Таццяна Тумановіч. За цялятамі догляд якасны

Общество

Малочнатаварная ферма “Навасёлкі” СВК “Ашмянскі світанак”  – адзін з флагманаў ашмянскай малочнай жывёлагадоўлі. Належны стан работы, добрая арганізацыя працы забяспечваюць стабільны вынік штомесяц.

IMG_7268

Менавіта тут працуе Таццяна Тумановіч. Яна ў гаспадарцы ўжо десяць год. Таццяна Адольфаўна спачатку была аператарам машыннага даення на ферме ў Гудзянятах, потым – тут, на новай ферме ў Навасёлках. Працавала з поўнай аддачай. З красавіка была пераведзена на групу раздоя цялятніцай. Работа не столькі цяжкая, як адказная.

Разам са сваімі калегамі Раісай Болзан і Таццянай Ксянзюк яны даглядаюць вялікі статак – сотні паўтары цялят, ёсць і каровы: сцельныя і новацельныя. Пра свае абавязкі Таццяна Адольфаўна кажа так: “Малых трэба паіць, а вялікіх – даіць”. Так, уважлівае стаўленне да кожнай жывёлы – гэта важны чыннік поспеху гаспадаркі: калі цяля малое, трэба даць малако, навесці парадак  у “доміку”; калі цялушка ці карова неўзабаве мусіць цяліцца – трэба пільнаваць; новацельную карову таксама трэба акружыць клопатам. З сямі раніцы да васьмі вечара шчыруюць працаўніцы, у начны час іх змяняюць вартаўнікі. Працуюць па два дні, затым маюць дзень адпачынку.

Муж Таццяны Тумановіч Алег Іванавіч – механізатар у навасёлкаўскай гаспадарцы. Радуюць дзеці: сын Арцём паступіў у Лідскі каледж, будзе майстрам у будаўнічай сферы, дачка Анастасія пакуль вучыцца ў 11 класе.

За поспехі ў галіне жывёлагадоўлі імя Таццяны Адольфаўны сёлета красуецца на раённай Дошцы гонару. Непасрэдны кіраўнік групы раздоя – памочнік начальніка па маладняку Рэгіна Іванашкіна падначаленымі задаволена: захавальнасць цялят амаль стопрацэнтная. Хваліць працаўніц і начальнік комплексу – Вольга Міцкевіч. Вольга Іванаўна сама не так даўно, у маі, стала кіраўніком малочнатаварнай фермы. Але як весці справы і як дамовіцца з людзьмі, ведае – да гэтага была тут памочнікам начальніка. Сёлетнія дзівацтвы прыроды калектыў комплексу не пужаюць, мяркуюць, што кармоў павінна хапіць. Кіраўніцтва гаспадаркі ставіцца да патрэб жывёлаводаў з разуменнем, бо ад прадукцыйнасці іх працы залежыць дабрабыт усяго сельгаскааператыва.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *