Жупранская школа адзначыла 80-гадовы юбілей

Культура

Кажуць, узрост чалавека вызначаецца не гадамі, якія падсумоўвае бязлітасны пашпарт, а станам душы і ўнутраным самаадчуваннем. Што тады, як не атмасфера бесклапотнага дзяцінства і пранізанага пачуццямі юнацтва, сведчыць аб узросце школы?! Нашай роднай Жупранскай школы, якая адзначыла нядаўна свой 80-гадовы юбілей.

IMG_5297

І няхай сабе яе сцены даўно пакінулі першыя выпускнікі, і няхай на іх скронях блішчыць сівізна, на змену ім, колішнім гарэзам, прыйшлі спачатку іх дзеці, а потым — унукі і праўнукі. Гэта бясконцы кругазварот, дзякуючы якому школа жыве, дыхае, хвалюецца, адзначае святы і перамогі і заўсёды застаецца… маладой.

IMG_5314

Жупранская сярэдняя школа бярэ адлік са снежня 1936 года, калі мясцовыя  вучні і настаўнікі справілі наваселле. Ужо мала хто памятае, што некалі школа размяшчалася ў трох драўляных будынках, якія па выгодах далёка адстаюць ад сучаснага. Сённяшнія вучні не хочуць верыць, што ўсяго дзясяткі два гадоў таму ўжо ў новай школе (была ўзведзена яна ў 1976 годзе) пад столлю віселі імправізаваныя «акварыумы» — па цыраце ў вёдры сцякала вада, а зімой на занятках часам прыходзілася сядзець у верхняй вопратцы і зімовым абутку. Але гэтыя абставіны не мяшалі дзецям атрымліваць трывалыя веды, а настаўнікам — выхоўваць годных выпускнікоў.

IMG_5291

За восем дзесяцігоддзяў Жупранская сярэдняя школа выпусціла 1340 юнакоў і дзяўчат, 40 з якіх скончылі яе з залатым медалём. Сярод выпускнікоў-выдатнікаў, якімі ганарыцца школа, — беларускі вучоны, кандыдат гістарычных навук Браніслаў Загорскі, вучоны сакратар Нацыянальна-адукацыйнага цэнтра імя Ф. Скарыны Баляслаў Харкевіч, выдатнік народнай адукацыі БССР Сафія Кавалёнак, народны ўмелец Часлаў Сухадольскі, майстар спорту па шматбор’і Віктар Кетрыс, навуковы супрацоўнік Парка высокіх тэхналогій Андрэй Загорскі, святары Леанард Станкоўскі і Віктар Гайдукевіч…

А колькі тых, каму галоўную адзнаку паставіла жыццё!? Настаўнікі і ўрачы, бухгалтары і юрысты, аграномы і заатэхнікі, праваахоўнікі і выратавальнікі, прадаўцы і даяркі, хлебаробы і ветурачы… Усе яны, выпускнікі Жупранскай сярэдняй школы, пачыналі з буквара, з якім знаёміла малечу першая настаўніца ці… настаўнік. Так, гэта цяпер у адукацыі жаночы твар. А калісьці, не аднойчы адзначалі падчас святочнай імпрэзы, толькі ў Жупранскай школе працавала восем настаўнікаў. Яны не толькі неслі веды, але і падстаўлялі сваё надзейнае плячо.

IMG_5353

— Канешне, клопатаў у школе заўсёды хапала, — падзялілася сваімі ўспамінамі Сафія Іосіфаўна Кавалёнак, якая з 1974 года працавала тут, а з 1986 па 2012 год узначальвала ўстанову. — Шмат намаганняў прыйшлося прыкласці тагачаснаму дырэктару Міхаілу Іосіфавічу Крайнову, каб пабудаваць новую школу. У 1976 годзе мы нарэшце пераехалі. Усё было проста: пабеленыя сцены, зялёныя падлогі, у будынку прышкольнага інтэрната размясціўся музей. Многае прыходзілася рабіць сваімі сіламі, і тут на дапамогу заўсёды прыходзілі мужчыны-настаўнікі.

Няпросты «перастроечны перыяд» на долю калектыву выпаў і ў 2007 годзе. Падчас будаўніцтва аграгарадка сур’ёзная рэканструкцыя закранула і Жупранскую школу. Менавіта дзякуючы такому капітальнаму рамонту зараз гэта прыгожая, утульная і сучасная ўстанова адукацыі.

І ўсё ж не сцены вызначаюць і вызначалі школу, а яе вучні і настаўнікі. Тыя, каму давялося працаваць у далёкія перадваенныя гады (Соф’я Шунейка, Юзаф Плескачэўскі, Наталля Кавалеўская), пасля Вялікай Перамогі (Ганна Палашчанка, Альфонс Бязлюдаў, Марыя Бязлюдава, Раіса Раманенка, Галіна Кадырка) і пазней, а таксама тыя, хто вызначае яе твар сёння.

— А гэта 105 вучняў і 23 педагогі, — адзначыла дырэктар школы Кацярына Аляксандраўна Астрамовіч. — А яшчэ гэта клапатлівыя бацькі, адказны тэхперсанал.

IMG_5349

Заставацца сучаснай, прыгожай і інтэлектуальнай установай адукацыі школе дапамагаюць таксама нашы справы. Жупранская школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай, ужо трэці год мы рыхтуем будучых прадпрымальнікаў, развіваем даследчую работу, якой кіруе Людміла Станіславаўна Юхневіч, — спынілася на некаторых момантах школьнага жыцця Кацярына Аляксандраўна.

Высокі прафесіяналізм жупранскіх настаўнікаў адзначыла падчас віншавання начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, якая ўручыла педагогам заслужаныя ўзнагароды. Са словамі падзякі і падарункамі завіталі на юбілей намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Тамара Сахарчук, старшыня Жупранскага сельвыканкама Андрэй Клышэўскі, былы дырэктар школы Аляксей Бабраўніцкі. Ад імя прафкама КСУП «Кракоўка» павіншавала калектыў і Міра Яркевіч.

Шмат шчырых і сардэчных слоў прагучала ў гэты вечар у адрас настаўнікаў: ветэранаў педагагічнай працы Марыі Іванаўны Талочка, Марыі Канстанцінаўны Гарлуковіч, Васіля Фёдаравіча Іванова, Таццяны Дзмітрыеўны Расіцан, Пятра Валяр’янавіча Шаколы… Дзясяткі гадоў служылі сваёй высакароднай справе Надзея Іванаўна Ліпская, Таццяна Аляксандраўна Шафаловіч, Алена Аляксандраўна Сокалава, Надзея Мікалаеўна Іванова, Эдуард Станіслававіч Субач… Не забыты ў школе імёны тых, хто больш ніколі не зойдзе ў клас, аднак хто пакінуў свой добры след: Ганна Іосіфаўна Сантоцкая, Канстанцін Аляксеевіч Кадырка, Тадэвуш Іосіфавіч Станулевіч, Ларыса Станіславаўна Пількоўская, Фёдар Васільевіч Пількоўскі, Фёдар Цітавіч Іваноў, Уладзімір Сямёнавіч Сокалаў, Уладзімір Францавіч Шымановіч…

IMG_5380

У памяць аб настаўніках і выпускніках школы, якія пайшлі з жыцця, была запалена сімвалічная зорка «Памяць». Дарэчы, на працягу вечара загарэліся таксама зоркі «Мудрасць», «Дружба», «Веды», «Вернасць», «Дзяцінства» і «Надзея», як складнікі дружнай школьнай сям’і, як яе асноўныя пастулаты.

У юбілейны вечар у любові да сваёй школы прызнаваліся дзеці, якія чыталі вершы, кружылі ў вальсе, радавалі прысутных музыкальнымі кампазіцыямі і вясёлымі інсцэніроўкамі, настаўнікі, у выкананні якіх прагучаў вядомы хіт 70-х «Надежда», выпускнікі, якія дзяліліся сваімі ўспамінамі, а пасля заканчэння святочнай праграмы яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца.

З прыгожай датай павіншаваў родную школу яе выпускнік, рэгіянальны настаяцель Супольнасці Святога Францыска Сальскага ў Беларусі Віктар Гайдукевіч, да якога далучыліся не толькі прысутныя ў зале, але і тыя выпускнікі, якім абставіны не дазволілі прыехаць, але для якіх у сэрцы школы заўсёды будзе месца.

Прыемна, што пэўнае дачыненне да гэтага свята маю і я. Менавіта сюды я прыйшла ў першы клас, дзе мы, ружовашчокія ўчарашнія дзетсадаўцы лавілі кожнае слова Ганны Іосіфаўны Сантоцкай. Менавіта з гэтых сцен мы разам з шаснаццаццю аднакласнікамі адправіліся ў дарослае жыццё. У той год Жупранская школа выпусціла 9  (!) медалістаў: 7 — з залатым медалём, 2 — з сярэбраным. Так, былі сярод нас выдатнікі, алімпіяднікі, былі спартсмены, якія бралі высокія старты з Уладзімірам Сямёнавічам Сокалавым, былі артысты і музыканты… Ці было з намі лёгка? Пра гэта лепш ведаюць настаўнікі і наш класны кіраўнік Тэрэса Казіміраўна Басацкая. Але, мабыць, галоўнае, што ўсе мы сталі годнымі людзьмі, спецыялістамі, прафесіяналамі ў сваёй сферы, якія не зніклі ў вірлівай плыні жыцця. Дзякуй табе за гэта, родная Жупранская школа, і вам, дарагія настаўнікі.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *