Галіна Савіцкая з Ашмян пра працу ў калгасе, Вярхоўны Савет БССР і добрых кіраўнікоў

Общество

Па маім глыбокім перакананні, толькі вольнае вясковае дзяцінства можа быць паўнацэнным. Без бацькоўскай хаты на зямлі, прыкіпеўшай да сэрца, без рэчкі ці нават маленькага стаўка, без беластволага зубчатага лесу, без роднага, як матуліны вочы, неба не ўзнікне той духоўнай напоўненасці, якая будзе саграваць душу да апошняга дня…

IMG_7664

Галіна Фёдараўна Савіцкая часта ўспамінае родны кут і прызнаецца, што немагчыма падабраць трапныя словы, каб у поўнай меры апісаць усё яго хараство. Ва ўсе поры года іх невялічкая, хіба ў дваццаць хат, вёска Кулікі, што ў Сенненскім раёне Віцебшчыны, была прывабнай і адметнай. Размяшчалася яна сярод лесу, і хаця не мела аніякай інфраструктуры: і магазін, і школа, і пошта знаходзіліся ў Какоўчыне, дабірацца да якога прыходзілася пешкі за тры кіламетры, аднак сваіх жыхароў прыцягвала да сябе нейкай невытлумачальнай сілай. Менавіта на гэтай зямлі прарасло і яе зерне. Тут яна стала чалавекам, радавалася ўзыходу сонца, абложным веснавым дажджам, назірала, як паднімаецца ад зямлі пара, прыслухоўвалася да гэтага дыхання, да першых птушыных галасоў. Нахілялася і брала ў далонь наліты жыццёвай сілай колас. Праважала з сумам жураўліны клін, што цягнуўся ўдалеч над апусцелымі палямі. Усё гэта было і назаўсёды застанецца ў памяці, пакуль яе ногі будуць ступаць па зямлі.

Калі ў Галіны Фёдараўны пытаюцца пра яе карані, яна з гонарам адказвае, што яны — сялянскія, і аднаму Богу вядома, у глыбіню якіх пакаленняў яны прарастаюць. Бацькі, Вольга Фёдараўна і Фёдар Барысавіч Кулікі, заўсёды з павагай ставіліся да зямлі і да той справы, якой на ёй займаліся. Тут працавалі іх прадзеды. Любоў да свайго кута яны прывівалі дзецям і ўнукам.

— Нельга жыць без любові да Радзімы, да свайго дома, сям’і, работы, акружэння, якое без цябе не было б поўным, — лічыць Галіна Фёдараўна Савіцкая. — Не любіць — значыць не жыць.

Фёдар Барысавіч быў чалавекам граматным — умеў чытаць і пісаць. Шыў кажухі, спраўляў абноўкі жонцы і дзецям. Калі ў вайну згарэла хата і трэба было будавацца, з цеслярамі разлічваўся кравецкай работай. Хатняя гаспадарка ў Кулікоў была спраўнай. У хляве заўсёды «рыкала і хрукала».

03

— Гэта цяпер дзеці не ведаюць, чым заняцца, — заўважае Галіна Фёдараўна. — Мы ж у вольны ад школы час заўсёды дапамагалі бацькам. Палолі бульбу і грады. Разам з мамай рвалі калгасны лён, хадзілі палоць буракі. Летам сена сушылі, а пасля складвалі яго ў гумно. У нас быў вялікі сад. Восенню голле гнулася ад яблыкаў і сліў. А якія ў нашым агародзе раслі памідоры! Яны паспявалі проста на кусце і мелі незвычайны смак. А што цяпер: купіш памідор, возьмеш у рот і не ведаеш, што ясі. Агуркоў на градах тады нарастала столькі, што не было куды дзяваць. У маім дзяцінстве зіма была дык зіма, лета — дык лета. Хіба хто ў той час хаваў агуркі і памідоры пад плёнку!?

Працавітыя і ўвішныя Кулікі ўсім пецярым дзецям далі адукацыю. Выйшлі з іх сям’і дзве настаўніцы, два аграномы і заатэхнік.

Пасля заканчэння Какоўчынскай сямігодкі Галіна падала дакументы ў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум — на агранома, і не толькі таму, што гэта ўстанова адукацыі знаходзілася за некалькі кіламетраў  ад вёскі, але і таму, што была ўпэўнена: яе глыбокія сялянскія карані прынясуць ёй удачу і поспех. Гэта тая справа, якой ёй займацца ніколі не надакучыць.

02Пасля чатырох год вучобы маладога спецыяліста накіравалі ў Маладзечанскую вобласць, адкуль ужо ішло размеркаванне па раёнах. У Ашмянскім раёне першым месцам працы Галіны Фёдараўны стаў сельгасаддзел райвыканкама. Праўда, затрымалася тут дзяўчына ўсяго на месяц. Агранома-планавіка ў хуткім часе перавялі ў галоўную інспекцыю сельскай гаспадаркі, а ўжо адтуль накіравалі ў калгас Чарняхоўскага (цэнтр гаспадаркі размяшчаўся ў Анкудах). Менавіта тут на практыцы Галіна спасцігала ўсе тонкасці абранай прафесіі. Разам з вопытам прыйшло да яе і сапраўднае каханне. На хутары Мокрае, дзе прыйшлося кватараваць, дзяўчына сустрэла Сцяпана Савіцкага. Жыў ён непадалёку, у Галінах, а на хутар наведваўся да свайго дзядзькі.

Ён, так як і яе бацька, быў краўцом, працаваў у Ашмянах у быткамбінаце. Шыў ён не толькі ўборы для зухаватых ашмянак, але і для сваёй жонкі. Да гэтага часу вісіць у шафе плашч, як памяць пра мужа, без якога Галіна Фёдараўна жыве ўжо 35 год. Сцяпан Юльянавіч памёр заўчасна ў 50 год.

Што атрымаецца з твайго жыцця — сухая анкета ці паўнавартасная, з усімі фарбамі і адценнямі біяграфія, — залежыць не столькі ад умоў і абставін, колькі ад самога сябе. Галіна Фёдараўна да любой справы ставілася адказна і сур’ёзна. А дзе адказнасць, там і сталасць. У 1964 годзе яна вырашае працягнуць вучобу і паступае на завочнае аддзяленне Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Вучыцца ёй было лёгка, бо за плячыма было 10 год стажу: не проста запісу ў працоўнай кніжцы, а карпатлівай штодзённай работы, пастаяннага клопату пра зямлю. У гэты час яна ўжо працавала ў калгасе «Свабода»,  які пазней быў перайменаваны ў «Маяк».

Лёс ставіўся да яе добразычліва, надзяляючы талентам жыць, а разам з ім і здольнасцю шмат працаваць. Ён навучыў змагацца, перамагаць і радавацца кожнаму дню.

Праца агранома не даруе абыякавасці, расхлябанасці і няўвагі. Зямлі патрэбен клопат і цёплыя адносіны, з ёй трэба падружыцца. Таму Галіна Фёдараўна ішла на работу, калі суседзі ў іх шматкватэрным доме яшчэ спалі, а вярталася, калі яны ўжо спалі. Так, менавіта ішла, бо доўгі час у галоўнага агранома не было замацаванага за ёй транспарту. Аўтамабіль быў толькі ў распараджэнні старшыні калгаса. Дзе пяшком, а дзе і на веласіпедзе, яна спраўлялася нават хутчэй чым кіраўнік гаспадаркі. Пакуль той аб’едзе па крузе ў Дукойні, яна з Кракоўкі — праз лес і ўжо чакае старшыню на полі.

На кіраўнікоў ёй шанцавала. І Мечыслаў Іванавіч Гіруць, і Андрэй Францавіч Дубнік, і Іван Іванавіч Гіруць былі сапраўднымі гаспадарамі. Больш ёй прыйшлося працаваць з Мечыславам Гіруцем. І хаця ўзначаліў ён гаспадарку ў даволі маладым узросце — меў толькі 27 год, — праз кароткі тэрмін вывеў яе на перадавыя пазіцыі. Да адказнага і патрабавальнага кіраўніка прыслухоўваліся і спецыялісты, і шараговыя калгаснікі. Калі ў 1963 годзе ў «Свабодзе» ўраджайнасць зерневых дасягала 12-14 ц з гектара, то праз два гады аграрыі намалочвалі ўжо па 32-34 ц на круг.

— Сельгасугоддзі былі вялікія, — успамінае Галіна Фёдараўна. — Землі калгаса падступалі пад самы горад, ажно да елачак, за якімі размяшчаліся будынкі з чырвонай цэглы (зараз школа-інтэрнат). Ні квартальскай забудовы, ні дарогі на Вільнюс спачатку не было. На 1800 га палеткаў было ўсяго толькі 6 трактараў, з якіх два ДТ-54, два — МТЗ-50 і два — ДТ-20. Каб своечасова і якасна абрабіць зямлю, правесці ў лепшы агратэхнічны тэрмін сяўбу азімых і яравых культур, тэхнікі не хапала. На ўборцы быў задзейнічаны ўсяго толькі адзін камбайн СК-4 ды дзве конныя жаткі. Аднак у хуткім часе справы пайшлі ўгору. Былі створаны два вытворчыя ўчасткі, куды ўвайшлі механізаванае звяно і некалькі звенняў конна-ручной працы. У кожным звяне распрацаваны тэхналагічныя карты. Спецыялісты збіраліся, каб абмеркаваць кожнае поле севазвароту, кожны від працы, кожную культуру, колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў з улікам асаблівасцей глебы.

IMG_7666

У хуткім часе калгас «Свабода» з адсталых выйшаў у перадавікі. Акрамя зерневых, шмат садзілі бульбы. Добры прыбытак і гаспадарцы, і калгаснікам даваў лён. Павысіліся надоі і прывесы. Людзі ўбачылі аддачу сваёй працы.

Галіна Фёдараўна часта ўспамінае тыя гады. І хаця працы было шмат, людзі ўмелі адпачываць і весяліцца, актыўна займаліся грамадскімі справамі. Ніколі не працівілася грамадскай ношы і галоўны аграном. Была яна дэпутатам Жупранскага сельскага Савета, членам народнага кантролю. Аказвалі ёй давер мясцовыя людзі падчас выбараў у абласны Савет. У 1980 годзе Галіна Фёдараўна Савіцкая была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і ўваходзіла ў склад прэзідыума. Разам з Пятром Машэравым, Іванам Шамякіным і шэрагам іншых вядомых дзеячаў яна прымала актыўны ўдзел у жыцці краіны. Ад Ашмянскага раёна жанчына прымала ўдзел у ХХVII з’ездзе КПБ. Верылі і звярталіся да яе многія выбаршчыкі з Ашмянскага раёна. І яна ніколі іх не падводзіла. Не зважаючы на ўласны час і абставіны, працягвала людзям руку дапамогі.

Чым больш чалавек жыве на свеце, тым больш за яго плячыма копіцца мінулага. І тады міма волі ўзнікае жаданне прайсціся па сваім жыцці назад. У думках узгадаць даўно перажытае, каб усвядоміць патрэбнасць і вартасць усяго, што калісьці адбывалася. У сваёй утульнай і сціплай кватэры Галіна Фёдараўна Савіцкая часта дае волю ўспамінам. Яна не сабрала за сваё жыццё матэрыяльнага скарбу, бо найважнейшым з багаццяў лічыць адданае людзям — што аддаў, тое і тваё.

Яна не абдзелена ўзнагародамі. Праца галоўнага агранома адзначана ордэнам Леніна, медалямі «За працоўную доблесць», «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Аднак няма для яе ўзнагароды вышэй, чым служыць зямлі і людзям.

Калі пусцеюць палі, яна адчувае сябе неяк няёмка. Быццам нешта адышло, адарвалася ад яе. І тады яна чакае вясну. Не для таго, каб пайсці на свае грады, якія Галіна Фёдараўна ў 85 год спраўна даглядае, носіць на вялікую адлегласць ваду для паліву, затым збірае ўраджай і раздае сваім знаёмым, а для таго, каб убачыць, як зелянеюць палі, як ідуць у рост пакуль яшчэ кволыя расліны, як яны набіраюць моц.

Ва ўсіх, хто жыве на зямлі, ёсць свая вясна. І свая восень. І лета — узнагарода тым, хто дачакаўся вясны. Зіма нас выпрабоўвае духоўна і фізічна. А пасля зноў прыходзіць вясна. Вось так і змяняюцца гады ў жыццёвым кругавароце.

Справедчную сялянскую цягу да вясны нельга вынішчыць. Карані яе жывуць у душы і нашай гераіні. На зямлі яна — галоўны герой.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з сямейнага архіва Г.Ф.Савіцкай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *