У Ашмянах зрабілі кнігу з глінянай вокладкай

Культура

Сёлета наша краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Яно бярэ пачатак з 1517 года, калі наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе «Псалтыр» — першую кнігу на беларускай мове…

З гэтай нагоды галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага запрасілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у абласным конкурсе «На лепшую самаробную кнігу».  Таленавітыя ашмянцы не засталіся ў баку ад гэтай падзеі і прадставілі на творчае «спаборніцтва» некалькі выкананых па-майстэрску прац. У кожнай з трох намінацый самаробныя кнігі нашых бібліятэкараў знайшлі сваё месца, дарэчы гэта — мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) Францыска Скарыны, мастацкае афармленне твора пра жыццё і дзейнасць першадрукара, а таксама афармленне твораў беларускіх асветнікаў і мысліцеляў.

Сярод кніг, прадстаўленых на раённым этапе конкурсу «На лепшую самаробную кнігу», асаблівае месца займае выданне афарызмаў і цытат Францыска Скарыны. Пад глінянай вокладкай размешчана скарбніца залатых думкаў першадрукара. Дарэчы, такое мастацкае аздабленне стварыў мастак Валерый Ганевіч разам з калектывам сельскай бібліятэкі Гродзі.

IMG_5504

Незвычайна і аўтэнтычна напісаныя на палатне з лёну «Выслоўі» Скарыны. Калектыву Кальчунскай сельскай бібліятэкі дапамагла рэалізаваць ідэю майстар Святлана Сярпейка. Жыццё беларускага асветніка і першадрукара знайшло сваё адлюстраванне на старонках кнігі Будзёнаўскай сельскай бібліятэкі (з ілюстрацыямі і афармленнем дапамагала вучаніца СШ №3 Кацярына Юсціневіч).

IMG_5509

Прыемна адкрыць і пагартаць цудоўную кнігу дзіцячай бібліятэкі  «Казкі жыцця» Якуба Коласа. Са старонак на нас глядзяць, нібы жывыя, аблокі, сонейка, дрэвы… Аб’ёмныя ілюстрацыі дапамагала рабіць чытачка бібліятэкі Вікторыя Свірская.  Яркае, ілюстраванае выданне, напэўна, прыйшлося б даспадобы не толькі юным чытачам, але і дарослым.

Калектыў аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі разам з мастачкай Дар’яй Сярпейка прадставілі кнігу з урыўкам паэмы Якуба Коласа «Новая зямля: на мовах свету». Беларуская, польская, лацінская, руская, украінская мовы знайшлі месца пад адной вокладкай.

Яшчэ адну кнігу, прысвечаную класіку беларускай літаратуры, стварыла Наталля Шымановіч (Навасёлкаўская сельская бібліятэка). Толькі старонкі ў гэтага выдання мяккія — кожная літара тут вышываная! Нягледзячы на тое, што гэта праца патрабавала шмат часу і сіл, Наталля Фёдараўна паспела скончыць маленькі шэдэўр, які, безумоўна, упрыгожыць выставу.

Прэзентацыя калекцыі лепшых самаробных кніг і ўзнагароджванне пераможцаў адбудзецца падчас правядзення Міжнародных ХХІ Гарадзенскіх навуковых чытанняў «Ад першай сцяжынкі Францыска Скарыны» ў верасні.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *