У Ашмянах прайшоў заключны этап міжнароднага харавога форуму «Памяць сэрца»

Культура События

Днямі у Ашмянах прайшоў заключны этап міжнароднага харавога форуму, які называўся “Памяць сэрца”. На гэты раз усе творы былі прысвечаны нашым дарагім настаўнікам, якія шмат рабілі і робяць для эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Такая значная для культурнага жыцця Ашмяншчыны падзея змагла адбыцца дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнароднаму грамадскаму маладзёжнаму харавому аб’яднанню “Камертон”, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускай дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Р. Шырмы, Ашмянскаму раённаму выканаўчаму камітэту і Ашмянскай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнату.

Шчодрая на таленты ашмянская сцэна у той дзень прымала дзіцячыя харавыя калектывы з вакальнымі ансамблямі і салістамі не толькі з беларускай сталіцы, але і з горада Жалезнадарожны і з Жукоўскага (Расія).

Вядучы гала-канцэрта, рэжысёр і аўтар грандыёзнага праекта Уладзімір Лой выказаў словы падзякі дырэктару школы-інтэрната Уладзіміру Бізюку і мастацкаму кіраўніку узорнага дзіцячага хору “Пралескі” Вользе Емельянавай, дзякуючы сяброўству з якімі і таленавітыя дзеці, і кіраўнікі харавых калектываў змаглі прыехаць у Ашмяны яшчэ раз.

Пад дахам раённага Дома культуры гучалі творы як беларускіх і расійскіх кампазітараў, так і музычныя кампазіцыі на англійскай мове. Разам з узорным дзіцячым хорам “Пралескі” Ашмянскай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, якім плённа на працягу многіх гадоў кіруе Вольга Емельянава, на сцэну падымаліся мастацкія калектывы – лаўрэаты міжнародных, усесаюзных, усерасійскіх, рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў.

Пад бурныя авацыі ўдзячных ашмянскіх гледачоў і гасцей форуму гучалі песні ў выкананні нашых расійскіх сяброў – народнага калектыву “Дзіцячая харавая студыя “Пионерия” (мастацкі кіраўнік і дырыжор Алена Верамеенка) з г. Жалезнадарожны, узорнага дзіцячага хору музычных класаў агульнаадукацыйнай школы № 6 (мастацкі кіраўнік і дырыжор Таццяна Куранёва) з Жукоўскага.

Вялікі запал аптымізму і цэлы букет самых цёплых пачуццяў падаравалі аматарам “жывога голасу” і нашы мінскія сябры. Разнастайныя па свайму складу песенныя кампазіцыі на розных мовах прагучалі ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў, узорнага дзіцячага хору “Пунсовыя ветразі” дзіцячай музычнай школы № 2 імя М.І. Аладава (мастацкі кіраўнік і дырыжор Уладзімір Лой), узорнага дзіцячага хору “Ветрык” школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік і дырыжор Вольга Дабравольская) і вакальнага ансамбля “Piccoli” дзіцячай музычнай школы № 7 пад кіраўніцтвам Таццяны Юхневіч.

Словы ўдзячнасці ад ашмянцаў за грандыёзны гала-канцэрт выказаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец. Каштоўныя сувеніры ў напамін аб выступленні на ашмянскай зямлі ён ўручыў таленавітым і адданым музыцы кіраўнікам калектываў.

Нашы “Пралескі” таксама не засталіся без памятных прэзэнтаў. Акрамя шматлікіх падарункаў і сувеніраў ад мінскіх і расійскіх калег, якія атрымалі на добрую памяць таленавітыя спевакі, хор быў узнагароджаны дыпломам удзельніка харавога форуму “Памяць сэрца”. Завяршылася канцэртная праграма выкананнем песень пра дзвюх сясцёр – Беларусь і Расію.

Заснавальнікі міжнароднага харавога форуму “Памяць сэрца” выказваюць шчырую падзяку старшыні райвыканкама Юрыю Адамчыку, дырэктару ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Тамары Філіповіч, дырэктару СШ №2 Наталлі Галашэўскай і дырэктару раённага Дома культуры Валянціне Міхалоўскай.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

2 комментария по теме “У Ашмянах прайшоў заключны этап міжнароднага харавога форуму «Памяць сэрца»

  1. А чаму этап — завяршаючы, а не заключны?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *