Навукова-практычная канферэнцыя адбылася ў дзіцячым садку. Фотарэпартаж

Культура События

Дзіўна, скажаце вы. Глупства, заўважыць нехта. Цікава, падумала я і адправілася ў дзіцячы садок №3 горада, дзе якраз і праходзіла гэта мерапрыемства.

Восем  зусім яшчэ юных  даследчыкаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў,  прынялі ўдзел ў першай раённай  навукова-практычнай канферэнцыі. І хаця многія з малышоў яшчэ не зусім разумеюць сэнс слова “даследчык”, яны  смела і  рашуча разам са сваімі выхавацелямі накіраваліся ў свет навукі. Яны даследавалі космас, вывучалі  ўласцівасці вады і паперы, падарожнічалі  ў свет магічных лічбаў, праводзілі эксперыменты з магнітам і  натуральнымі фарбавальнікамі,  шукалі адказ на пытанне, якое хвалюе многіх дзяцей: “А хто ж  жыве ў яйку?”.

Апранутыя ў мантыі і акадэмічныя шапачкі, дзеці выглядалі зусім як дарослыя. Яны не губляліся, калі ім задавалі пытанні, смела адстойвалі  свой пункт гледжання. Выступленні маленькіх вучоных  паказалі, што ва ўсіх без выключэння дзяцей добра развітая для іх узросту мова, яны  смела трымаюцца  перад вялікай аўдыторыяй. Веды,  прадэманстраваныя малышамі падчас прэзентавання сваіх даследчых прац, а таксама эрудыцыя ўразілі ўсіх без выключэння.

Ігар  Савіцкі з дзіцячага садка №3  не толькі расказаў аб планеце Зямля, але і аб планетах сонечнай сістэмы, зрабіўшы іх параўнальную характарыстыку. Цёплыя ўсмешкі ў зале выклікаў расказ Ігара аб наведванні школы-інтэрната, дзе  ад дырэктара ўстановы  Уладзіміра Бізюка ён пачуў шмат цікавай інфармацыі аб космасе і планетах. Хлопчыка вельмі ўразіла гэта сустрэча. У яго вачах  Уладзімір Аляксандравіч стаў знакамітым вучоным, і зносіны з ім для маленькага даследчыка – вялікі гонар.

Аляксандр Бартановіч з Кальчунскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці  і Аляксандр Савіцкі з дзіцячага садка № 6  расказалі аб вадзе і яе цудоўных уласцівасцях. Разам са сваімі выхавацелямі яны правялі шмат  доследаў, а пасля нават далі  рэкамендацыі і парады па зберажэнні вады дома і ў сваіх дзіцячых садках.

Насычанай на цікавыя факты была даследчая работа  Аляксандры  Амбражэвіч з дзіцячага садка №4 “У свеце магічных лічбаў. Лічба  сем”. Дзяўчынка разам са сваімі выхавацелямі правяла аналіз казак і прымавак, дзе ўжываецца лічба сем,  падрыхтавала аповед аб сямі цудах свету, нават навучыла дзяцей і дарослых  лічылцы, якая дапамагае па парадку назваць сем колераў вясёлкі.

Аб шматлікіх эксперыментах  з магнітам расказала Аліса Гарлуковіч, выхаванка  дзіцячага садка №6. Для  таго, каб даказаць, што магніт на самой справе з’яўляецца чараўніком, дзяўчынка звярталася да энцыклапедыі і  нават інтэрнэту.

Не толькі даведаўся аб карысных фарбах  са сваёй дачы, але і падзяліўся гэтымі ведамі з выхаванцамі садка №1 Іван Прылуцкі. Ён расказаў аб  уласцівасцях некаторых фруктаў і агародніны  афарбоўваць рэчывы. Дарэчы, шмат каго можа зацiкавiць апельсиновая диета.

Не было роўных у развагах і доказах юнаму даследчыку з гарадскога цэнтра развіцця  дзіцяці  Івану  Лобану. Пры падрыхтоўцы сваёй работы “Хто жыве ў яйку?”  ён разам з выхавацелем і дзецьмі стварыў музей яйка.  Хлопчык прадэманстраваў з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі самае маленькае і самае вялікае яйкі.  Расказаў аб іх форме і разнастайнай  афарбоўцы. Нават аб ролі кальцыю ў арганізме чалавека даведаліся мы з дзіцячага выступлення.

Валерыя  Трайкоўская, выхаванка дзіцячага садка № 3,  зрабіла паведамленне аб паперы. Яе змястоўнае выступленне ўключала  не толькі гісторыю ўзнікнення паперы, але і эксперыменты, якія пацвярджалі яе ўласцівасці, а таксама  дэманстрацыю выставы дзіцячых работ з паперы.

Складана было ацаніць даследаванні дзяцей. Для кожнага з іх  выступленне перад аўдыторыяй з часам зусім не дзіцячымі тэмамі – сур’ёзная перамога.  Аб гэтым гаварылі як юным даследчыкам, так і іх бацькам і  выхавацелям  начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская і галоўны спецыяліст  Жанна Загорская. Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі падарункі і паветраныя шары, дыпломамі аддзела адукацыі ўзнагароджаны выхавацелі. Трэцяе месца заняў А. Савіцкі (садок №6, выхавацель М. Бакшэвіч), другое – І. Савіцкі (садок №3, Н. Габрыяловіч), А. Бартановіч ( Кальчунскі цэнтр развіцця дзіцяці,Н. Гапанёнак), А. Гарлуковіч (садок №3, Н. Буткевіч), І. Прылуцкі (садок №1, М. Альшук), першае – А. Амбражэвіч (садок №4, А. Гаранькова, Т. Саўяненка), І. Лобан ( гарадскі цэнтр развіцця дзіцяці,  В. Шукеловіч), В. Трайкоўская (садок №3, І. Баяровіч).

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Стоит почитать:


Теги:

1 комментарий по теме “Навукова-практычная канферэнцыя адбылася ў дзіцячым садку. Фотарэпартаж

  1. Такое чувство, что скоро научные конференции начнем в яслях проводить, а там и до роддома недолго. Мне кажется, больше всего начальство умиляют такие мероприятия, мантиии, шапочки и другая дребедень, а на самом деле все от начала до конца делается руками преподователей. И спрашивается, зачем это надо?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *