Сёння наўрад ці магчыма назваць канкрэтную дату ўзнікнення ў раёне клуба даярак-перадавікоў. Каліцьсі гэта былі “трохтысячніцы” – даяркі, якія надойвалі ў год тры тысячы кілаграмаў малака ад каровы. З кожным годам лічба гэта расце: чатырохтысячніцы, пяці… Зараз клуб значна пашырыў свае межы. Сюды ўваходзяць даяркі, якія дасягнулі надояў ад кожнай каровы ад пяці да васьмі тысяч. А з гэтага года ўпраўленнем райсельгасхарчу прынята рашэнне стварыць яшчэ адзін клуб перадавікоў — для аператараў, занятых на адкорме і вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней. Так, безумоўна, будзе больш справядліва, бо жывёлагадоўчая галіна складаецца не толькі з “малочнага” накірунку. А калі яшчэ ўлічыць рэзультаты работы жывёлагадоўлі раёна за мінулы год, то прывагі буйной рагатай жывёлы і свіней у параўнанні з папярэднім годам выглядаюць значна лепш, чым надоі.
Імклівы наступ прагрэсу замяніў даярку на аператара машыннага даення, тым самым як бы дазволіў атрымліваць гэту прафесію і мужчынам. Пагадзіцеся, раней мы не сустракалі спалучэння дояр-трохтысячнік. А аператар машыннага даення скрадвае родавую прыналежнасць, ды і ўмовы працы сёння ў людзей гэтай прафесіі сталі зусім іншымі: перастала яна быць чыста жаночай. Таму пэўна ў нашым раёне мужчыны не толькі працуюць аператарамі машыннага даення, але яшчэ і дабіваюцца высокіх рэзультатаў, тым самым паказваючы прыклад у працы і жанчынам. Не адзін год трымаюць высокую планку аператары машыннага даення Павел Бярнацкі з фермы “Войневічы” і Віктар Давідовіч з фермы “Харанжышкі”. Аднак зусім не важна, мужчына ты ці жанчына. Галоўнае, што ў работу ўкладваеш ты душу, не ссылаешся на цяжкасці, а ўпэўнена ідзеш уперад. І работа дае свой плён. А найлепшы стымул працаваць яшчэ лепш – калі цябе заўважаюць, дзе добрым словам, а дзе і заахвочваннем. Дзейнасць клуб перадавікоў якраз і накіравана на тое, каб аддзячыць сваіх лепшых працаўнікоў, падтрымаць іх, а таксама і падвесці вынікі работы за папярэдні год. Таму і не дзіўна, што пасяджэнні клуба арганізуе райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на чале са старшынёй Раісай Турлай, бо менавіта гэта арганізацыя сваёй першачарговай задачай лічыць падтрымку і абарону сваіх работнікаў.
Работу клуба было вырашана распачаць на сыраробным заводзе, каб бліжэй пазнаёміцца з працэсам вытворчасці сыроў, у які ўносяць значны ўклад і самі ўдзельнікі клуба. Для жаданых гасцей была праведзена экскурсія. Затым дырэктар сырзавода Аляксандр Кавецкі расказаў аб прадпрыемстве і планах на будучае. Праведзеная рэканструкцыя дазволіла перапрацоўваць на заводзе штодня каля 150 тон малака, з іх амаль 80 паступае ад гаспадарак нашага раёна. Удзячнасць выказаў Аляксандр Іванавіч працаўнікам сяла за павышэнне якасці малака. І хаця гатунак “экстра” пакуль што паступае на завод толькі ад СВК “Гальшанскі” і “Кракоўка” , ёсць надзея, што ў гэтым годзе да названых гаспадарак далучацца і іншыя. Згодна з Рэспубліканскай праграмай развіцця малочнай галіны на 2011-2015 гады на заводзе прадугледжана будаўніцтва яшчэ аднаго сыраробнага цэху. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць перапрацоўваць у два разы больш малака, і адпаведна, вырабляць у дзень не 15, а 30 тон цвёрдых сыроў. Таксама дырэктар паведаміў аб тым, што завяршаецца работа па ўзвядзенні цэху па перапрацоўцы (згушчванні) сыроваткі. Раней яна проста вылівалася, а цяпер пойдзе на патрэбы сельскай гаспадаркі.
Другая частка пасяджэння была праведзена ва ўтульнай цёплай абстаноўцы ў кафэ “Капрыз”, дзе сабраліся не толькі перадавікі жывёлагадоўчай галіны, але і загадчыкі ферм і комплексаў, на якіх дасягнуты высокія паказчыкі, а таксама прафсаюзныя лідары гаспадарак. Словы падзякі ад кіраўніцтва раёна і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, падарункі ад прафсаюзнага камітэту, музычныя віншаванні ад работнікаў сістэмы культуры — уся ўвага была скіравана на працаўнікоў сяла, якія сваёй нястомнай працай садзейнічаюць развіццю сельскай гаспадаркі раёна і росквіту вёскі.
Вядучая мерапрыемства Сняжана Кагадоўская прапанавала называць кожнае пасяджэнне клуба святам і запрасіла да мікрафону першага намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Масейку, які ад усёй душы павіншаваў герояў жывёлагадоўчай галіны і пажадаў ім не толькі поспехаў у працы, але і дабрабыту, а таксама росквіту нашаму раёну, гонарам якога з’яўляюцца людзі-працаўнікі.
Актыўны ўдзел у пасяджэннях клуба прымае першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасія Акулевіч, якая далучылася да віншаванняў, прааналізавала работу жывёлагадоўчай галіны за мінулы год і нагадала аб статуце клуба “пяці-васьмітысячнікаў” і стварэнні клуба аператараў па адкорму буйной рагатай жывёлы і свіней. Як заўважыла Анастасія Віктараўна, рэзультаты мінулага года не зусім радуюць, бо фактычна прадукцыя жывёлаводства ў супаставімых цэнах павялічылася ў параўнанні з 2009 годам усяго толькі на 1, 4 працэнта. Па раёну ад кожнай каровы надоена 4390 кг малака, што ніжэй узроўню 2009 года на 255 кг. Таму ў гэтым годзе ёсць над чым працаваць, каб не толькі перавысіць паказчык двух апошніх гадоў, але і дасягнуць запланаванага на 2011 год. Сярэднесутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы склалі па раёну 693 грамы, а свіней – 577 грамаў. Як заўважыла А. Акулевіч, для членства ў клубе вынікі на адкорме за 2011 год павінны быць не менш 700 грамаў і 600 адпаведна.
Самы прыемны момант свята — ўзнагароджванне. Старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай віншуе аператараў машынага даення, якія пацвердзілі свае членства ў клубе і дасягнулі самых высокіх рэзультатаў у раёне па выніках мінулага года. Усе яны працуюць у СВК “Гальшанскі”. Гэта неаднаразовыя пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў Ірына Дабраловіч і Тамара Наумец з фермы “Міхайлоўшчына”, якія надаілі па 7176 кг, а таксама Уладзіслава Дубіцкая з фермы “Доргішкі”. Яе рэзультат – 6917 кг малака ад каровы. За сваю працу яны ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.
На ферме “Міхайлоўшчына” працуюць яшчэ дзве жанчыны, рэзультат працы якіх – дастойны прыклад для ўсяго раёна: гэта Тамара Данілевіч і Ірына Улеш, якія надаілі 7176 кг на карову. Сваё членства ў клубе пацвердзілі таксама Алена Каралевіч ( ферма “Гальшаны”, 6899 кг), Вольга Батура (“Гальшаны”, 6877 кг), Таццяна Ждановіч ( “Доргішкі”, 6724 кг), Таісія Адашкевіч (“Валовікі”, 6417 кг), Ірына Лісоўская ( “Валовікі”, 6219 кг), Лідзія Данілевіч (“Валовікі”, 6304 кг).
Пяцітысячны рубеж перавысілі Павел Бярнацкі і Наталля Арліцкая з фермы “Войневічы”, а таксама Тарэса Шымановіч з фермы “Павяжы” СВК “Ашмянскі Світанак”, Тарэса Зейф і Алена Люткоўская з фермы “Кракоўка” СВК “Кракоўка” і Ларыса Крулікоўская з фермы “Мураваная Ашмянка” СВК “Прыгранічны”. Дарэчы, для Тарэсы Зейф і Ларысы Крулікоўскай свята было двайным: ва ўрачыстай абстаноўцы першы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Масейка уручыў ім пасведчанні членаў клуба пяці-васьмітысячнікаў.
На пасяджэнні клуба былі агучаны імёны кандыдатаў у членства, якія падышлі блізка да пяцітысячнага рэзультата, іх аказалася 15 чалавек. На жаль, 10 аператараў машыннага даення не змаглі ўтрымацца ў клубе, іх надоі ўпалі. Аднак згодна з палажэннем, яны могуць вярнуцца ў клуб, галоўнае, дасягнуць запаветнага рубяжу.
Упершыню на свяце прысутнічалі аператары па адкорме і вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней. Павіншаваць іх і ўручыць грашовыя прэміі лепшым прыйшлі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “ Ашмянскі мясакамбінат” Людміла Васілеўская і заатэхнік Іосіф Кейда. Самыя высокія вынікі за мінулы год у Аляксандра Чалага з фермы “Ліпаўка” СВК Кракоўка”. На вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы пасля 6 месяцаў ён атрымаў прывагу ў 1314 грамаў у суткі, а Віктар Станкевіч з гэтай жа фермы на адкорме і вырошчванні маладняку – 1149 грамаў.
Старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай узнагародзіла дыпломам і падарункам загадчыцу фермы “Нарушаўцы” СВК “Гальшанскі” Алену Жабко, дзе сярэднесутачныя прывагі склалі 1169 грамаў. Дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце і сталі членамі клуба аператары Вацлаў Венславовіч, Юзэфа Вярбіцкая і Марына Вінцаловіч з СВК “Гальшанскі”, Тарэса Калтушэвіч, Аляксандр Урублеўскі і Тарэса Абрамовіч з СВК “Кракоўка”, Станіслаў Мацэвіч з эксперыментальнай базы “Баруны”, Антон Савіцкі, Мар’ян Аляшкевіч з “Прыгранічнага”, Іосіф Борткавіч і Францішка Тарасевіч з СВК “Крэйванцаўскі”, Баляслаў Тонкавіч і Уладзімір Шпакоўскі з СВК “Граўжышкі”, Людміла Міхалькевіч, Марыя Багдановіч і Ганна Субач з СВК ім. Кляцкова, Пётр Бернат і Іван Грышкевіч з “Ашмянскага Світанку”.
Святочны настрой і цудоўныя музычныя падарункі дарылі працаўнікам сяла лепшыя калектывы і выканаўцы клубных устаноў раёна.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.
