Гурт «Стары Ольса»: Мы стараемся рэканструляваць музычныя традыцыі ВКЛ

Культура События

Беларуская народная музыка, дуды, жалейкі, барабаны, танцы і спевы –гэта ўвасабленне беларускай культуры так і вабіць да сябе. На фестывалі сярэднявечнай музыкі ў Гальшанскім замку я пазнаёмілася з цікавымі гуртамі, якія граюць на старажытных музычных інструментах, выконваюць  беларускія, ірландскія песні, а таксама песні розных гістарычных эпох.

Адзін з такіх гуртоў – “Стары Ольса”. Назва гурта паходзіць ад ручая, што працякае на захадзе Магілёўшчыны.Стваральнікам і кіраўніком  “Старога Ольсы” з’яўляецца Зміцер Сасноўскі. Разам з ім у калектыве выступаюць Марыя Шарый, Ілля Кубліцкі, Алесь Чумакоў, Андэй Апановіч і Сяргей Тапчэўскі.

У рэпертуары музыкаў беларускія народныя балады, ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесансу, еўрапейскія мелодыі эпохі Сярэднявечча. Гурт супрацоўнічае з рыцарскімі  клубамі, музеямі, майстрамі старадаўніх інструментаў, з дапамогай якіх аднаўляецца гучанне некалі забытых дуды, ліры, гусляў, свірэлі, сурмы, берасцяной трубы, барабана.

“Стары Ольса” часта прымае ўдзел ў фестывалях сярэднявечнай культуры і рыцарскіх турнірах, гастраліруе з канцэртамі за мяжой. Гурт запісаў сем альбомаў і стварыў уласны музычны праект. Яго музыка ўвайшла ў 10 зборнікаў выканаўцаў старадаўніх мелодый.

Мне пашчаслівіла пагутарыць  з выканаўцам гурта Алесем Чумаковым.

-Алесь, раскажыце калі ласка, з чаго пачалося жыццё гурта?

-Усё пачалося з захаплення Зміцера Сасноўскага беларускай дудай і ўвогуле беларускімі музычнымі інструментамі.

-Дзе вы знаходзіце музычныя інструменты?

-Знаходзім малюнкі прылад у іканаграфіі, на гербах і гравюрах, вывучаем досвед даследчыкаў і музыкаў, хто займаўся старажытнай музыкай да нас, а таксама паралельна з намі. Эксперыментуем, бо жывая археалогія гэта вельмі каштоўная крыніца інфармацыі. Нейкія прылады робім самі, нейкія разам з майстрамі,зрэшты шматлікія майстры з’яўляюцца сур’ёзнымі адмыслоўцамі ў вобласці старажытных прылад і не патрабуюць падказкі.

-Ці хочацца вам, каб разам з існуючымі ў гурце, зайгралі якія-небудзь іншыя інструменты?

-Так, менавіта сярэднявечная арфа, шлемападобныя гуслі. Пэўную ўвагу хацелася бы звярнуць на старадаўнія смычковыя інструменты.

-Ці часта ездзіце на фестывалі, уладкоўваеце канцэрты?

-З вясны па восень – сезон гастролей, амаль кожны тыдзень, але толькі па выходных днях, бо ў кожнага ёсць свая праца, акрамя ўдзелу ў  гурце.

Скажыце, як прымае Вас публіка?

-Для сваёй публікі іграць безумоўна прыемна, па-першае, таму што і словы разумеюць і сэнс, а блізкае замежжа разумее альбо адно, або другое. А рэакцыя, вядома, у ўсіх самая розная. З самых незвычайных слухачоў можна адзначыць шведаў — яны моўчкі з амаль каменнымі тварамі не адводзячы вачэй праслухалі ўвесь канцэрт, а потым выліліся бурай авацый і эмоцый. Ну, нашы паўднёвыя суседзі па спадчыне ВКЛ (я маю на ўвазе Украіну) вельмі добра прымаюць нас,  танцуюць і спяваюць падчас выступу.

Ужо аб’ездзілі ўсю Беларусь?

Так, выступалі і ў вялікіх гарадах, і ў вёсках, дзе праходзяць фестывалі.Таксама розныя мерапрыемствы ў Мінску і за мяжой.

Якія ў гурта планы на будучае?

Плануем выпусціць новы альбом, ужо вядома, што ён будзе складацца напалову з “Полацкага сшытка” – зборніка беларускай музыкі ранняга барока.

Поспехаў, вялікі дзякуй за змястоўныя і цікавыя адказы.

Як адзначаюць ўдзельнікі калектыву, яны стараюцца рэканструляваць музычныя традыцыі Вялікага княства Літоўскага, асноўнай культурнай і геапалітычнай часткай якога ў свой час была Беларусь. Таму хочацца спадзявацца, што “Стары Ольса” і далей будзе  аднаўляць беларускую мову і культуру, і іх музыка, яркая і змястоўная, будзе ўзбагачаць нас духоўна, прывіваць любоў да роднай зямлі.

Кацярына РУДЗІК.



Теги:

6 комментариев по теме “Гурт «Стары Ольса»: Мы стараемся рэканструляваць музычныя традыцыі ВКЛ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *