«За гонар роднай школы!»

Главное

Вось ужо другі год установы адукацыі раёна збіраюцца разам, каб адзначыць свята, якое стала адным з важнейшых у школьным жыцці побач з Днём настаўніка, сустрэчамі з выпускнікамі, першым і апошнім школьным званком.  “За гонар школы!” – так  называецца зусім яшчэ маладое, бо існуе ўсяго толькі два гады, аднак ужо паспеўшае зарэкамендаваць сябе свята, якое ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі настаўніцтва Ашмяншчыны, з’яднала розныя пакаленні вучняў і педагогаў, стала важкім элементам у выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму,   пачуцця  гонару за сваю школу, якая стала сапраўды другім домам для дзяцей і настаўнікаў Ашмянскага раёна.

У мінулым годзе навучальныя ўстановы  на свяце-конкурсе прадстаўлялі свае гімны  і гербы. Сёлета яны прэзентавалі школьныя газеты і самі ўстановы. У свяце прынялі ўдзел 22 установы адукацыі. Усе яны сабраліся ў сярэдняй школе №1, каб паказаць свае здольнасці і таленты, расказаць аб  дасягненнях і пазнаёміць са   слаўнай гісторыяй. У фае школы былі прадстаўлены газеты, а таксама буклеты і іншая друкаваная прадукцыя, якая расказвала аб сістэме адукацыі раёна. Адразу ж кідалася ў вочы газета Жупранскай школы ў выглядзе кветкі, кожны пялёстак якой нёс у сабе шмат каштоўнай інфармацыі. Дарэчы, гэта выданне і было прызнана лепшым. Журы адзінадушна прысудзіла школе Гран-пры. Першае месца ў конкурсе газет было аддадзена гімназіі №1 і СШ №1. Гродзіеўская базавая школа заняла другое месца, Доргішская базавая – трэцяе. Пры гэтым трэба адзначыць, што ўсе школы падышлі да конкурсу творча. Былі тут і класічныя  насценныя газеты, якія выпускалі яшчэ нашы бацькі, будучы вучнямі, і сучасныя электронныя выданні, якім,  магчыма, будзе аддадзены прыярытэт у будучым, і газеты, якія ні ў якім разе нельга назваць перыядычнымі выданнямі, аднак, нягледзячы на форму, усе яны змаглі данесці да нас сваю гісторыю,  шматгадовую, багатую падзеямі і людзьмі.

Творчае прадстаўленне доўжылася амаль чатыры гадзіны. Аднак нікому не хацелася пакідаць утульнай  залы, бо і на самой справе было цікава паслухаць гісторыю навучальных устаноў, даведацца аб лёсе выпускнікоў, якіх жыццё параскідала ў розныя бакі свету, аднак, нягледзячы ні на што, яны памятаюць адрас шчаслівага дзяцінства і па магчымасці наведваюцца ў мілы сэрцу куток. Глыбінёй і насычанасцю гістарычнымі фактамі выдзяляліся сярод іншых выступленні педагогаў і вучняў Гальшанскай гімназіі і Барунскага ясляў-сада-сярэдняй школы. Асаблівым лірызмам адрозніваліся прадстаўленні Навасёлкаўскага НПК і СШ №1, а  таксама Анжадаўскай базавай школы – адной з самых аддаленых і маленькіх школ раёна. Нестандартны падыход, артыстызм і творчыя здольнасці праявілі ў сваіх выступленнях вучні і настаўнікі СШ №3 і Клявіцкай БШ. Тонкім пачуццём гумару выдзялялася Кальчунская школа. Высокае вакальнае майстэрства праявілі вучні школы-інтэрната і Гродзіеўскай базавай школы. У цікавай форме расказалі аб сваіх установах адукацыі цэнтр пазашкольнай работы, СШ №2, гімназія горада,  Жупранская і Дакурнішская СШ, Мураванаашмянкоўскі, Цудзенішскі і Граўжышкоўскі НПК, Павяжская БШ. З асаблівым пачуццём гонару за родную школу і яе выпускнікоў выступіў калектыў Крэйванцаўскай школы. Аб дружнасці і згуртаванасці калектываў сведчылі  сумесныя выступленні адміністрацыі школы, настаўнікаў і вучняў. Адстойваць гонар школы разам  выйшлі калектывы гімназіі №1, СШ №3, Дакурнішскай СШ, Мураванаашмянкоўскага НПК, Гродзіеўскай БШ, цэнтра пазашкольнай работы, Барунскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Кальчунскай СШ, Гальшанскай гімназіі, Цудзенішскага і Навасёлкаўскага  НПК.

Журы, у склад якога ўваходзілі акрамя работнікаў адукацыі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец,  начальнік аддзела культуры Галіна Балінская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы  Людміла Каханоўская, складана было вызначыць лепшых, аднак гэты момант настаў. Вядучыя свята дырэктар Доргішскай школы Аксана  Землякова і загадчыца сектара выхаваўчай работы і аховы правоў дзяцінства Ірына  Бразоўская выклікаюць на сцэну загадчыка аддзела адукацыі Наталлю  Кучынскую і загадчыка аддзела культуры Галіну  Балінскую, якія абвяшчаюць вынікі конкурсу-свята і ўзнагароджваюць пераможцаў і прызёраў. Адметнасць свята заключалася ў тым, што ўсе школы былі адзначаны дыпломамі і сталі пераможцамі ў пэўных намінацыях. Гран-пры атрымаў калектыў СШ №3, першае месца – Цудзенішскі НПК і Анжадаўская БШ, другое – СШ №2, Клявіцкая БШ і Барунскі яслі-сад-сярэдняя школа, трэцяе – гімназія №1, Граўжышкоўскі НПК і Кальчунская СШ.

У намінацыі “Прэзентацыя” перамога дасталася СШ №3 і гімназіі №1, другім стаў калектыў  Цудзенішскага НПК, трэцім – цэнтр пазашкольнай работы.

Акрамя дыпломаў за ўдзел у свяце “За гонар школы!”, на мерапрыемстве адбылося ўручэнне і іншых  узнагарод.  Старшыня раённай арганізацыі Гродзенскага аддзялення Беларускага фонду міру Іван Раманоўскі ўручыў грашовыя прэміі і граматы за высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці школьнікам Алегу Кузьміцкаму (СШ №2) і Алёне Буткевіч (СШ №3).  Начальнік аддзела ідэалагічнай работы Людміла Каханоўская падарыла вучням, якім споўнілася 16 год і якія атрымалі пашпарт, падарачны камплект Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Дыпломамі і  граматамі былі ўзнагароджаны пераможцы рэспубліканскіх і абласных прадметных алімпіяд, а таксама настаўнікі, якія рыхтавалі вучняў.

Падводзячы вынікі свята,  начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская падзякавала ўсім за сур’ёзную падрыхтоўку і дастойнае выступленне. Трэцяе раённае свята, якое адбудзецца праз год, стане вынікам штодзённай працы за гонар звацца школай узорнага  парадку і якасці. На працягу навучальнага года ў школах раёна пройдуць конкурсы “Лепшы дзённік”, “Лепшы журнал”, “Лепшы канспект урока” і  “Самы ўтульны клас”, а таксама раённыя конкурсы “Эстэтыка абедзеннай залы” і “Наша настаўніцкая”.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

На здымке: падчас правядзення свята “За гонар школы!”.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *