У Ашмянах прайшоў конкурс чытачоў польскай паэзіі

Культура

Разам з маленькімі сняжынкамі за акном, нібы балерыны, круціліся паэтычныя радкі. Лёгка падалі на плечы прысутных, далучалі іх да цудоўнага свету творчасці, а пасля закруцілі ў вальсе пад чароўныя мелодыі Шапэна. Сапраўды, паэзія робіць душы людзей лёгкімі і чулымі. Сёння ў шалёным свеце нам так часта не хапае месца для чароўнага…

IMG_2589

Добрай традыцыяй стаў раённы конкурс чытачоў польскай паэзіі. На мінулым тыдні прыхільнікаў і аматараў польскай мовы, літаратуры і культуры ён сабраў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. З кожным годам конкурс пашырае свае межы, жадаючых вывучаць польскую мову становіцца больш, бо валоданне замежнай мовай, веданне культуры суседняга народа робіць нас духоўна багатымі і адукаванымі людзьмі.

Сёлета  ў конкурсе прынялі ўдзел вучні 4-11 класаў  навучальных устаноў Ашмяншчыны — гімназіі №1, СШ №1, СШ №2, СШ №3, школы-інтэрната, Барунскага і Цудзенішскага ВПК.

У гэты цёплы, па-сапраўднаму ўтульны вечар гучалі не толькі класічныя творы, але і сучасныя вершы для дзяцей і моладзі. Сярод іх — паэтычныя радкі Адама Міцкевіча, Чэслава Мілаша, Юліяна Тувіма, Яна Бжэхвы, Хэлены Бэхлеровай, Яна Твардоўскага, Эдварда Стахуры і іншых польскіх творцаў.

IMG_2591

Юныя дэкламатары падарылі гледачам часцінку свайго сэрца і душы, прадэманстравалі свой выканальніцкі талент і літаратурныя здольнасці. Усе ўдзельнікі паказалі  добрае веданне польскай мовы і разуменне паэтычнага твора.

IMG_2571Натхнёна расказвалі вершы самыя маленькія ўдзельнікі конкурсу — Маргарыта Сарасек (ІІІ месца), Дамініка Шыдлоўская (ІІ месца), Паліна Пашкоўская (ІІ месца) і Вікторыя Лазарчык (І месца).

Данеслі меладычнасць польскай мовы і яе эмацыянальнасць Аляксандра Карнільчык (ІІІ месца), Дар’я Харэвіч (ІІ месца), Андрэй Хаткевіч (ІІ месца),  Аліна Людкоўская (ІІ месца), Ян Віткоўскі (І месца) і Матвей Пятроў (І месца).

З вуснаў старэйшых чытачоў Алены Лабачэўскай (ІІІ месца),  Вікторыі Дакурна (ІІІ месца), Дзмітрыя Аскіркі (ІІ месца), Марыі Ярафеевай (ІІ месца) і Сабіны Баяровіч (І месца) даносілася шмат кранальнай лірычнай і філасофскай  паэзіі.

Выступленне юных чытачоў ацэньвала журы — настаўнікі, якія  стараюцца прывіць любоў да польскай паэзіі, — Людміла Францаўна Багдановіч, Аліна Уладзіміраўна Івашка, Алена Іосіфаўна Лазарчык і Аліна Казіміраўна Мікліс. Яны падзякавалі школьнікам і адзначылі якасць падрыхтоўкі, выбраны рэпертуар, эмацыянальнасць і выразнасць чытання.

Час праляцеў незаўважна хутка. Выступоўцы змянялі адзін аднаго. Але адно засталося нязменным — радасць ад прыгажосці слова, мілагучнасці гукаў і голасу, творчая ўзнёсласць. Пераможцы —  Вікторыя Лазарчык (гімназія №1), Ян Віткоўскі (СШ №1) і Сабіна Баяровіч (Цудзенішскі ВПК) — адправяцца на абласны конкурс чытачоў польскай паэзіі імя Адама Міцкевіча, які хутка адбудзецца ў Гродне.

…Цёплы вечар скончыўся, усе разышліся, выключылі святло ў актавай зале. Праз маленькую шчыліну ў калідор прасочваўся невялікі прамень святла. Здавалася, сюды завітаў статны і сур’ёзны Адам Міцкевіч, каб пачытаць свае вершы нашчадкам і падзякаваць за тое, што яны захоўваюць багатую спадчыну беларускага і польскага народаў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *