Галіна Яскель пазмагаецца ў Гародні за званне лепшага настаўніка вобласці

Образование События

На мінулым тыдні  ў сярэдняй школе № 1  панавала неверагоднае ажыўленне. Колькасць настаўнікаў тут адразу ж павялічылася ўдвая. А ўсё таму, што ў актавай зале  праходзіў  фінал  раённага конкурсу   “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які сабраў на свята і дзяцей, і дарослых.  Сямнаццаць педагогаў Ашмяншчыны адстойвалі высокае права звацца лепшым настаўнікам раёна.   Пераадольваючы хваляванне, яны выходзілі на сцэну, расказвалі аб сабе і сваім педагагічным крэда, дэманстравалі ўменне валодаць аўдыторыяй і рашаць псіхолага-педагагічныя сітуацыі.

Першы этап – адкрыты ўрок у незнаёмым класе быў ужо імі  пройдзены, аднак напружанне не спадала. З залы на іх глядзелі сотні пар  вачэй   калег і вучняў, якія хацелі, каб іх настаўнік абавязкова перамог, бо для іх ён лепшы і так, без усялякіх іспытаў і конкурсаў.

Усе, канешне разумелі, што пераможцам стане толькі адзін з сямнаццаці, але, як адзначыла загадчык аддзела адукацыі Наталля Кучынская, выступленне ў фінале – гэта ўжо перамога, доказ прафесіяналізму, педагагічнай кампетэнтнасці, адданасці  абранай прафесіі і бязмежнай любові да дзяцей.

На ўдзел у конкурсе адгукнуліся амаль усе ўстановы адукацыі раёна. Некаторыя школы нават выставілі па два ўдзельнікі. Сярод тых, каго “дэлегіравалі” калектывы  на  фестываль настаўніцкага майстэрства, Наталля Кавыціна – настаўніца біялогіі і хіміі Навасёлкаўскага ВПК, Ала Урбан – настаўніца рускай мовы і літаратуры Кальчунскай СШ, Ірына Дакурна – настаўніца пачатковых класаў СШ №2, Марыя Міхневіч – педагог-дэфектолаг Барунскага ВПК, Алена Місюкевіч – настаўніца выяўленчага мастацтва СШ №2, Вольга Саванец – настаўніца пачатковых класаў СШ №1, Галіна Яскель – настаўнік музыкі,  намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце  СШ №3, Валянціна Міцкевіч – настаўніца пачатковых класаў Павяжскай БШ, Наталля Трот – настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3, Ірына Гайко – настаўніца фізічнай культуры і здароўя гімназіі №1, Марыя Завадская – настаўніца геаграфіі Дакурнішскага ВПК, Людміла Патрэпка – настаўніца пачатковых класаў Цудзенішскага ВПК, Ларыса Гайдановіч – настаўніца нямецкай мовы Мураванаашмянкоўскага  ВПК, Людміла Юхневіч – настаўніца біялогіі і хіміі Жупранскай СШ, Юлія Кранкоўская – настаўніца пачатковых класаў Гродзіеўскай БШ, Пётр Чаплінскі – настаўнік біялогіі і хіміі Граўжышкоўскага ВПК, Зоя Гусева – настаўніца пачатковых класаў Гальшанскай гімназіі.

Другі тур конкурсу  быў не менш цікавы і захапляючы. На творчае самапрадстаўленне кожнаму настаўніку было адведзена сем хвілін, за якія трэба было не толькі расказаць аб сабе, але і    данесці да журы і гледачоў гісторыю свайго поспеху. Без сумневу, у кожнага педагога ён свой,  вялікі альбо малы поспех. Для аднаго ён заключаецца ў прызнанні вучняў, для другога — у дасягненнях выхаванцаў. У кагосьці ён іншы, пераплецены з дзіцячымі марамі, якія змаглі  ўсё ж такі ажыццявіцца, замацаваны  падтрымкай сям’і, і ад гэтага не менш цікавы і захапляльны. Сямнаццаць гісторый, непадобных адна да адной, аднак аб’яднаных любоўю да педагогікі,  з яскравай і дакладнай аўтарскай пазіцыяй прадэманстравалі з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі удзельнікі конкурсу. Пры гэтым многія паказалі і свае творчыя здольнасці,  і ўменне згуртаваць вакол сябе і педагогаў, і вучняў.

Амаль тры гадзіны доўжыўся першы этап конкурснай праграмы, аднак цікавасць да мерапрыемства, і, самае галоўнае, да яго вынікаў, не знікала.  Пасля невялікай музычнай паўзы, якую запоўнілі творчыя калектывы школы-гаспадыні, распачаўся наступны  конкурс – “Рашэнне педагагічных сітуацый”. Канкурсанты паказалі сябе не толькі сапраўднымі псіхолагамі, але і  тактоўнымі  граматнымі педагогамі, якія робяць усё неабходнае, каб заслужыць павагу і любоў вучняў. Усе настаўнікі паспяхова справіліся са сваімі заданнямі.  А наперадзе іх чакаў яшчэ адзін іспыт – псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. У камп’ютарным класе  яны   адказвалі на дваццаць пытанняў прапанаванага электроннага варыянту тэста за такую ж колькасць хвілін. Найвышэйшая  ацэнка гэтага конкурсу – дзесяць балаў па дзесяцібальнай шкале.

Другі дзень конкурснай праграмы  пачаўся з прэзентавання захапленняў настаўнікаў. Безумоўна, так як амаль усе ўдзельнікі конкурсу жанчыны (толькі адзін мужчына!), то сярод любімых заняткаў перавага была аддадзена кулінарным здольнасцям. Як сапраўдныя  жанчыны, канкурсанткі знаходзяць час і на падрыхтоўку да заняткаў, і на праверку сшыткаў, і на сваю сям’ю, і на сябе.  Надвор’ ў хаце яны ствараюць   прыгатаванымі ад душы  стравамі, уменнем ўпрыгожыць інтэр’ер з дапамогай розных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. А яшчэ яны ўмеюць шыць і вязаць. Яны пішуць вершы, хораша спяваюць і збіраюць цікавыя калекцыі. Вырошчваюць экзатычныя расліны на сваім падаконні і здзіўляюць калег кветкавым раем на ўласным участку. Яны з’яўляюцца прапагандыстамі здаровага ладу жыцця. Займаюцца спортам і фізкультурай і  прывіваюць любоў да  іх не толькі дзецям, але і дарослым. Напэўна, не кожны так зможа, так як  не кожны зможа быць і настаўнікам.

Апошні этап конкурсу – “Камп’ютарная прэзентацыя і абарона адукацыйнага праекта”. Праект настаўнікі здавалі загадзя, каб журы магло з ім азнаёміцца, а непасрэдна на апошнім этапе  яны за дзесяць хвілін павінны былі расказаць, як  прымяняюць свае веды на практыцы.

Пасля таго, як  выступіў апошні ўдзельнік, члены журы адправіліся на абмеркаванне канчатковых вынікаў конкурсу.  Вядучыя Вячаслаў Янкоўскі і Наталля Горбач аб’явілі   музычны перапынак. Пакуль радзілася журы, свае таленты дэманстравалі гледачам  вучні СШ №1.

І вось ён, апошні хвалюючы момант – узнагароджанне.  Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі і дыпломы. Ірына Дакурна стала пераможцам у намінацыі “За прафесіяналізм і эрудыцыю”, Алена Місюкевіч – “За стойкасць і неардынарнасць”, Наталля Кавыціна —  “Інтэлект, інавацыя, наватарства”, Юлія Кранкоўская – “Маладосць і талент”, Людміла Гайдановіч – “За педагагічны пошук”, Марыя Завадская  — “Талент і працавітасць”, Наталля Трот – “Майстар сваёй справы”, Ала Урбан – “Любоў да прафесіі”,  Марыя Міхневіч – “Прафесійны аптымізм”, Людміла Патрэпка – “За дабрыню”, Зоя Гусева – “Архітэктар дзіцячых душ”, Валянціна Міцкевіч –“ Натхненне і артыстызм”, Пётр Чаплінскі – “За лепшы ўрок” . Дыпломам за трэцяе  месца  ўзнагароджана настаўніца біялогіі і хіміі Жупранскай СШ Людміла Юхневіч. Другое месца заняла настаўніца фізічнай культуры і здароўя гімназіі №1 Ірына Гайко. Пераможцам конкурсу стала  настаўніца пачатковых класаў СШ №1 Вольга Саванец. Гран-пры конкурсу заваявала настаўніца музыкі, намеснік  дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №3 Галіна Яскель, якая і будзе прадстаўляць настаўніцтва Ашмяншчыны  на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *