Засмечаная памяць. Нягледзячы на наяўнасць кантэйнераў, смецце на могілках выкідваецца дзе ўздумаецца

Общество

У асяродку мастакоў ходзіць гісторыя пра італьянскага скульптара Данатэла і яго вучня. Малады чалавек, назіраючы за тым, як старанна майстар абрабляе заднюю частку мрамарнай фігуры, заўважыў, што не трэба так старацца. Скульптура будзе стаяць у нішы,  і ніхто ніколі гэту заднюю частку не ўбачыць. Данатэла спахмурнеў і сказаў, што яе ўбачыць Бог і дрэнная работа яму не спадабаецца.

З таго часу, канешне, прайшло больш пяці стагоддзяў, і мы ўжо не верым, што Бог усё бачыць. Не верым, хаця і ў храм кожную нядзелю ходзім, і свечкі ставім, і нават Біблію можам працыціраваць.

IMG_1530

Наша бязвер’е можна пацвердзіць рознымі прыкладамі з жыцця, але свае паводзіны мы навучыліся так умела вуаліраваць, спісваючы элементарныя глухату, слепату і бескультур’е на іншых, што нават і Усявышні можа ўсумніцца ў нашай грэшнасці.

Адзін з такіх прыкладаў прывяла нам жыхарка аграгарадка Жупраны, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю напярэдадні восеньскіх Дзядоў — дня памінання памерлых продкаў. Традыцыйна хрысціяне прыбіраюць да гэтага свята могілкі. Наведаўшы вясковы пагост, жанчыне прыйшлося вынесці больш за чатыры мяшкі чужога смецця, выкінутага пад дрэва якраз ля самай магілы яе бацькоў. І гэта не ў першы раз. Летась пад гэтым дрэвам апынуліся рэшткі бетону, старой агароджы і каляровага шчэбеню: непадалёку на адну з магіл быў усталяваны новы помнік і добраўпарадкавана тэрыторыя наўкол. Жанчына адразу ж здагадалася, адкуль ногі растуць у смецця, аднак не злоўлены — не злодзей, тым больш, што «такія паважаныя інтэлігентныя людзі» гэта зрабілі, што язык не паварочваўся сказаць ім усё, што думалася.

IMG_1440

Могілкі ў аграгарадку Жупраны знаходзяцца на абслугоўванні РУП ЖКГ. Аб тым, як арганізаваны з іх вываз смецця, запыталіся ў начальніка ўчастка санітарнай ачысткі, добраўпарадкавання і азелянення горада Аляксандра Клушэўскага і, шчыра прызнацца, былі засмучаны прыкладамі, прыведзенымі нашым суразмоўцам. Ашмянскія камунальнікі абслугоўваюць дзевяць могілкаў: тры — у горадзе і 6 — у аграгарадках. Вывозіцца смецце раз на тыдзень, у некоторых выпадках — нават па тры разы (двойчы прыходзіць смеццявоз і адзін раз — трактар). Практычна на ўсіх месцах пахаванняў зроблены спецыяльныя пляцоўкі пад кантэйнеры. У Крэйванцах, дзе невялікая тэрыторыя, адведзена месца пад часовае складванне адыходаў. А, напрыклад, у Гальшанах і Жупранах кантэйнеры пастаўлены па ўсім перыметры пахаванняў. Вакол гальшанскіх могілкаў стаіць ажно 11 кантэйнераў, аднак гэта не перашкаджае родным памерлых звальваць смецце дзе ўздумаецца, аргументуючы гэта тым, што далёка насіць адыходы да спецыяльна адведзеных месцаў. Часта можна бачыць, што смецце ляжыць побач з кантэйнерамі, нягледзячы на тое, што самі ёмкасці  пустыя. Сметнік за агароджай могілак зрабілі людзі ў Барунах. На невялічкіх могілках  па вуліцы Якуба Коласа ў горадзе, дзе да  кантэйнераў трэба прайсці ўсяго некалькі метраў, таксама часта ляжыць гара адыходаў — якраз ў самай арцы-ўваходзе.

IMG_1614

Цяжка растлумачыць такія паводзіны людзей. Разумееш, чаму злуюцца і раздражняюцца камунальнікі. Пры гэтым Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў многіх вёсках людзі дружна выходзяць на суботнікі: прыбіраюць магілы сваякоў і тыя пахаванні, аб якіх няма каму паклапаціцца, і смеццю знаходзяць належнае месца. Добра арганізавана ў гэтым накірунку работа ў Крэйванцаўскім, Мураванаашмянкоўскім і Граўжышкоўскім сельсаветах.

IMG_1524
в. Антаны, Крэйванцаўскі сельсавет

Якое выйсце знайсці ў вышэйзгаданай сітуацыі. Алякандр Клушэўскі лічыць, што больш цесна з людзьмі павінны працаваць і мясцовыя ўлады, і святары. Можа, у гэтым і ёсць рацыя.

Дзесьці пяць-шэсць год назад настаяцель невялічкай царквы на Лідчыне айцец Віктар на службе сказаў, што ні за якімі шыкоўнымі і велізарнымі помнікамі мы не схаваем сваё бескультур’е, а таксама не загладзім сваёй віны перад роднымі, на якіх не звярталі ўвагі пры жыцці… Бог усё бачыць.

Аліна САНЮК.

На здымках: падчас аб’езду могілкаў убачылі мы і добрыя прыклады (в. Антаны, Крэйванцаўскі сельсавет).

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *