Анатоль Бутэвіч наведаў Ашмяншчыну

Образование События

Гэтай сустрэчы з пісьменнікам, публіцыстам, перакладчыкам, грамадскім дзеячам Анатолем Іванавічам Бутэвічам ашмянцы чакалі даўно. Пазнаёміцца, паслухаць аўтара рыцарскага рамана “каралева не здраджвала каралю” пра Соф’ю Гальшанскую хацелі многія. Ды ўсё па ўважных прычынах такая сустрэча пераносілася. І вось нарэшце, напрыканцы лютага, Анатоль Іванавіч наведаў Ашмяншчыну.

У той дзень апоўдні ў Гальшанскім сельскім Доме культуры сабралася шмат ахвотных пазнаёміцца з асобай і творчасцю пісьменніка. Сюды прыйшлі жыхары мястэчка-аграгарадка, вучні мясцовай гімназіі, работнікі культуры, у тым ліку бібліятэчныя, настаўнікі мовы і літаратуры са школ раёна, прадстаўнікі мясцовай улады. Запрашэнні клуба “Сустрэча” раённай цэнтральнай бібліятэкі прапаноўвалі прэзентацыю пазначанай кнігі А. Бутэвіча, а інфармацыя на экране ў зале сведчыла, што гэта літаратурна-творчая імпрэза з назвай “Прад небам беларускага слова”. І тое, і другое справядліва, бо сустрэча была цікавай з любога пункту гледжання: і як больш істотнае, адухоўленае знаёмства з гісторыяй роднага краю і Беларусі ўвогуле, і як аўтарскае паглыбленне ў творчы працэс стварэння знакамітага рамана і іншых твораў пісьменніка, і як тэставы ўрок нацыянальнай самасвядомасці на глебе высокай павагі да гісторыі сваёй краіны, да яе выдатных асоб, да ўсяго, што ўваходзіць у паняцце беларускасць.

Актавая зала перад пачаткам сустрэчы міжволі настройвала на гэта. Са сцэны ў выкананні інструментальнага аркестра Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў гучалі і паланез Агінскага, і “Зорка Венера”, і мелодыя песні пра жураўлёў, што на Палессе ляцяць, і іншыя творы. Потым прысутным быў прапанаваны дакументальны фільм пра Гальшаны, пра Чорны замак Альшанскі і панну ў белым… Увогуле атмасфера прэлюдыі настройвала на ўзаемаабагачальны творчы кантакт з госцем, на грунтоўную цікавую імпрэзу.

І вось, згодна са сцэнарыем мерапрыемства, які распрацавалі супрацоўнікі аддзела культуры, на сцэну, нібыта вяртаючы ўсіх прысутных у далёкую даўніну, выйшлі артысты мясцовага Дома культуры ў ролях князя Гольшы, Соф’і Гальшанскай, Паўла Сапегі і святой Юліяніі. Яны коратка засведчылі сваю гістарычную значнасць і запрасілі на вечар-сустрэчу.

Наш госць Анатоль Іванавіч Бутэвіч запрашаецца на сцэну. Шчырымі апладысментамі сустрэла яго зала, а вядучыя Вольга Барысенка і Сяргей Жылік просяць пісьменніка ўспомніць пра дзяцінства, пра свае мары, пра тое, як стаў літаратарам, як прыйшоў да высновы заняцца гістарычнай тэматыкай.

Вельмі цёпла, шчыра, паважліва і з доляй смутку гаварыў Анатоль Іванавіч пра хутар у Нясвіжскім раёне, дзе нарадзіўся, пра вёску Баяры, куды сям’я пераехала, бо час быў тады такі, што “неперспектыўныя” вёскі самаліквідаваліся, пра школу ў Снове, пра цікавасць да гісторыі і краязнаўства, пра жаданне стаць журналістам, бо яшчэ падчас вучобы ў школе друкаваўся ў нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”. Атэстат атрымаў у 1966 годзе і паступіў у БДУ, праўда, не на факультэт журналістыкі, бо патрабавалася на той час два гады вытворчага стажу, а на філфак.  І ўвогуле пра гэта не шкадую, — зазначыў Анатоль Іванавіч, — бо ўсё роўна стаў журналістам, працаваў у розных выданнях, у тым ліку і намеснікам рэдактара рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена”. І тым не менш увесь час захапленне гісторыяй роднага краю не праходзіла.

На пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь стала суверэннай дзяржавай, Анатолю Іванавічу выпала заняць высокія дзяржаўныя пасады. У 1990-92 г.г. ён быў старшынёй Дзяржкамітэта Беларусі па друку, потым узначальваў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры і друку. З 1996 года – генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску (Польшча), а ў 1998-2000 г.г. – пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі.

Бадай, менавіта тады, знаходзячыся за межамі краіны, больш шчымліва і глыбока адчуў жаданне і неабходнасць заняцца асэнсаваннем і папулярызацыяй гісторыі Беларусі, з даўніх часоў, бо калі ў гутарках з простымі людзьмі, з дзяржаўнымі дзеячамі іншых краін спрабаваў называць імёны выдатных людзей Беларусі, амаль ніхто не рэагаваў на гэта. Калі ж называў імёны Каліноўскага, Касцюшкі, Дамейкі, Агінскага, Мінейкі, адгукаліся з цікавасцю, а яму даводзіла пацвярджаць, што яны – нашы, з нашай беларускай зямлі.

“Да гэтага часу многія за мяжой мала ведаюць пра Беларусь, — з жалем засведчыў Анатоль Іванавіч. – У гэтым ёсць і наша віна, бо мы павінны мець свой гонар, годнасць за сваю гісторыю, за яе выбітных асоб. Тады павага ў свеце да нас будзе большай”.

Знаходзячыся за мяжой пісьменнік па-іншаму зразумеў словы песні Алеся Ставера “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”, таму што як бы збоку глянуў на Беларусь і гэта выклікала новыя, нейкія адметныя пачуцці. Вярнуўшыся пасля Румыніі і вырашыў непасрэдна заняцца гістарычнай тэматыкай. Так з’явілася серыя гістарычных апавяданняў пад назвай “Сем цудаў Беларусі”, куды ўвайшлі такія, як “У гасцях у вечнасці”, “Званы Нямігі”, “Адвечны покліч Радзімы”. Пісалася гэтая серыя для дзяцей, але яе з вялікай цікавасцю сустрэлі і дарослыя. Больш таго, нават з далёкай Канады ад нашых суайчыннікаў прыходзілі да аўтара просьбы, каб даслаў ім выдадзеныя кнігі і каб працягваў расказваць пра гісторыю Беларусі.

У маім пераказе, безумоўна, няма той эмацыянальнасці, асаблівасцей голасу і танальнасці, якія вызначалі прамоўцу, няма тых адценняў, што адрозніваюць маўленне кожнага з нас. Але паверце, і гэта пацвердзяць усе, хто знаходзіўся ў зале, Анатоль Іванавіч сапраўдны майстар беларускага слова, умее валодаць аўдыторыяй, захапіць яе незвычайнай інтэрпрэтацыяй звычайных, знаёмых і незнаёмых фактаў, падзей, гісторый. На мой погляд, найбольш захапляльнай стаў аповед пісьменніка пра твор “Каралева не здраджвала каралю”.

Калі коратка, то гэта па-сапраўднаму займальны аповед пра прыгоды і каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, чацвёртае шлюбаванне якога адбывалася ў Беларускім Навагародку ў лютым 1422 года. У выніку ў Польшчы запачаткавалася вядомая на ўсю Еўропу каралеўская дынастыя Ягелонаў.

У рамане цесна пераплецены палітыка і каханне, інтрыгі і канфлікты, замешаныя на абвінавачаннях у здрадзе кожнай з чатырох жонак Ягайлы. Нават Соф’і давялося прылюдна даказваць, што яна не здраджвала каралю.

Гэта – канва рамана. Пра гісторыю чацвёртага шлюбу Ягайлы, які да таго часу не меў спадчыннікаў, на князёўне Соф’і з роду Гальшанскіх, бадай, усе, хто сабраўся ў зале, ведалі. А вось гістарычныя абставіны таго часу, ролю Ягайлы і Вітаўта ў стварэнні магутнай дзяржавы і іншыя акалічнасці, звязаныя з родам Ягелонаў, прагучалі ў аповядзе Анатоля Іванавіча. Некаторыя з гэтых абставін сталі адкрыццём для слухачоў. Прынамсі, тая выснова, што Ягайла і Вітаўт (нездарма ж яго звалі Вялікі) былі ў ліку моцных, уплывовых дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў. Хоць часам і не ладзілі, сварыліся, нават бунтавалі адзін супраць другога, але самім лёсам ім было прадвызначана і накавана жыць і дзейнічаць поплеч. Сумеснымі намаганнямі ў Грунвальдскай бітве народаў яны перамаглі непераможны да таго Тэўтонскі ордэн, развеялі міф пра ягоную ўсеўладнасць. Разам будавалі лёс Княства і Кароны і гэтым самым уплывалі на палітычнае становішча ў Еўропе.

Аўтар у сваім рамане закранае і іншыя праблемы, што датычыліся прадстаўнікоў Ягелонскай дынастыі, якая доўжылася каля двух стагоддзяў (з 1377 да 1572 года), пра дзяржаўныя ўтварэнні, што з’яўляліся суб’ектамі тагачаснай гісторыі.

Аднак удзельнікаў сустрэчы ў Гальшанскім сельскім Доме культуры хвалявала іншае. Калі чарга дайшла да пытанняў, найпершым было ці працягне аўтар свой раман пра Соф’ю Гольшанскую. Такія “заказы” прагучалі ў шэрага ўдзельнікаў сустрэчы. Анатоль Іванавіч, які спазнаў усе акалічнасці літаратурных абяцанняў і ўсе магчымасці своечасова надрукавацца, адказаў лаканічна: “Усе пісьменнікі – людзі прымхлівыя”. І таму цвёрдых абяцанняў не даваў. Прагучала “магчыма”. І гэта ў пэўнай ступені задаволіла ахвотных на прадаўжэнне рамана.

Нельга абыйсці і такі род дзейнасці Анатоля Бутэвіча, як перакладчыка. Прынамсі, як пацвердзіў ён сам, шмат часу аддае гэтаму. На яго рахунку – шэраг перакладаў з польскай мовы, у прыватнасці, твораў Станіслава Лема, Элізы Ажэшкі і іншых. Перакладае таксама з украінскай мовы, з беларускай на рускую. Пісьменнік пашкадаваў, што цяпер даволі рэдка робяцца пераклады з беларускага нават на рускі, не кажучы ўжо пра іншыя мовы. Увогуле не праводзіцца аніякай работы з перакладчыкамі, хаця ў Польшчы, як засведчыў А. Бутэвіч, такія сустрэчы адбываюцца штогод і ён прымаў у іх удзел, нават быў адзначаны за перакладчую дзейнасць.

Нельга ахапіць усе, пра што пыталіся прысутныя ў пісьменніка. Тут і праблемы помнікаў выдатным дзеячам і гістарычным асобам Беларусі, і над чым працуе Анатоль Бутэвіч (цяпер рыхтуе матэрыял пра Мірскі замак), яго адносіны да сучаснай рускай і беларускай літаратуры. На ўсе пытанні быў дадзены шчыры, грунтоўны адказ.

Падзякаваўшы пісьменніку за цікавы, вельмі творчы, адухоўлены аповед, вядучыя запрасілі на сцэну рэдактара “Краязнаўчай газеты” Уладзіміра Аляксандравіча Гілепа, які адначасова з’яўляецца старшынёй рэспубліканскага фонду культуры. Ён даўно не быў у Гальшанах, але ведае нашу гістарычную спадчыну і засведчыў, што гальшанская зямля з’яўляецца адной з самых легендарных. Але каб гэта ацэнка трымалася і надалей, У. Гілеп прапанаваў аб’явіць менавіта ў Гальшанах конкурс на лепшы падворак, на лепшага гаспадара з мэтай зрабіць у мястэчку-аграгарадку ўсе сядзібы ўзорнымі. Беларускі фонд культуры бярэцца распрацаваць з мясцовай уладай і раённым аддзелам культуры палажэнне аб гэтым конкурсе і выдзеліць значныя сродкі на прэміі лепшым у гэтым конкурсе.

Адна з прычын прапанавага конкурсу ў тым, што налета споўніцца 590 гадоў з дня шлюбу Соф’і Гальшанскай і Ягайлы. Адбылося гэта 24 лютага 1422 года. І менавіта 24 лютага праходзіла сустрэча з Анатолем Бутэвічам, так міжволі прымеркавалася гэта мерапрыемства. У зале выказваліся меркаванні аб тым, каб у наступным годзе пісьменнік зноў наведаў Гальшаны.

Вядучыя запрасілі на сцэну дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціну Міхайлаўну Лузіну, дарэчы, менавіта па яе ініцыятыве адбылася гэта сустрэча з вядомым пісьменнікам-публіцыстам, як і іншыя ў клубе “Сустрэча” цэнтральнай раённай бібліятэкі. Ацэньваючы мерапрыемства, што ладзілася на гэты раз, дэпутат падкрэсліла: кожны, хто прыйшоў у Гальшанскі Дом культуры, атрымаў сапраўдны ўрок патрыятызму, урок беларускасці. Выхоўваць у моладзі імунітэт супраць пагарды нашай гісторыяй, нашай спадчынай, супраць безгустоўнасці – вельмі важная і адказная задача, і мастацкае слова ў гэтым сэнсе мае найпершае значэнне. Зварот Анатоля Бутэвіча да постаці Соф’і Гальшанскай, да роду Ягелонаў – важкі неацэнны ўнёсак у захаванне нашай гістарычнай спадчыны, падкрэсліла Валянціна Міхайлаўна і выказала пажаданне, каб гэты прыезд пісьменніка ў Гальшаны не быў апошнім. Яна ўручыла Анатолю Бутэвічу сувеніры – кнігу Э.С. Корзуна пра Гальшаны і манету Нацбанка з выявай Соф’і Гальшанскай.

Дырэктар ААТ “Ашмяскі мясакамбінат” Тамара Уладзіміраўна Філіповіч падарыла госцю сваю кнігу-фотаальбом “Падарожжа на ашмянскаму краю”.

Ад імя мясцовай улады падзякавалі пісьменніку за цікавую і змястоўную сустрэчу старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Уладзіміравіч Квяткевіч і старшыня Гальшанскага сельвыканкама Войцех Іванавіч Коўзан.

Напрыканцы сустрэчы перад гледачамі выступіў ансамбль народнай песні і музыкі “Суполка”.

У канву мерапрыемства натуральна ўвайшлі і падзячнае выступленне Валянціны Лабунінай з падарункам госцю фотаработы пра Гальшаны, і верш-экспромт Галіны Даўгашэй, які яны прысвяціла пісьменніку, і кніжная выстава з творамі А. Бутэвіча ў перыядычных выданнях, і фотавыстава работ В. Лабунінай да 400-годдзя Гальшанскага замка.

Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць набыць раман пісьменніка “Каралева не здраджвала каралю” і іншыя яго творы. Амаль гадзіну Анатоль Іванавіч пакідаў у гэтых кнігах свае аўтографы.

***

Не ведаю, як у іншых, у мяне пасля гэтай ў вышэйшай ступені творчай сустрэчы, ці сапраўды адкрытага ўрока Анатоля Бутэвіча, з’явілася нейкае новае узбагачанае адчуванне і тае мясціны, дзе мы жывём, і нейкі дадатковы станоўчы зарад ад важкасці мінулага Беларусі, і жаданне часцей звяртацца да нашай спадчыны, як да сапраўднай крыніцы нацыянальнай самасвядомасці. І калі б часцей у жыцці у кожнага з нас былі такія ўрокі, мы не разбуралі б замкі і храмы, і мо сёння Гальшанскі заставаўся б у сваёй прыгажосці і велічы, радуючы шматлікіх турыстаў, а не здзіўляў сваёй непаўторнасцю толькі на старажытных малюнках…

Юрый НІКАЛАЕЎ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

1 комментарий по теме “Анатоль Бутэвіч наведаў Ашмяншчыну

  1. Цитата:
    Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ

    Почему такая чернь? Сделайте несколько снимков и используйте лучшее. Жуть.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *