Віцэ-бурмістр Вільні з Ашмянскага павета

Культура

Даследуючы жыццё і дзейнасць вядомага марскога капітана Караля Альгерда Борхардта (1905-1986), у сваім пошуку выйшаў на яго айчыма Вітольда Чыжа. Адкрывалася новая цікавая краязнаўчая тэма, якую нельга было пакінуць без увагі. Звязаны многімі фактамі сваёй біяграфіі з Ашмянскім краем, ён пакінуў на пачатку мінулага стагоддзя значны след у беларускім руху, а пасля Першай сусветнай вайны сваёй гаспадарчай дзейнасцю спрыяў развіццю Вільні.

Партрэт віцэ-бурмістра Вільні Вітольда Чыжа
Партрэт віцэ-бурмістра Вільні Вітольда Чыжа

Нарадзіўся Вітольд Чыж 15 жніўня 1884 года ў шляхецкай сям’і ўладальнікаў фальварка Антонішкі Ашмянскага павета. На тэрыторыі павета на той час існавалі два населеныя пункты з такой назвай, каля Клявіцы і Стымоняў. Але толькі каля Стымоняў у Куцавіцкай вясковай акрузе паселішча вызначалася як фальварак. Недалёка ад яго знаходзіліся Багушэвічавы Кушляны. Мясцовы люд быў добра знаёмы з творчасцю пісьменніка. Адсюль прагледжваецца і цікавасць да беларускага слова і самаго В.Чыжа.

Пасля вучобы ў Ашмянскім павятовым вучылішчы і Варшаўскай гімназіі ён у 1905 годзе актыўна вядзе агітацыю супраць царызму. Яго тады можна было ўбачыць у Ашмянах і Жупранах, на станцыі Солы і ў маёнтку Навасёлкі. Як узгадваў адзін з тагачасных беларускіх дзеячаў, “у Ашмянскім павеце гудзела ад беларускіх рэвалюцыянераў Аляксандра Барановіча і Чыжа”. Напрыканцы 1905 года Вітольд быў арыштаваны і аддадзены пад суд. І хаця ў абвінаваўчым акце, які быў састаўлены 17 красавіка 1906 года, адзначалася: “Вітольд Чыж вінаватым сябе не прызнае, паясняючы, што ў час друкавання Высачайшага Маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 года ён яшчэ не ўваходзіў ні ў адну палітычную партыю… Будучы ворагам усялякага насілля і крыві, ён, маўляў, не толькі не падбухторваў да беспарадкаў, але, наадварот, імкнуўся ад падобнага стрымаць”. Але ўсё ж шляхціц Вітольд Станіслававіч Чыж быў абвінавачаны ў спробе звяржэння існуючага ў Расіі грамадскага ладу, правёў год у турме, пасля чаго з’ехаў у Львоў і паступіў у мясцовы палітэхнічны інстытут.

Захварэўшы на сухоты, лячыўся ў Закапанэ, дзе якраз лячылася беларуская паэтэса і грамадская дзеячка Алаіза Пашкевіч (Цётка). Не дзіўна, што Цётка ў той час сябравала з гэтым студэнтам Львоўскай палітэхнікі. На аснове жыцця і творчасці славутай паэткі з-пад пяра пісьменніцы Валянціны Коўтун у 1988 годзе выйшаў раман “Крыж міласэрнасці”. На старонках вострасюжэтнай кнігі ажывае шмат знакамітых людзей пераломнай эпохі, у тым ліку і Вітак Чыж.

Пасля заканчэння будаўнічага факультэта Львоўскага палітэхнічнага інстытута і атрымання дыплома інжынера В.Чыж нядоўга працуе на будаўніцтве электрастанцыі ў Варонежы, а потым прыязджае ў Вільню. Амаль адразу, па даручэнні рэдакцыі “Нашай нівы”, ён ад’язджае ў Кіеў, каб весці беларускі аддзел у польскамоўным часопісе ўкраінскага дзеяча Ліпінскага “Пшэглёнд краёвы”. Пасля закрыцця часопіса на пачатку 1910 года Чыж зноў вяртаецца ў Вільню і актыўна супрацоўнічае з “Нашай нівай”. Добра вядомы ў беларускіх колах пад псеўданімамі Альгерд Бульба, Чыж-Гідальга, Чыжык Ашмянскі, быў ён “літаратарам шырокага дыяпазону” — крытыкам, празаікам, аўтарам шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій на тэмы літаратуры, музыкі і тэатра. Гэта ён пераклаў на беларускую мову ў пачатку стагоддзя папулярныя апавяданні М.Ляскова, Р.Данілеўскага, Л.Андрэева, І.Гарбунова-Пасадава. У 1911 годзе падрыхтаваў і выдаў у Вільні брашуру “Колькі слоў аб дзявочай вопратцы ў Беларусі”, якая была станоўча ацэнена Вацлавам Ластоўскім.

Альгерд Бульба быў аўтарам першай рэцэнзіі на другі зборнік паэзіі Я. Купалы «Гусьляр».

Рэцэнзент выказаў глыбока аптымістычную веру ў вялікую будучыню Купалы як нацыянальнага паэта, адзначыўшы: “Ва ўласных самабытных творах Купала не мае роўных сабе… Веру, што далейшай самабытнай творчай працай Янка Купала зойме ў нас адно з першых месц”.

Працуючы ў Віленскім сельскагаспадарчым таварыстве, браў чынны ўдзел у рабоце арганізацыйнага камітэта і ў працы Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі, якая распачала сваю дзейнасць 1(14) верасня 1913 года ў Вільні. Сярод розных цікавасцей на выставе экспанаваліся спробы прыстасавання народных мастацкіх вырабаў для гарадскога быту. Выразным прыкладам гэтага былі альбомы з пераплётамі з самаробных вясковых тканін і занавескі на дзверы, прыбраныя арнаментаванымі паяскамі, якія выканаў Ян Еленскі. Вітольд Чыж змяніў сваё прозвішча на Я.Еленскі пасля ўцёкаў у 1906 годзе з вязніцы ў Ашмянах да Львова і канфіскацыі маёнтка Антонішкі. Верагодна, што такія экспанаты магла стварыць яго жонка Марына Борхардт-Чыж, якая раней працавала ў адным з магазінаў мод Парыжа і была добра знаёма з новымі мастацкімі тэндэнцыямі ў Еўропе.

Прыкладна ў гэты час В.Чыж паступова аддаляецца ад “Нашай нівы”, адыходзіць ад беларускага руху. У час Першай сусветнай вайны быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і вывезены ў лагер у Германію. Пасля вайны займаў розныя пасады ў адміністрацыі Вільні, з 1927-га па 1934 год з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам горада. Што цікава, калекцыя Віленскага мастацкага музея пачыналася з працы таленавітага заходнебеларускага мастака Кузьмы Чурылы “Партрэт віцэ-бурмістра Вільні Вітольда Чыжа”.

У міжваенны час у радзінных жончыных Журавах адбудоўваецца шыкоўны двухпавярховы сядзібны дом, які спраектаваў сябар В.Чыжа. Каля сядзібы высаджваецца вялікі сад, закладваецца маляўнічая алея да ўваходу ў сядзібу.

Трагічнай старонкай у біяграфіі Чыжа запісаны гады Другой сусветнай вайны. У чэрвені 1941 года разам з іншымі арыштаванымі віленскімі грамадска-культурнымі дзеячамі яго вывезлі ў лагер Рашоты ў Краснаярскі край. Потым В.Чыж з польскім войскам праз Ірак, Паўднёвую Афрыку трапляе ў Англію. У пасляваенны час вярнуўся ў Польшчу, жыў ва Уроцлаве, дзе і памёр 15 жніўня 1952 года.

Якія матэрыяльныя сведкі сёння захоўваюць памяць пра ўзгаданую асобу? Паселішча з назвай Антонішкі перастала існаваць у другой палове 20 стагоддзя, і толькі купка старых дрэў нагадвае пра былое жытло. Некалькі год таму, пасля закрыцця базавай школы, знікла сядзіба ў Журавах. У наш час толькі зарослая жураўская алея ў тым месцы, яшчэ па былой традыцыі ў старажылаў, захоўвае назву “Чыжовая дарога”. Па ініцыятыве віцэ-прэзідэнта Вільні Вітольда Чыжа з 1932 года ў Старым горадзе паступова вуліцы пачалі брукавацца клінкернай цэглай. Гэта высокатрывалая цёмна-чырвоная цэгла стварае адметны каларыт віленскіх вуліц, прыцягвае ўвагу неабыякавых да свайго мінулага людзей. Для ашмянцаў гэты клінкер цікавы тым, што нагадвае яшчэ пра адзін след нашага земляка.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



1 комментарий по теме “Віцэ-бурмістр Вільні з Ашмянскага павета

  1. Дзякуй аўтару за добры артыкул пра цікавага чалавека

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *