У Лідзе адбыўся абласны агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод дамоў-інтэрнатаў

Культура События

На базе Лідскага дома-інтэрната ўпершыню адбыўся абласны агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод дамоў-інтэрнатаў. На ім свае таленты прадставілі падапечныя дамоў-інтэрнатаў і аддзяленняў кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з Воранава, Дзятлава, Іўя, Ліды, Навагрудка, Ашмян. Інтарэсы нашага раёна прадставіла аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, якое працуе ў аграгарадку Жупраны.

Перад удзельнікамі мерапрыемства стаяла складаная задача. Ім патрэбна было не толькі “дастукацца” да сэрцаў гледачоў і слухачоў, але і спадабацца прафесіяналам. Усіх гасцей, якія выходзілі ў гэты дзень на сцэну, сустракалі з добрымі усмешкамі, а праводзілі бурнымі апладысментамі. Народныя песні чаргаваліся з юмарыстычнымі сцэнкамі, вершамі і танцамі. Само мерапрыемства выклікала шмат станоўчых эмоцый у журы, выступоўцаў і проста гледачоў.

Падапечныя аддзялення Ядвіга Антонаўна Ракоўская, Лідзія Іванаўна Мароз, Леанарда Станіславаўна Сазон, Аляксандр Сергеевіч Чайка абыгралі на сцэне літаратурна-музычную кампазіцыю “Мая вёска- мой лёс” на сцэнарый Валянціны Ліштван. Дапамагалі ім Валянціна Горыд, Вольга Айвазоўская, Іна Катовіч.

Конкурс адкрыў шмат таленавітых і здольных людзей. Усе выступілі дастойна. Сярод аддзяленняў ярчэй за ўсіх было Лідскае. На другім месцы – Іўе, на трэцім – Воранава. Наша аддзяленне было высока адзначана кампетэнтным журы ў шматлікіх намінацыях. Удзельнікі агляду атрымалі падарункі і падзякі за актыўны ўдзел.

Вялікі ўклад у падрыхтоўку да мерапрыемства ўнеслі ўсе супрацоўнікі аддзялення. Не засталіся абыякавымі і жыхары Жупранскага сельсавета. Лідзія Лукша і Марыя Сухлабовіч выпеклі хлеб і салодкія прысмакі, якімі нашы выступоўцы пачаставалі членаў журы і гледачоў.

За арганізацыю паездкі на конкурс аддзяленне выказвае падзяку прыватнаму прадпрыемству “Менком” (Ю.І. Гурскі), ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” (Т.У.Філіповіч), аддзелу па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (Г.У.Яшына).

Вераніка ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота адсюль: http://zn.by/



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *