Лізавета Лукша расказала, як прыгатаваць смачны хлеб

Главное

«Свой хлеб – гэта навек…» Так часта гаворыць сваім унукам бабуля Лізавета. Вялікі сэнс укладвае яна ў гэтыя словы, бо  добра ведае цану хлеба. За сваё жыццё яна паспытала розных хлябоў: са смакам вайны і  пахам пасляваеннага голаду, выпечанага любай матуляй, а пасля і сіроцкага, замешанага на слязах і горкіх красках  дзяцінства.

Зусім маленькай яна была, калі  пачалася вайна. З Суража, што на Віцебшчыне, немцы вывезлі  сям’ю  на Ашмяншчыну. І толькі дзякуючы добрым людзям  удалося выжыць, выстаяць у барацьбе з голадам і холадам. Уласнай гаспадаркі  ў іх не было, прыходзілася за кавалак хлеба наймацца на работу да заможных гаспадароў. Маці прала, ткала. Любую мужчынскую работу мог зрабіць бацька.

Пасля вайны сям’я пусціла карані ў Дукойнях.  Бацька атрымаў невялікі надзел зямлі. Пакрысе пачалі абзаводзіцца гаспадаркай. Жыццё стала наладжвацца.  Разам з вясковымі дзецьмі Лізавета адправілася спасцігаць навуку ў Жупраны. Школка тады  размяшчалася за садам, у драўляным будынку.  Праўда, нядоўгай была вучоба. “Толькі чаравікі драла, а не вучылася, — успамінае той час Лізавета Яфімаўна. —  Адна кніга была на пецярых, ды і тая патрапаная. А яшчэ і адзенне патрэбна было,  і абутак, таму вучоба хутка скончылася.”

Трынаццаты год ішоў Лізавеце, калі не стала маці. Уся жаночая работа лягла на яе худзенькія  плечы.  Самая адказная і складая з іх — спячы хлеб. Маці не паспела навучыць дачку гэтай справе. Прыходзілася вучыцца ў чужых людзей. Часта на сваім няўдалым вопыце. Аднак сёння Лізавета Яфімаўна можа спячы хлеб, як кажуць, з заплюшчанымі вачыма. Шмат сакрэтаў ведае жанчына, каб удаўся хлеб пульхны і смачны, каб не чарсцвеў, каб скарынка не адставала ад мякішу, каб  прыйшоўся даспадобы ўсім. Нездарма ж і цяпер, калі на любы густ можна купіць хлеб у краме, нават з суседніх вёсак прыязджаюць да  Лізаветы Лукша  людзі, каб   заказаць у яе хлябок уласнай выпечкі. А хлеб у яе і на самой справе атрымліваецца  адмысловы, нейкі чароўны, бо ўжываецца  нават для лячэння страўнікавых захворванняў.

Аднак найбольш любяць бабулін хлеб унукі. Іх у яе шасцёра: па двое ў сыноў і дачкі.  Саша і Насця, дзеці Івана, гадаваліся ў  бабуліным доме, таму на свае вочы бачылі, як выпякаецца хлеб, нават прымалі ўдзел у  працэсе яго прыгатавання. Цяпер яны прывозяць бабулін  хлеб у сталіцу, дзе вучацца, частуюць сваіх аднакурснікаў, а тыя дзіву даюцца, як гэта ў наш час ды хлеб уласнай выпечкі! Пытанні то яны задаюць, але пры гэтым   з вялікай асалодай умінаюць  бабулін вясковы  ласунак.

Раней хлеб Лізавета Яфімаўна выпякала штомесяц. Бывала і часцей.  Цяпер жа, калі дзеці вынеслі печ у летнюю кухню,  свой хлеб з’яўляецца на стале толькі ў святы, у цёплую пару, бо не любіць цеста холаду. Самы смачны хлеб, лічыць гаспадыня, атрымліваецца  на бярозавым соку. Ён надае непаўторны смак караваю.  Мука абавязкова павінна быць аржаной. Праўда, зараз яе стала складана купіць. Неяк набыў сын  мех у прадпрымальніка, а мука аказалася з высеўкамі жоўтымі, пшанічнымі.  Яно, канешне, можна і з пшанічнай мукі. Аднак смак ужо будзе іншым. Каб удаўся хлеб, замешваць цеста трэба ў дубовай дзяжы. Лічылася, што пасудзіну гэту нельга нікому пазычаць, бо чужыя людзі могуць адмоўную энергію дрэву перадаць, і тады цеста не падымецца. Няўдалы хлеб будзе і ў эмаліраваным вядры.  Каб хлеб доўга  не чарсцвеў, муку трэба  запарваць. А яшчэ ў закваску неабходна  крыху пакласці бульбы.

Лізавета Яфімаўна рашчыняе хлеб нанач.  Увесь гэты час  цеста кісне. А на раніцы апранае гаспадыня чыстае адзенне, прыгожую святочную хустку павязвае і з добрым настроем пачынае замешваць цеста. Гэты працэс займае ў яе не менш гадзіны, бо ад замесу залежыць і смак. Не менш важная  роля ў працэсе выпечкі хлеба адводзіцца і печы. Яна паліцца бярозавымі дровамі. Каб праверыць, ці гатова яна прыняць боханы, гаспадыня пырскае ўнутры  вадой. І калі печ пачынае шыпець, значыць, можна і хлябы  саджаць. У Лізаветы Яфімаўны яны звычайна вялікія, кілаграмы па два-тры. Калі заставаўся невялікі кавалачак цеста, яна фармавала  маленькую булачку, клікала ўнучку і казала: “Сёння, унучка, тваё шчасце, будзе і табе, любая,  невялічкі хлябок.” Унучка заўсёды круцілася каля бабулі. У яе абавязкі ўваходзіла засцілаць драўляную лапату кляновымі лістамі. Гэтыя лісточкі дзеці назапашвалі яшчэ з восені. Бралі спецыяльныя драціны і нанізвалі на іх рознакаляровыя  восеньскія дары. Затым  вянкі сохлі пад сцяною ў верандзе. І толькі перад непасрэдным ужываннем яны абдаваліся кіпнем, ад чаго  разносіўся па хаце непаўторны водар восені. Хлеб можна выпякаць і на аеравых лістах. Аднак Лізавета Яфімаўна аер не вельмі паважае, бо лісточкі ўразаюцца ў цеста і іх складана пасля дастаць.

Выпечаны хлеб гаспадыня беражліва вымае з печы і  кладзе на чысты абрус.  Затым гэтым жа абрусам укрывае, каб пакрысе астываў. Яна ніколі не дазваляе есці яшчэ цёплы хлеб і злуецца, калі хто рэжа хлеб у спешцы. Яна вучыць сваіх родных ставіцца да хлеба з павагай, шанаваць дараваны Усявышнім цуд. І калі часам хлеб падае ў яе з рук, яна просіць за гэту недарэчнасць прабачэння ў Бога.

Лізавеце Яфімаўне ўжо шмат год. Калісьці яна і думаць не магла, што перажыве мужа. Ён быў здаровы і малады, а яна вельмі часта хварэла. І вось ужо дваццаць год, як мужа не стала. А яна жыве. Часам  жанчыне здаецца, што сілы дае ёй родная зямля і станоўчая энергетыка, што перадаецца ад людзей, якія спажываюць яе хлеб. Таму,  не зважаючы на хваробы, яна замешвае цеста і выпякае духмяныя боханы, з якімі не зраўняецца ніводзін заводскі каравай, бо толькі ў хлебе ўласнай выпечкі ёсць душа і жыццё, нездарма ж ад яго  пайшло слова “жыта”.

Аліна САНЮК.

Фота з сямейнага  архіва сям’і Лукша.



Теги:

2 комментария по теме “Лізавета Лукша расказала, як прыгатаваць смачны хлеб

  1. Мая бабуля таксама ўмее выпякаць вельмі смачны хлеб 🙂

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *