Каб не зачарсцвець, не акамянець у віхуры жыцця, наша сэрца павінна пастаянна абмывацца цёплым цячэннем радасці. Інакш яно не зможа вытрываць. Дзе адшукаць гэту радасць у наш нялёгкі час? Яна там, дзе спыняецца позірк. У кожнай кветцы, кожным лісточку, кожнай малой травінцы. Яны не менш жывыя, чым мы з вамі…
Мы сядзелі на пяньках у засені маладых сасонак і слухалі музыку жыцця — шчабятанне птушак, зумканне пчол, лёгкі подых зямлі і ледзь чутны, пяшчотны дотык ветру. І ўся гэта прыгажосць, аказваецца, ні дзесьці там — за сінім морам, ні за сотні кіламетраў, а побач — на адлегласці выцягнутай рукі, за кіламетр-два ад горада.
Нягледзячы на тое, што ў цяньку яшчэ адчувалася сакавіцкая прахалода, цела неяк абмякла і страціла адчуванне часу. Хацелася надалей расцягнуць гэту радасць і гарманічную повязь з прыродай. Здавалася, што недзе далёка, у выглядзе маленькай, нічога не вартай кропкі застыла напружанне ад пастаянных заданняў, чырвоны ад бясконцых званкоў тэлефон, непатрэбная мітусня і марныя справы.
— А тут і вожыкі вядуцца, — вывеў мяне з задумення Зыгмунд Іосіфавіч Кетрыс. — Неяк вавёрка заблукала ў маё лясное царства. Каб прыжылася, залагоджваў рыжую красуню грыбамі сушанымі, змайстраваў нават хатку для яе на дрэве, аднак не прыйшлося даспадобы жытло верціхвостцы, паскакала далей. А вось совы аблюбавалі ціхі лясок. Цэлы вывадак тут абжыўся. Восенню ў гэтай пасадцы шмат грыбоў. А воддаль, на ўзлеску, кусты ляшчыны прыжыліся. Летась жонка цэлы трохлітровы слоік лушчанцоў сабрала.
Мы ідзём з гаспадаром сцежкай, па абодва бакі якой раскінуліся калматыя дрэўцы, і вядзём няспешную размову. Дзіўным і нязвыклым падаецца мне гэты лес. Тут побач з маладзенькімі соснамі растуць радкамі елкі. Дзе-нідзе прабіваюцца ружовыя плямы воўчых ягад, а на зямлі адлюстроўваецца ў пяшчотных пралесках блакітнае неба. Вось вечназялёная сцяна змяняецца густым бярэзнікам, побач з якім прыстроіліся кусты парэчак. Лістоў на дрэвах яшчэ няма, аднак усё роўна адчуваецца, што беластволым тут цеснавата. Прынцып такой пасадкі мне незразумелы, але пытацца пра гэта ў Зыгмунда Іосіфавіча зусім не хочацца. Ён бачыць гэты лес менавіта такім. Гэта ж яго лес, у якім кожнае дрэўца пасаджана і выпеставана яго стараннымі рукамі.
— Дрэва пасадзіць — не такая і складаная справа, аднак трэба дачакацца часу, каб яно ўчапілася каранямі за зямлю, — заўважае мужчына. — Над кожным саджанцам трэба не раз сагнуцца, вадой напаіць. Вільгаць, пакуль дрэўца не ўбярэцца ў рост, самая важная ўмова для росту.
Колькі дрэўцаў пасадзіў Зыгмунд Іосіфавіч за свае амаль восемдзесят год, цяжка падлічыць. Гэта лічба падбіраецца пад дзве тысячы. Так, я нічога не пераблытала. Акрамя ляску, што раскінуўся за домам у Лэйлубцы, сасонкі і елачкі высаджаны ўздоўж дарогі ажно да самай дамбы пры вільнюскай шашы. Не раз садзіў ён дрэвы сваім знаёмым, ды не адно-два, а пад дзве сотні адразу, потым іх жа і даглядаў.
— У мяне саджанцы «атлічна» прыжываюцца, — без ценю самахвальбы адзначае мой суразмоўца. — Сакрэтаў у мяне няма. Можна садзіць і ўвесну, і пад восень, але варта не спазніцца, каб зямля была насычана вільгаццю, тады менш паліваць прыйдзецца. Дрэвы жывыя і добра адчуваюць, як да іх адносяцца. Вось ехаў каля новага будынка, што ўзводзіцца побач з развязкай аўтадарогі Мінск — Вільнюс, дык там сасонкі амаль загінулі, але калі іх добра паліць, яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Дык там нікога няма. З’езджу вечарам, можа хто з’явіцца на аб’екце.
Хтосьці падумае, што чалавеку няма чым заняцца. Але гэта не так. Нягледзячы на ўзрост і перанесеную некалькі год назад цяжкую хваробу, Зыгмунд Іосіфавіч у пастаянным руху. Увесь час нешта ладзіць, майструе, будуе ў сваім вялікім двары. Гэты дом у Лэйлубцы ён узвёў у 1984 годзе. Будаваў для сына, аднак таму з сям’ёй даспадобы прыйшлася гарадская кватэра. А вось ён з жонкай Ядзвігай Уладзіславаўнай і ўявіць не можа, як гэта жыць у шпакоўні і пазіраць навокал з балкона.
Зыгмунд Іосіфавіч нарадзіўся ў Куцавічах, у звычайнай вясковай сям’і. У сялянскіх дзяцей бесклапотнага дзяцінства быць не магло. Не паспееш, як кажуць, з’явіцца на свет, а цябе ўжо стараюцца на працу ўладкаваць. Работы хлопец ніколі не баяўся. Браўся за любую справу. Пасля заканчэння Ашмянскага прафтэхвучылішча малады трактарыст паехаў на працу ў Паўладарскую вобласць. Амаль два з паловай гады асвойваў цалінныя землі Казахстана. На працягу пяці год разам з жонкай будаваў Нурэкскую ГЭС у Таджыкістане. Шмат год аддаў дарожна-рамонтнай арганізацыі раёна. Не адну сотню кіламетраў прайшоў яго аўтагрэйдар па ашмянскіх дарогах. З гэтай тэхнікай не разлучаўся мужчына і ў час працы ў міжкалгасных будаўнічых арганізацыях «Аблміжкалгасбуд», Астравецкай перасовачнай механізаванай калоне. Перад вачыма часта ўсплывае тая пара, калі едзе ён дарогай на Анжадава, накіроўваецца ў бок Гальшан, дзе займаўся ўзвядзеннем дарогі на Рамейкішкі, ці праязджае міма асфальтабетоннага завода пад Жупранамі. З кабіны свайго грэйдара ён амаль і не вылазіў. Хацелася рабіць «на совесть»: якасна і старанна, каб у адведзены тэрмін здаць запланаваныя аб’екты.
Распавядаў Зыгмунд Іосіфавіч пра службу ў арміі, пра сваіх камандзіраў, работу, кіраўнікоў і калегаў. Многіх з іх ён памятае да гэтага часу, узгадвае імёны і прозвішчы. Прыпомніў мужчына, як у чэрвені 1986 года атрымаў каманду на сваім новым грэйдары накіравацца ў Чарнобыльскую зону. Тады не за сябе ён перажываў, а за новую тэхніку. Дзве дзесяцідзёнкі адпрацаваў на ўкладцы асфальтнай дарогі ў Брагінскім раёне, у 30-кіламетровай зоне. Не раз, адпачываючы ў спёку ў цяньку, бачыў ён з калегамі, як завісаў над электрастанцыяй верталёт, як аблятаў забруджаную тэрыторыю і нешта распырскваў. І зараз стаяць у вачах вялікія грушы ў школьным садзе ў Савічах, якіх ніхто не рваў. Тады нават лічбы, што паказвалі дазіметры, не палохалі: ніхто не задумваўся аб наступствах трагедыі.
Падчас размовы з пажылым чалавекам звярнула ўвагу на такую акалічнасць: ён ні разу не пажаліўся ні на лёс, ні на начальства, ні на дзяржаву. Зыгмунд Іосіфавіч з тых людзей, якія не наракаюць на лёс. Аднак і цуда ад яго ніколі не чакаюць. Ён лічыць, што чалавек сам у стане яго стварыць. Калі валодае шчаслівай апантанасцю і прагай у рабоце. Калі жыццё сваё мерае не пражытымі гадамі, а добрымі справамі.
Гады нашы, як узгорак, на які абавязкова трэба падняцца. З яго відаць далёка, што засталося ўнізе. Стоячы на гэтым пагорку, можна адшукаць адказ на самае цяжкое пытанне: «Для чаго чалавек жыве на зямлі?..»
У Зыгмунда Кетрыса адказ гэты знойдзены даўно. Развітваючыся з гаспадаром, я падумала, што кожны чалавек, як уласнае «я», носіць у сабе і боль, і радасць, і жаль за шчыльна зачыненымі дзвярыма, не выстаўляючы напаказ кожнаму сустрэчнаму. Хіба што часам крыху іх прыадчыніць. Можа, для таго, каб самому зазірнуць і ўпэўніцца: яны, гэтыя пачуцці, ёсць, яны жывуць разам з намі, унутры нас. І ад іх, як ад лёсу, нікуды не схаваешся.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.
Цікавы чалавек
І справу робіць патрэбную. А як ціха і спакойна, утульна і прыгожа ў гэтай вёсцы.
Гордимся нашим дедушкой!
А зимой какая там красота!!!!