Заўтра Дзень ведаў!

Общество

Пах Першага верасня, здаецца, разліты ў паветры. Ён — паўсюль. Даносіцца з кветнікаў, якія стракацяць агністымі вяргінямі, прыгажунамі-гладыёлусамі, рознакаляровымі махрыстымі астрамі, жаўтавокімі аксаміткамі. У пажухлым лісці, якое нясе гарэза-вецер. У танюсенькіх, ледзь прыкметных нітачках павуціння, на якім уранку пераліваецца, грае ў сонечных промнях празрыстая раса. Асаблівы адбітак — у перадсвяточнай мітусні, якая адчуваецца ў крамах, на школьных кірмашах. Нарэшце, на заклапочаных тварах матуль і татаў, бабуль і дзядуляў, у прыветлівых усмешках дзяцей, якім ужо заўтра — распачынаць новы навучальны год.

IMG_5663

Для Кірыла, Вадзіма, Карыны і Ірыны Лукашэвічаў — ён першы ў жыцці. Яны ідуць у 1 «Г» клас сярэдняй школы №1. Чацвярня рыхтуецца да ўрачыстай лінейкі, Вадзім і Карына паўтараюць вершыкі, якія раздала дзецям настаўніца. З зайздрасцю пазіраюць на брата з сястрой Кірыл і Ірына — ім на гэты раз слоў не дасталося.

IMG_5633

— Да Першага верасня, — расказвае шчаслівая мама сонечнай чацвярні Марыя Міхайлаўна Лукашэвіч, — мы рыхтаваліся загадзя. Са снежня мінулага года пачалі купляць канцылярскія тавары. У пачатку жніўня выбралі адзенне, купілі партфелі. Дарэчы, кожны выбраў свой колер: Вадзім — сіняга, Карына — чырвонага, Ірына — жоўтага, Кірыл — зялёнага. Так будзе лягчэй арыентавацца, — усміхаецца маці.

Канешне, сёлетні Дзень ведаў для яе асаблівы. Марыя Міхаўлаўна, напэўна, хвалюецца, як ніхто — чацвёра яе крывіначак стануць вучнямі і пачнуць спасцігаць прамудрасці школьных дысцыплін. Поспехаў вам, дапытлівыя Карына, Ірына, Вадзім і Кірыл!

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *