан прыняць удзел у добраўпарадкаванні горада. Больш за  сотню людзей працавала на вуліцах Гальшанскай, Барунскай, Чырвонаармейскай на закладцы газонаў, кветнікаў.

Маладзёжны працоўны дэсант шчыраваў ля крынічкі ў мікрараёне Заходні. Навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа ўзялі шэфства за тэрыторыяй, дзе размяшчаецца адзін з самых вялікіх камянёў – Нявесцін камень. Настаўнікі і вучні школ горада наводзілі парадак ля былой сядзібы Стругача, першага заснавальніка дражжавога завода.

Работнікі прамысловых, будаўнічых арганізацый працавалі адпаведна з рабочымі і тэхналагічнымі графікамі.

У суботніку прыняло ўдзел каля 12 тысяч ашмянцаў, зароблена звыш 38 мільёнаў рублёў.

Ганна ДАВІДОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *