Ашмянская школа-інтэрнат — вялікі ўтульны дом для дружнай сям’і

События

Ашмянская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — гэта не звычайная навучальная ўстанова, а вялікі ўтульны дом для дружнай сям’і, у якім пануе любоў. Тут даўно жыве дабро, працавітасць і творчасць, без якіх немагчыма падрыхтаваць дзетак, абдзеленых бацькоўскім цяплом і клопатам, да будучага самастойнага жыцця. Насамрэч, важна паказаць, якім цікавым і захапляльным яно можа быць, калі вучыцца і працаваць не пакладаючы рук.

IMG_3160

Замест бацькоў — настаўнікі і выхавацелі

Гісторыя школы-інтэрната пачынаецца з 1957 года. Ужо праз год установа адчыніла дзверы першым вучням. Сёння ў інтэрнаце жыве 68 дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі, дарэчы, двое з іх хутка адправяцца ў новыя сем’і. У сценах школы яшчэ шмат выхаванцаў, якія мараць знайсці бацькоў. Аб тых, хто ўсё ж такі застаецца тут, клапоцяцца шматлікія «мамы» і «таты» — выхавацелі і настаўнікі. Самі ж яны сціпла кажуць, што выхавацель — гэта не праца, а лад жыцця. Многія з педагогаў, якія прыйшлі ў школу-інтэрнат, засталіся ў ёй назаўжды, прысвяціўшы сябе важнай прафесіі. Гэтыя людзі аддаюць падапечным часцінку сваёй  душы і ведаў якія, нібы зерне, прарастаюць у галовах і сэрцах школьнікаў і дапамагаюць у будучыні атрымаць адукацыю, стаць годнымі людзьмі і стварыць сем’і, аб якіх яны так марылі.

У школе ёсць усе ўмовы  для навучання, выхавання і аздараўлення школьнікаў. Ашмянская школа-інтэрнат размяшчаецца ў некалькіх карпусах: навучальным, спальным і працоўным. Дзякуючы тонкаму псіхалагічнаму ўздзеянню з боку педагогаў, дзеці пачынаюць разумець важнасць той ці іншай справы, да якой далучаюцца, і адчуваюць, што яны патрэбныя. Так, многае ў школе створана рукамі дзяцей: рамкі для карцін і люстэркаў, паліцы і шафы, кашпо для вазонаў, карнізы на вокнах, нават адзенне яны шыюць і вяжуць самі, прычым якасць і выгляд не адрозніць ад фабрычных. Хаця не, адрозненне ёсць — тут кожная рэч зроблена  з душой.

Сувеніры і шпакоўні — гэта толькі пачатак

Школа-інтэрнат  — удзельнік міжнароднага праекта  «Школа-фабрыка». У асобным памяшканні на тэрыторыі ўстановы знаходзіцца дрэваапрацоўчы цэх, швейная і вязальная майстэрні, клас-цырульня. Пад кіраўніцтвам педагогаў выхаванцы вырабляюць ложкі, сталы, крэслы, шпакоўні, вяжуць, шыюць і вышываюць. Гатовая прадукцыя ідзе як на ўласныя патрэбы школы, так і на продаж. Школьнікі часта ўдзельнічаюць у кірмашах, фестывалях і выставах. Нават у сценах школы створана сапраўдная крама, у якой любы жадаючы можа набыць сабе што-небудзь — ад невялічкага сувеніра да драўлянай мэблі. У апошняй пакупнікоў прывабліваюць суадносіны таннага кошту і высокай якасці.

IMG_3131

Кіруе школай таленавіты, мэтанакіраваны і неабыякавы чалавек — Уладзімір Аляксандравіч Бізюк. Ён адзначае, што менавіта так фарміруецца асоба дзіцяці:

— У інтэрнаце дзіця спачатку павінна адаптавацца, каб адчуваць сябе ўпэўнена, як дома, быць паўнавартасным гаспадаром. Мы павінны выхаваць добрыя якасці ў дзіцяці, а пасля выпусціць у самастойнае жыццё.

Настаўнік працоўнага навучання Сяргей Яўгеньевіч Малышаў расказвае, што тут наладжана сапраўдная дрэваапрацоўчая вытворчасць — ад бервяна да гатовага вырабу. Самае цікавае, што вытворчасць гэта безадходная — з маленькіх дошак ці драўляных кавалкаў дзеці прыдумваюць і робяць іншыя вырабы і крэатыўныя сувеніры. Напрыклад, сёння пачэснае месца ў працоўным кабінеце займае макет з ветракамі, аэрасані з электраматорам, спецыяльныя шчыткі па тэхніцы бяспекі ў мініяцюры, вырабы ў беларускім стылі, шпакоўня на чатырнаццаць кватэр… Дарэчы, апілкі таксама не выкідваюць, а пастаўляюць у «Гіпіку». Дзеці не толькі засвойваюць новыя тэхнікі, але і выкарыстоўваюць незвычайныя матэрыялы для сваёй творчасці. Напрыклад, старой мэблі і непатрэбным рэчам  яны даюць другое жыццё.

— Здольнасці дзяцей праяўляюцца больш ярка тады, калі ты зможаш іх зацікавіць, — упэўнены настаўнік Сяргей Малышаў.

Педагагічны калектыў школы-інтэрната робіць усё дзеля таго, каб выхаванцы былі працавітымі, самастойнымі, маглі самі паляпшаць свой побыт. Дзеці, калі выходзяць са сцен школы, могуць самастойна рабіць вырабы з дрэва, вось адзін выпускнік сабе ў кватэру зрабіў кухню. Гледзячы на гэтых зацікаўленых педагогаў, разумееш, што, дзякуючы ім,  ідзе падрыхтоўка дзіцяці да самастойнага жыцця.

IMG_3116

У швейнай майстэрні таксама заўсёды кіпіць праца. Дзякуючы гасцінным і руплівым гаспадыням, тут пануе ўзорны парадак і з любоўю і майстэрствам створаная прыгажосць… На сталах стаяць швейныя машыны, складзена тканіна і ніткі, зроблена сапраўдная прымерачная… Дзяўчынкі адразу прыдумваюць эскіз, пасля распрацоўваюць тэхналогію стварэння вырабу — працуюць над сапраўдным праектам, у якім нават распісваюцца расходы на пашыў. Важна, каб на кожным кроку была сітуацыя, якая прыстасоўвае да самастойнага жыцця і вучыць быць спецыялістам у пэўнай сферы.

IMG_3152

У жаночым царстве чаго толькі няма! Фартухі, прыхваткі, сурвэткі, рушнікі,  абрусы, вязанае адзенне, сувеніры з бісеру. Пачэснае месца ў майстэрні займае манекен, апрануты ў модную школьную форму, якую дзеці прыдумалі самі. Пакуль распрацоўваецца поўны камплект адзення, спецыяльна для малодшых вучняў звязалі камізэлькі, якія сталі элементам школьнай формы.

Смак самастойнага жыцця — у кожнай справе

Як сапраўдны дом, школа-інтэрнат мае свой двор. І кожны куток гэтай вялікай тэрыторыі дапамагаюць упрыгожваць вучні. Нехта сваімі рукамі пабудаваў альтанку, нехта разбіў кветнік, нехта стварыў прыгожую кампазіцыю, а нехта прапанаваў цікавую ідэю, якую ўсе падтрымалі. Тут знайшлі ўвасабленне нават самыя незвычайныя ідэі драўляных, цагляных і іншых кампазіцый.

Акрамя таго, дзеці і педагогі займаюцца добраўпарадкаваннем невялікай рачулкі, што працякае каля тэрыторыі школы, даглядаюць школьны сад і працуюць на гародзе.

Дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Бізюк расказвае, што тут вучаць дзяцей працаваць у калектыве, таму яны стараюцца рабіць усё разам, паказваюць уласны прыклад. Вучні дапамагалі рабіць рамонт памяшканняў школы і ўладкоўваць свой спальны корпус. Можа, менавіта таму вучэбныя класы непадобныя адзін да аднаго. Пачэснае месца ў кожным кабінеце займаюць драўляныя паліцы, шафы і нават кашпо для кветак, канешне ж, зробленыя сваімі рукамі.

— Асаблівасць школы і яе галоўнае правіла — у нас прынята ўсё рабіць самім, — падкрэслівае дырэктар.

Падчас экскурсіі па карпусах школы-інтэрната Уладзімір Бізюк расказаў, што важна стварыць у кожным дзіцячым пакоі хатнюю ўтульнасць. Спальныя пакоі, гасціныя, кухні — тут усё як у звычайных дамах. Сцены ўпрыгожваюць карціны беларускіх творцаў, якія пасля аднаго з пленэраў падарылі школе.

Дзіцячыя ложкі ўпрыгожваюць зробленыя самастойна коўдры, вокны — шторы ручной працы. Мноства кніг на розны ўзрост і густ прывабліваюць погляд на паліцах у гасцінай. У кухонных шафах — вялікая колькасць шклянога посуду не толькі з крупамі, але і з рознымі лекавымі зборамі — абляпіхай, шыпшынай, барбарысам, зверабоем і іншымі. Праўда, гатуюць дзеці пад кіраўніцтвам дарослых, але паспытаць смак самастойнага жыцця яны таксама могуць.

Традыцыі са стажам

За час існавання ўстановы адукацыі навучэнцы і настаўнікі запісалі шмат слаўных старонак у яе гісторыю. Напэўна, яшчэ больш цікавых падзей і дасягненняў чакае ў будучыні.

Сёння тут створаны ўмовы не толькі для аздараўлення (трэнажорная і спартыўная залы) і навучання, але і для ўсебаковага развіцця. Заняткі творчасцю і спортам дапамагаюць духоўна і фізічна ўдасканальвацца, знаходзіць упэўненасць у сабе. Менавіта таму, выхавацелі ў адзін голас кажуць, што трэба жыць у рытме часу, знаходзіць шляхі да сэрца кожнага навучэнца.

IMG_3106

У школе-інтэрнаце захоўваюць слаўныя традыцыі і гісторыю. Ва ўстанове адукацыі некалькі музеяў — этнаграфічны, музей гісторыі, электра- і радыёпрыбораў, выставачная зала.  У музеі гісторыі пачэснае месца займаюць стэнды, прысвечаныя цікавым вучням і таленавітым выпускнікам.

Візітоўкай установы з’яўляецца ўзорны хор «Пралеска», якім некалькі дзясяткаў гадоў кіруе настаўнік вышэйшай катэгорыі  Вольга Пятроўна Емяльянава. Хор рэгулярна  выступае на сцэне Белдзяржфілармоніі. Рэпертуар «Пралескі» складаецца з твораў класічнай, народнай і папулярнай музыкі.

Выпускнікі школы-інтэрната калісьці пакінуць свой дом. І, як бы ні склаўся іх лёс, хочацца верыць, што яны з цеплынёй будуць успамінаць час, праведзены тут, не згубяць сувязі з людзьмі, якія замянілі ім бацькоў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы Муцянскай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *