Навагоднія цуды ва ўладаннях ААТ «Аграпрамтэхніка»

Культура

На вуліцы снег. Мяккі пух падае пад ногі, засцілае дамы, зямлю, машыны, людзей. Я ўпіраюся локцямі ў падваконне і ўглядаюся ў шэры прыцемак. Цуд ды і толькі — снег у снежні! А ў дзяцінстве яго прыход не здаваўся чароўным, хаця заўсёды быў жаданым. Яго абавязкова хацелася паспытаць: зняць з маленькай рукі «кусучую», звязаную мамай рукавічку, што матлялася на гумцы, і, зачарпнуўшы поўнымі прыгаршчамі, адправіць снег у рот. Мама заўсёды на гэта сварылася, аднак хто ж яе тады слухаў!

д.Буденовка ОАО Агропромтехника9

Снегу ў нашым дзяцінстве было шмат. Завея за ноч намятала гурбы, роўныя з плотам, і татаў шуфель штодня быў у рабоце. Вузкая сцежка вяла да калодзежа, загібалася ля дрывотні, тонкай ніткай цягнулася ў хлеў, затым да будкі, з якой ляніва пацягваючыся, вылазіў Палкан і пра якога, як мне тады здавалася, дзед казаў, што добры гаспадар у такую пагоду сабаку з хаты не выгане. Сцяжынка ад нашай хаты да фермы пазначалася лапкамі ельніку: па ўтаптаным снезе ісці было лягчэй, аднак мы, дзеці, лёгкага шляху не шукалі. Гразлі па самыя «пахі» ў друзлых суметах, набіралі снегу ў валёнкі, але цягнулі за сабой санкі на горку ці прабіраліся да крыніцы. Там расчышчалі ад снегу ледзяное люстэрка, у якім адлюстроўваліся невялічкія рыбінкі з чырвонымі плаўнікамі, і ганялі, ажно пакуль бачылі ў змроку бляшаную баначку з-пад ваксы, у хакей. Мне, як самай меньшай, часта прыходзілася стаяць на варотах. Можа, пагэтаму я заўсёды мерзла ў рукі. Дома сястра сцягвала ўкарчэлыя рукавіцы з нерухомых пальцаў і палівала іх цёплай вадой. Я заходзілася плачам ад болю і, хліпаючы, адпраўлялася на печ. Там сваю крыўду на сястру, якая палохала мяне ампутацыяй верхніх канечнасцей, я дзяліла з катом…

д.Буденовка ОАО Агропромтехника10

Калі падае снег, заўсёды ўспамінаю дзяцінства, думаю аб чымсьці блізкім і родным, дарагім: пра маму, тату, дзеда, які загадкава ўсміхаўся і ніколі на нас з сястрой не крычаў, што б мы не зрабілі. Хочацца ўспамінаць смак таго снегу, з дзяцінства, які не сцёрся з гадамі. Успамінаць сябе, наіўную і непаседлівую. Падлеткам мне здавалася, што разам са смакам снегу я зразумела жыццё, людзей, іх мары і думкі. З узростам я перастала верыць у Дзеда Мароза, аднак прывычка заглядваць пад навагоднюю ёлку ўсё ж такі засталася. Як прыемна, калі там акажацца падарунак. Хай не той, які хочацца, драбяза, але такая цёплая і дарагая!

д.Буденовка ОАО Агропромтехника8

д.Буденовка ОАО Агропромтехника5

д.Буденовка ОАО Агропромтехника4

Усе мы жадаем, каб спраўдзіліся нашы мары. Аднак калі дзеці вераць у цуд і нават пішуць пісьмы казачным персанажам, то у дарослых вера ў цуд знікае, растае, як той снег у цёплай руцэ. Жыццёвы досвед прыносіць свае плады. Але ў душы, дзесьці на самым яе дне, усё яшчэ жыве вера, хаваецца, як маленькі вугельчык сярод шэрага попелу.

Мы ўжо дарослыя. Мы многае перажылі і пабачылі. Мы — другія, без юнацкіх ілюзій і наіўнасці. Мы ўжо не пабяжым па снежных гурбах і не будзем коўзацца на лядзянцы, пакуль мама не пагоніць нас дамоў.

Мы будзем моўчкі пазіраць на снег, які злучае неба з зямлёй. А ў гэты час жыццё падкіне нам чарговы цуд, размалюе нашу будзённасць чароўнымі фарбамі, варта толькі прыпыніцца і азірнуцца наўкол.

IMG_6158

Звычайны рабочы дзень. Шараговае рэдактарскае заданне. Едзем на мерапрыемства ў Будзёнаўскую бібліятэку. Выходзім з аўтамабіля і, не паверыце, бачым на гарадскім аўтобусе казачнага аленя, запрэжанага ў сані. Не паспелі мы падзівіцца на гэты цуд, як закукарэкаў дзесьці паблізу певень. Гэты фарсісты прыгажун — галоўны герой 2017 года — важна аглядвае ўладанні ААТ «Аграпрамтэхніка», ходзіць паміж прыгожых туй разам са сваёй суседкай-малпай, з якой развітаецца зусім скора. Як нам патлумачылі ў бібліятэцы, гэта казачнае царства штогод «адчыняе» на тэрыторыі сваёй арганізацыі разам з падначаленымі яе дырэктар Генрых Браніслававіч Бубен. «Прыедзьце сюды вечарам, калі запальваецца святочная ілюмінацыя, яшчэ і не такое пабачыце,» — дадалі напрыканцы мясцовыя жыхары. — «Гэтых агеньчыкаў і казачных герояў перад святам мы заўсёды чакаем. Яны паднімаюць настрой і дораць надзею на лепшае».

IMG_6160

Вось і паспрабуй сказаць, што цудаў перад Новым годам не бывае. Гэта проста мы іх не хочам заўважаць. А яшчэ мы з усіх бакоў чуем і чытаем, што людзі змяніліся і час ужо не той. Народ стаў злым, кожны думае толькі пра сябе… Але ж і мы частка гэтага народу.  І ад нас залежыць, ці будзе гэта шэрае жыццё падкідваць падарункі, адхіляючы звыклыя расклады і схемы.

Усе мы розныя. Розныя таму, што не заўсёды думаем аб тым, што жыццё чалавечае кароткае. А калі і думаем, то з нейкай крыўдай, горыччу і злосцю. Але ж наўкол не ўсё так дрэнна. Людзі прадаўжаюць верыць у лепшае і многае для гэтага робяць.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *